Педагагічны плён — у дзецях

- 10:56Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у Дуброўне Віцебскай вобласці. Начальнік аддзела адукацыі Дубровенскага райвыканкама Ірына Сяргееўна КАНТРОЎСКАЯ дзеліцца здабыткамі мінулага навучальнага года і планамі на будучыню.

— Ірына Сяргееўна, пачнём з некаторых вынікаў і адметнасцей ужо мінулага навучальнага года.

— Навучэнцы школ Дубровенскага раёна кожны год прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах, фестывалях. За мінулы навучальны год яны ўзялі ўдзел больш чым у 25 раённых, 40 абласных, 15 рэспубліканскіх і 7 міжнародных конкурсах. Настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Дуброўны А.І.Штуро з’яўляецца кіраўніком школьнага навуковага аб’яднання вучняў “Квант”, якое працуе вельмі плённа. Напрыклад, на Рэспубліканскім конкурсе праектаў “Энергія і асяроддзе пражывання” вучні педагога атрымалі дыплом ІІІ cтупені, на Х Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Тэхна­Інтэлект” — дыплом ІІ cтупені. Акрамя таго, навучэнцы пад кіраўніцтвам А.І.Штуро з праектам “Шматфункцыянальны халадзільнік: выкарыстанне цеплавой энергіі кампрэсара для святлодыёднага асвятлення памяшкання” сталі пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай выставы-конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Творча працуюць навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Стэндавае мадэляванне” Дубровенскага раённага цэнтра дзяцей і мола­дзі пад кіраўніцтвам П.Я.Бялова. Так, у абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўзнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступеней. Актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прымае харэаграфічны калектыў “Мікс” пад кіраўніцтвам Алены Кірык раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Яны з’яўляюцца лаўрэатамі і пераможцамі многіх міжнародных конкурсаў.

Яшчэ адным напрамкам выхаваўчай работы з навучэнцамі з’яўляецца правядзенне заняткаў па інтарэсах па робататэхніцы. Пераможцамі абласных конкурсаў Robotic-2019, “Роба-АйЦі” сталі навучэнцы В.В.Карнеевай, А.Г.Аруцюнава, В.У.Саладухіна. Актыўна прымаюць удзел педагогі раёна ў конкурсах прафесійнага майстэрства. 2018/2019 навучальны год пачаўся з перамогі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Асінторфскай сярэдняй школы Алены Васільеўны Кунец, якая стала лаўрэатам XVIII Міжнароднага Пушкінскага конкурсу настаўнікаў рускай мовы і літаратуры пры Цэнтры садзейнічання міжнароднай адукацыі “Этнасфера” ў Маскве і прадставіла нашу краіну на вочным этапе. Настаўніца сярэдняй школы № 1 Дуброўны Марына Анатольеўна Бараноўская стала пераможцай Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы класны кіраўнік” у намінацыі “Эфектыўныя метады фарміравання вучнёўскага калектыву”.

Самай яркай падзеяй не толькі нашага раёна, але і вобласці і рэспублікі стала перамога настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Дуброўны Вікторыі Валер’еўны Карнеевай у Рэспубліканскім конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. 29 мая на базе школы адкрылася першая ў краіне STEAM-акадэмія з арт-напрамкам. Ініцыятарам стварэння цэнтра сталі асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” і кампанія Gismart — беларуска-брытанскі распрацоўшчык музычных дадаткаў і гульняў.

— Як арганізоўвалі летняе аздараўленне дзяцей?

— У летні перыяд 2019 года плануецца аздаравіць 170 дзяцей у прышкольных летніках з дзённым знаходжаннем у тры змены працягласцю 18 дзён кожная на базе 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Дубровенскага раёна. У прышкольных аздараўленчых летніках дзённага знаходжання функцыянаваў абаронна-патрыятычны атрад з удзелам Дубровенскага РАУС колькасцю 20 выхаванцаў на базе сярэдняй школы № 1 Дуброўны. На базе сярэдняй школы № 2 Дуброўны ажыццяўляў работу абаронна-патрыятычны атрад колькасцю 15 выхаванцаў з удзелам Дубровенскага РАНС.

Арганізавана работа двух летнікаў працы і адпачынку з ліку дзяцей 14—17 гадоў агульнай колькасцю 30 вучняў па лініі ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дубровенскага райвыканкама на базе сярэдніх школ №№ 1 і 2 Дуброўны. Навучэнцы рабілі касметычны рамонт вучэбных памяшканняў, а таксама рамонт вучнёўскай мэблі ў сваіх установах. Працавалі 4 рамонтныя брыгады па афарбоўцы сцен і падлогі. Упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дубровенскага райвыканкама на другасную занятасць навучэнцаў было выдзелена 16,8 тысячы рублёў.

Работа аздараўленчага летніка “Лугаўцы” Дубровенскага раёна з кругласутачным знаходжаннем дзяцей летам 2019 года арганізавана для 440 непаўналетніх, яшчэ 40 дзяцей плануецца аздаравіць у профільнай сацыяльна-педагагічнай змене ў жніўні. На працягу ўсяго летняга перыяду ў аздараўленчым летніку “Лугаўцы” ажыццяўляюць работу сэрвісныя атрады, у склад якіх уваходзяць навучэнцы ўстаноў адукацыі ад 14 да 18 гадоў і педагагічныя атрады, у якія ўключаюцца асобы ад 18 гадоў.

— А як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года?

— За апошнія гады ў нашым раёне шмат зроблена па рамонце і абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Завяршаецца капітальны рамонт ясляў-сада № 2 Дуброўны. У гэтым годзе работы праводзіліся ў старым корпусе ўстановы. У мінулым го­дзе былі заменены вокны, адрамантаваны дах, харчаблок. Усяго на рамонт дзіцячага садка ў гэтым годзе з бюджэту выдзелена каля 200 тысяч рублёў. У бягучым годзе найбольш сур’ёзныя рамонтныя работы праводзіліся ў Асінторфскай і Каліноўскай сярэдніх школах. Так, у асінторфскай школе праведзены рамонт спартыўнай залы, закуплены спартыўны інвентар і абсталяванне. У каліноўскай школе адрамантаваны два цэхі харчаблока, заменена кухоннае абсталяванне. У гэтым годзе выдзелены грошы для набыцця камп’ютараў і спартыўнага інвентару, упершыню нашы навучэнцы ў поўным аб’ёме забяспечаны лыжным інвентаром. Усяго на падрыхтоўку школ і дзіцячых садкоў раёна да новага навучальнага года выдаткавана каля 745 тысяч рублёй. Абноўлены аўтамабільны парк: набыты тры аўтобусы для падвозу вучняў і аўтамабіль-ізатэрм для падвозу прадуктаў.

— Што ў планах па арганізацыі профільнага навучання?

— У адпаведнасці з запытамі вучняў і іх законных прадстаўнікоў будзе арганізавана профільнае навучанне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна. У межах профільнага навучання будзе арганізавана работа педагагічных класаў у сярэдняй школе № 1 Дуброўны, у Асінторфскай сярэдняй школе Дубровенскага раёна. У мэтах папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій будуць адкрыты аграрныя класы на базе трох устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Вывучэнне на павышаным узроўні англійскай мовы, біялогіі, рускай мовы і матэматыкі плануецца ў чатырох установах на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Хвалюючымі пытаннямі для начальніка з’яўляюцца…

— …стварэнне бяспечных умоў для навучэнцаў ва ўстановах адукацыi, далучэнне дзяцей да здаровага ладу жыцця і, вядома, павышэнне якасці ведаў вучняў. Хочацца павіншаваць усіх педагогаў рэспублікі з новым навучальным годам, пажадаць творчасці, новых перамог, поспехаў, здароўя.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.