Педагагічны патэнцыял вялікі

120 дыпломаў і грамат заваявалі ў 2014/2015 навучальным годзе навучэнцы Бялыніцкага раёна на розных інтэлектуальных, творчых, мастацкіх, спартыўных спаборніцтвах. І за кожнай з гэтых перамог стаіць не толькі карпатлівая праца саміх дзяцей, але і добрасумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў настаўнікамі раёна. 
Як адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Бялыніцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці Андрэй Аляксандравіч ГАНЧУК, патэнцыял у педагогаў Бялыніцкага краю вялікі, таму на наступны год вынікі будуць яшчэ вышэйшымі.

— Ці радуюць вас поспехі вучняў і педагогаў раёна ў 2014/2015 навучальным годзе?
— За сёлетні навучальны год педагогі і навучэнцы раёна на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах, інтэрнэт-конкурсах па вучэбных прадметах, алімпіядах заваявалі звыш 120 дыпломаў і грамат. Самы яркі прыклад — вучань 11 класа бялыніцкай сярэдняй школы № 1 імя Мікалая Іванавіча Пашкоўскага Іван Ісаенка ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы. Аляксандра Гарох, вучаніца 4 “Г” класа, заняла 2 месца ў малодшай узроставай групе па выніках фінальнага тура VІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Школа бяспекі — 2015”. Спіс перамог навучэнцаў і педагогаў можна працягваць вельмі доўга. І гэта, безумоўна, мяне радуе. Разам з тым, на мой погляд, патэнцыял педагогаў раёна вялікі, таму яны могуць дасягнуць больш значных вынікаў у сваёй дзейнасці. Чаму не дасягнулі? Будзем аналізаваць вынікі навучальнага года, абмяркоўваць слабыя моманты і ўжо на традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі паставім актуальныя задачы, над якімі нам трэба будзе сур’ёзна папрацаваць.

— Якая праблема найбольш актуальная на сёння для вашай сістэмы адукацыі?
— Адна з найбольш актуальных сённяшніх праблем — недастатковая колькасць настаўнікаў замежных моў у сельскіх школах. Пры заяўцы на трох спецыялістаў, на жаль, у раён да 1 верасня не прыйдзе ні адзін “іншаземец”.

— Як арганізуецца праца і адпачынак дзяцей і падлеткаў у раёне ў летні час?
— У адпаведнасці з Праграмай занятасці навучэнцаў Бялыніцкага раёна “Лета-2015”, ва ўстановах адукацыі будзе арганізавана работа працоўных аб’яднанняў навучэнцаў. Ва ўсіх установах адукацыі створаны брыгады па добраўпарадкаванні, эстэтычным афармленні школьных тэрыторый, азеляненні, афармленні кветнікаў, зон адпачынку, а таксама арганізаваны валанцёрскія атрады, якія будуць даглядаць помнікі, скверы, паркі, дапамагаць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы. Гэтым відам дзейнасці ахоплена 588 дзяцей. У чатырох установах раёна працягнуць работу школьныя лясніцтвы.
Сёлета плануем аздаравіць за лета 710 вучняў, гэта 34,6%. 40 дзяцей работнікаў бюджэтнай сферы раёна адпачнуць у лагеры “Ольса” Клічаўскага раёна. 65 школьнікаў адправяцца на аздараўленне за мяжу. У прыродаахоўнай зоне возера Заазерскае будзе арганізаваны перасоўны палатачны лагер “Брыганціна” для 60 юнакоў і дзяўчат, у тым ліку тых, якія стаяць на ўліку ў ІСН, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з мнагадзетных, няпоўных, прыёмных і апякунскіх сем’яў.
Таксама гэтым летам будуць працаваць 7 студэнцкіх атрадаў. Да работы ў студэнцкіх атрадах і лагерах працы і адпачынку максімальна прыцягнуты непаўналетнія, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН, і навучэнцы, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па дагаворах з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама будуць працаваць 80 навучэнцаў. Ахоп летняй занятасцю непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў ІСН, навучэнцаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, складзе 100%.
Акрамя гэтага, навучэнцы раёна ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі будуць задзейнічаны ў наступных формах занятасці: вучнёўскія вытворчыя брыгады (138 навучэнцаў); сельскагаспадарчыя брыгады (270 навучэнцаў); працоўныя атрады старшакласнікаў (164 навучэнцы); школьныя лясніцтвы (45 навучэнцаў); індывідуальная працоўная занятасць (79 навучэнцаў); нарыхтоўчыя работы (270 навучэнцаў); педагагічная работа (6 навучэнцаў).
Запланаваны агульны ахоп летняй занятасцю — 96,8% ад агульнай колькасці навучэнцаў у раёне.

— Якія змены, на ваш погляд, неабходны сістэме адукацыі Беларусі для павышэння якасці яе работы?
— На мой погляд, неабходна дакладна вызначыць у грамадстве разуменне таго, што трэцяя ступень агульнай сярэдняй адукацыі — гэта падрыхтоўка да паступлення ў ВНУ. Часта даводзіцца назіраць, як некаторыя вучні 10—11-я класы проста “адбываюць”, замест таго, каб атрымліваць гэтыя два гады спецыяльнасць у ПТНУ і ССНУ. Упэўнены, неабходна заканадаўча вызначыць крытэрыі залічэння ў 10 клас. Няхай гэта будзе сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі або ўступны экзамен (гутарка) з прэтэндэнтам, але пэўны адсеў павінен быць.
Другая праблема, якую я бачу, — гэта якасць вучэбных дапаможнікаў. Калі возьмем адну і тую ж тэму ў сучасным падручніку і падручніку, які выйшаў 15—20 гадоў назад, то адразу ўбачым, што выкладанне матэрыялу стала “цяжкім”, “дарослым”, тэкст перанасычаны акадэмічнымі, складанымі для ўспрымання дзецьмі словамі. Асабліва грашаць гэтым падручнікі па гуманітарных прадметах.
Яшчэ б я вылучыў падтрымку маладых спецыялістаў, якія прыходзяць працаваць у сельскую школу. Вельмі часта маладыя людзі, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, звальняюцца і з’язджаюць у горад. Лічу, што адным з фактараў, якія спрыяюць замацаванню моладзі на сяле, з’яўляецца магчымасць набыць або пабудаваць жыллё на льготных умовах пры, безумоўна, сустрэчных абавязацельствах дадаткова адпрацаваць пэўны час. Пагадзіцеся, што само па сабе ўласнае жыллё — ужо сур’ёзны стрымальны фактар.
У завяршэнне гутаркі віншую ўсіх педагогаў з заканчэннем навучальнага года, жадаю добра адпачыць летам і набрацца сіл для новых педагагічных перамог!

Святлана КІРСАНАВА.