Педагагічны дэбют

- 9:50Сацыяльны ракурс

Адзін з самых простых і зразумелых шляхоў, што вядуць да прафесіі педагога, — прыклад старэйшых членаў сям’і. Сярод першакурснікаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ёсць такія — прадаўжальнікі сямейных традыцый, якія выбралі прафесію, і засноўваючыся на ўласных схільнасцях, і гледзячы на маці, татаў, бабуль, дзядуляў і нават прабабуль і прадзядуляў.

Мінчанка Дар’я Шаройка паступіла сёлета на факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ, вучылася ў сярэдняй школе № 159.

— Мой прадзядуля Іван Агеевіч Дзялендзік скончыў Мінскі педагагічны інстытут у 1937 годзе, быў філолагам. Яго жонка, мая прабабуля, таксама была настаўніцай, падчас Вялікай Айчыннай вайны выкладала на Кубані замежную мову. Мае бабуля Надзея Цярэнцьеўна і дзядуля Якаў Акімавіч былі настаўнікамі-філолагамі. Тата, Аляксандр Якаўлевіч, — гісторык, скончыў у свой час Магілёўскі педагагічны інстытут, мама, Алена Міхайлаўна, была настаўніцай хіміі, заканчвала БДУ, абое працавалі ў адной з мінскіх школ.

Сама ж Дар’я вырашала стаць педагогам дашкольнай адукацыі, канчаткова вызначылася з выбарам да канца 10 класа. З бацькамі, канечне, раілася, хаця, зразумела, і дагэтуль шмат ведала пра педагагічную прафесію. А выхавальніцай вырашыла быць таму, што заўсёды ладзіла з пляменнікамі, з малодшым стрыечным братам, з якім не заўсёды маглі дамовіцца дарослыя, Дар’я ж знайшла падыход да хлопчыка.

Уступная кампанія для дзяўчыны была не вельмі складанай, яна здавала біялогію, рускую мову і гісторыю Беларусі, але, канечне, усё роўна хвалявалася. Наперадзе, зразумела, новыя хваляванні, але Дар’я спадзяецца, што толькі прыемныя.

Юльяна Галякевіч з Іванава Брэсцкай вобласці паступіла на факультэт пачатковай адукацыі, скончыўшы сярэднюю школу № 4 у родным горадзе, дзе вучылася ў педагагічным класе. Зразумела, што дзяўчына, якая выбрала педклас, даўно вызначылася з будучай прафесіяй. Але гэта не ўсё: бабуля і мама Юльяны таксама настаўніцы. Ганна Мікалаеўна, выдатнік адукацыі, зараз на пенсіі, а да гэтага выкладала хімію і біялогію ў вёсцы Опаль, у свой час скончыла БДУ. Інеса Рыгораўна працуе настаўніцай музыкі ў школе з музычным ухілам.

— Я, калі яшчэ была трэцякласніцай, ведала, што хачу быць настаўніцай, — расказвае дзяўчына. — Бабуля з мамай ніколі не былі супраць, проста гаварылі: “Падумай добра, якім выкладчыкам ты хочаш быць”. Я нейкі час думала, што хачу выкладаць музыку, бо вучылася ў музычнай школе. У любым выпадку, музычная адукацыя спатрэбіцца, калі я стану настаўніцай пачатковых класаў.

Данііл Шкундзіч, выпускнік мінскай гімназіі № 15, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, выбраў спецыяльнасць “Матэматыка”. Бабуля хлопца, Тамара Казіміраўна Бухал, была педагогам, выкладала рускую мову. А прабабуля Данііла, Клаўдзія Іванова, заслужаны настаўнік БССР, выкладала нямецкую мову і хімію. Маці Данііла Шкундзіча была настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 95. Родны брат хлопца таксама выкладчык — выкладае філасофію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. — Я заўсёды любіў матэматыку, — гаворыць Данііл. — Здаралася, аднакласнікі, знаёмыя прасілі растлумачыць пэўныя тэмы, і ў мяне нядрэнна атрымлівалася.

Маці і брат таксама матывавалі Данііла выбраць прафесію педагога, дапамагла вызначыцца і класны кіраўнік — Анжаліка Віктараўна Астрэйка. На выбар установы вышэйшай адукацыі паўплываў брат, хаця маці прапаноўвала паступаць у БДУ — універсітэт, які калісьці сама скончыла, як, дарэчы, і старэйшы брат Данііла. Але хлопцы вырашылі, што калі хочаш быць педагогам, то лепш і вучыцца сярод будучых настаўнікаў.

Марына ХІДДЖАЗ.