Педагагічны навігатар

- 14:22Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Навуковец у педагогіцы — з,ява нячастая. Як стаць ім — ведае Ірына Буторына.

Ірына Аляксандраўна Буторына — старшы выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка — прайшла сур’ёзны і насычаны шлях педагагічнага станаўлення. Скончыла сталічны педкаледж, БДПУ імя Максіма Танка, аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі. Працавала 15 гадоў настаўніцай пачатковых класаў, набыла багаты вопыт і пачала дзяліцца ім з педагогамі краіны спачатку праз свае навукова-метадычныя артыкулы па праблемах навучання і выхавання вучняў малодшага школьнага ўзросту, а пасля і праз вучэбна-метадычныя дапаможнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Зараз яна ўжо як кандыдат педагагічных навук рыхтуе будучых настаўнікаў, дзеліцца з імі методыкай выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання не толькі тэарэтычна, але і практычна.

Шлях да любімай прафесіі

Ірына Аляксандраўна з дзяцінства была вельмі актыўнай, вучылася на выдатна, займалася ў музычнай школе, наведвала розныя гурткі. Усё гэта дапамагло ёй навучыцца творча гля­дзець на свет, дакладна плана­ваць свой час, быць аптымістам і імкнуцца да новых дасягненняў. “Кім хацела стаць у дзіцячыя гады, прызнаюся, не памятаю. Аднак чым бліжэй надыхо­дзіў час заканчэння школы, тым больш я адчувала, што хачу працаваць з дзецьмі і разам з імі адкрываць штосьці новае”, — сказала выкладчыца.

Гады навучання ў Мінскім педагагічным каледжы яна ўзгадвае з вялікай удзячнасцю, бо менавіта тады атрымала грунтоўныя метадычныя веды, што дапамаглі ёй у прафесійным станаўленні настаўніка пачатковых класаў. У 2000 годзе скончыла педуніверсітэт па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”. Да яе багажу ведаў настаўніка пачатковых класаў дадаліся філалагічныя. Зараз Ірына Буторына выкладае на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ: “Мой прадмет — методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання. Мне вельмі падабаецца адкрываць студэнтам грані мовы і літаратуры з метадычнага боку. Важна, каб будучыя педагогі навучыліся захапляць малых дзетак родным словам”.

З дзецьмі трэба размаўляць на іх мове, але пры гэтым быць мудрым настаўнікам, бачыць на некалькі крокаў наперад, ніколі не страчваць цярпення і любіць сваю прафесію.

Дарэчы, у час работы настаўніцай пачатковых класаў у сярэдняй школе № 189 Мінска Ірына Аляксандраўна стала пераможцай раённага і фіналісткай гарадскога конкурсу педагагічнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, лаўрэатам прэміі Мінгарвыканкама. “Усе 15 гадоў педагагічнай дзейнасці ў школе маім крэда было — асцярожна і клапатліва дапамагаць маленькім вучням раскрывацца і адчу­ваць сваю значнасць. Я пераканана, місія педагога — убачыць у кожным хлопчыку і дзяўчынцы асобу і творчую іскрынку, бо толькі тады можна дасягнуць адукацыйных мэт, пра якія мы пастаянна гаворым”, — падкрэсліла педагог.

Каб дзеці хацелі вучыцца

У 2010 годзе І.А.Буторыну запрасілі ў Нацыянальны інстытут адукацыі, дзе яна да 2016 года працавала метадыстам. “НІА быў для мяне яркім праменьчыкам. Стаўшы метадыстам вышэйшай катэгорыі, мне захацелася па­чаць пісаць артыкулы і дапаможнікі і дзяліцца з настаўнікамі,  вучнямі і нават іх бацькамі сваімі метадычнымі напрацоўкамі. Аспірантура ў сваю чаргу стала новай прыступкай у авалоданні прафесіі педагога-даследчыка ўжо на навуковым узроўні. Я пачала пісаць дысертацыю “Фарміраванне інфармацыйнай культуры вучняў пачатковых класаў сродкамі медыяадукацыі ў пазавучэбнай дзейнасці”. Зараз ужо не сакрэт, як на дзяцей уздзейнічаюць розныя патокі інфармацыі, таму трэба рыхта­ваць іх правільна ўспрымаць яе, асэнсоў­ваць і выкарыстоўваць у сваім жыцці”, — патлумачыла Ірына Аляксандраўна.

Пад кіраўніцтвам доктара філасофскіх навук А.С.Лапцёнка ёй удалося ўвасобіць сваю методыку фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў пачатковых класаў сродкамі медыяадукацыі на факультатыўных занятках “Інфармацыйны навігатар” для вучняў 3 (4) класаў. Гэты факультатыў складаецца з 34 заняткаў, на якіх школьнікі знаёмяцца са сродкамі масавай камунікацыі і фарміру­юць уменні правільна карыстацца імі ў жыцці.

Наступнай прыступка прафесійнага станаўлення І.А.Буторынай стаў факультэт пачатковай адукацыі БДПУ, куды яе запрасілі ў 2016 годзе. Работа над дысертацыяй не спынялася, і ў канцы 2021 года яна абараніла яе. Вышэйшая атэстацыйная камісія краіны прысудзіла Ірыне Аляксандраўне навуковую ступень кандыдата педагагічных навук. “Работа выкладчыка ў вышэйшай навучальнай установе павінна змяшчаць шмат складнікаў: грунтоўную метадычную і навуковую дзейнасць і штодзённае бесперапыннае самаўдасканаленне. Зараз мы са студэнтамі на занятках па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання спрабуем выкарыстоў­ваць сучасныя тэхналогіі і метады медыяадукацыі. Вельмі хочацца, каб будучыя педагогі, акрамя класічных вучэбных дысцыплін, атрымлівалі і новыя веды, вучыліся ў сценах нашага ўніверсітэта больш сучасна і творча падыходзіць да працэсу навучання і выхавання дзіцяці”, — акцэнтавала ўвагу гераіня.

Аспірантура НІА стала навуковай прыступкай у авалоданні прафесіі педагога-даследчыка і вучонага.

У сваёй прафесійнай дзейнасці Ірына Аляксандраўна вельмі вялікае значэнне надае культуры чытання і рабоце над фарміраваннем жадання чытаць. На факультэце пачатковай адукацыі ўжо не адзін год працуе праект “Ад культуры чытання — да культуры асобы”. Нараджаюцца і новыя праекты. Напрыклад, у гэтым годзе са студэнтамі пачалі праект “Тэатральны ўрок, альбо Як нараджаецца спектакль” ра­зам з Тэатрам юнага гледача. “Любяць студэнты і праект “Музейны ўрок”, і ўжо шмат заняткаў было праведзена ў сценах літаратурных музеяў. Вучням пачатковых класаў таксама падабаюцца разнастайныя гульні, таму студэнты шукаюць дыдактычныя гульні і гульнявыя прыёмы. Калі ўрок праходзіць на высокім узроўні эмацыянальнай зацікаўленасці, тады асалоду атрымлівае і маленькі вучань, і настаўнік, — паведаміла педагог. — У далейшых планах — шырокая выкладчыцкая дзейнасць менавіта на сацыякультурнай аснове. Вельмі хацелася б, каб і з боку студэнтаў зыходзіла ініцыятыва шукаць новыя сродкі, спосабы і метады. Гэта дапаможа ім, не баючыся, упэўнена, хоць і асцярожна, пачынаць працаваць з дзеткамі, якія да іх прыйдуць”.

А яшчэ ў рабоце з маленькімі вучнямі важна не стамляцца шукаць новыя падыходы да іх. “Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі. І калі ім прапаноўваць урок, напрыклад, з выкарыстаннем мыльных бурбалак або каляровай крэйды, яны з радасцю адгукаюцца. Сучасным дзецям цікава і праектная дзейнасць, звязаная з гаджэтамі. Напрыклад, калі даць праблемнае заданне, кшталту, колькі часу ў дзень яны карыстаюцца тэлефонам, якія мультфільмы і чаму гля­дзяць, то яны з захапленнем будуць выконваць яго. Добра, калі настаўнік валодае і псіхалагічнымі падыходамі да дзіцяці. Канечне, з дзецьмі трэба размаў­ляць на іх мове, але пры гэтым быць мудрым настаўнікам, ба­чыць на некалькі крокаў наперад, ніколі не страч­ваць цярпення і любіць сваю прафесію, лю­біць тое, чым займаешся. Тады будуць з’яўляцца новыя сілы нават у моманты, калі адчуваеш стомленасць і калі не ўсё атрымліваецца”, — пераканана выкладчыца.

Калі ўрок праходзіць на высокім узроўні эмацыянальнай зацікаўленасці, тады асалоду атрымлівае і маленькі вучань, і настаўнік.

Па яе словах, настаўнік заўсёды павінен даваць прыклад добразычлівасці ва ўзаема­адносінах з людзьмі: не забы­ваць дзякаваць за адказ, усмешкай вітаць кожнага, пахва­ліць таго, хто памыў дошку альбо пад­рыхтаваў які-небудзь раздатачны матэрыял, тады і дзеці імкнуцца быць ветлівымі, добрымі і ўдзячнымі. “У маім класе заўсёды вісела паштовая скрыня, якой мы карысталіся ледзь не штодня. У ёй былі не толькі віншаванні са святамі, а і віншаванні з першым днём вясны, першым лісточкам, першым снегам. Гэтая паштовая скрыня на працягу ўсіх гадоў навучання была пэўным мастком, праз які мы маглі і пахва­ліць адно аднаго, і зра­біць заўвагу. Увогуле, калі настаўнік умее тонка бачыць жыццё, заўважаць і праяўляць дабрыню і пяшчоту, то ён навучыць гэтаму і сваіх выхаванцаў”, — падзялілася думкамі І.А.Буторына.

У Ірыны Аляксандраўны былі 4 выпускі. Са многімі яна падтрымлівае зносіны ў сацыяльных сетках і зараз. Першым яе вучням сёння больш за 30 гадоў, але кожнага яна памятае, пра кожнага гатова расказваць га­дзі­намі. І мімаволі ўзнікае пытанне, ці не пашкадавала яна, што перайшла працаваць ва ўніверсітэт. “Аднойчы настае момант, калі пачынаеш бачыць сваю работу больш шырока. Я не лічу, што пайшла са школы. Я ніколі не пайду з яе, бо прыходжу туды кожны тыдзень са сваімі студэнтамі. Бачу там ужо не толькі маленькіх вучняў, але і будучых настаўнікаў. Ад таго, што я магу падзяліцца сваімі ведамі, уменнямі і прафесійнымі здабыткамі з педагогамі-пачаткоўцамі, якія пасля разляцяцца па ўсёй краіне, я сапраўды шчаслівая. Раней я працавала з адным класам, а зараз праз свае дапаможнікі і метадычныя падказкі — амаль што з вучнямі ўсёй краіны. Вельмі хочацца, каб наша падрыхтоўка будучых педагогаў дазваляла ім знайсці сябе ў прафесіі і стаць для вучняў не толькі першым, але і любімым настаўнікам”, — выказала пажаданне І.А.Буторына.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Ірыны Буторынай.