Педагагічны савет — крыніца педагагічных ідэй

- 12:26Нам пішуць

Сучасная школа пастаянна мяняецца, абнаўляецца і перабудоўваецца. Менавіта педагагічны савет, як орган калектыўна-калегіяльнага кіравання, закліканы мяняць састарэлыя педагагічныя ўяўленні і арыенціры. Падрыхтоўка і правядзенне педсаветаў патрабуе руплівай і напружанай працы, а таксама ведання пэўных правілаў менеджменту.

У канцы III навучальнай чвэрці 2017/2018 навучальнага года ў сярэдняй школе № 2 Гродна адбылося пасяджэнне педагагічнага савета па тэме “Матывацыя навучання як найважнейшая з праблем, якія вызначаюць выніковасць адукацыйнай дзейнасці”. Асноўная мэта — стварыць умовы для педагогаў па выкарыстанні метадаў і прыёмаў павышэння вучэбнай матывацыі школьнікаў. Акрамя таго, удзельнікі педсавета павінны былі прааналізаваць і вызначыць тэарэтычныя аспекты праблемы фарміравання вучэбнай матывацыі навучэнцаў, а таксама абмеркаваць метады і формы навучання ў стымуляванні вучэбнай матывацыі навучэнцаў праз вопыт выступоўцаў.

Несумненна, педсавет будзе эфектыўны, калі яго ўдзельнікі змогуць пераканацца: сярод іх ёсць творчыя калегі, носьбіты новага педагагічнага вопыту.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.А.Малаш, адкрываючы педсавет, адзначыла важнасць матывацыі ў вучэбным працэсе і неабходнасць павышэння яе ўзроўню для дасягнення аптымальных вынікаў.

Педагог-псіхолаг А.Ч.Колкава акрэсліла паняцце “матывацыя” з псіхолага-педагагічнага пункту гледжання і на на аснове праведзенага раней анкетавання настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў прааналізавала магчымасці стварэння найбольш спрыяльных умоў для фарміравання ўстойлівай матывацыі.

Настаўнікі-прадметнікі раскрывалі заяўленую тэму, зыходзячы з асабістага педагагічнага вопыту і спецыфікі выкладання свайго прадмета. Настаўнік пачатковых класаў Т.Р.Стальбоўская прадэманстравала, выкарыстанне якіх метадаў і форм работы ў пачатковай школе дапамагае падтрымліваць дастаткова высокі ўзровень матывацыі навучэнцаў другога класа.

Настаўнік фізікі А.І.Хільмончык прадэманстраваў фрагмент здвоенага крэатыўнага ўрока ў сёмым класе, задачай якога было стварыць педагагічныя ўмовы для выяўлення творчых здольнасцяў і іх развіцця, а таксама развіваць матывацыю вывучэння фізікі, выкарыстоўваючы цікавыя звесткі, уменне бачыць фізіку вакол сябе. Падчас урока выкарыстоўваліся розныя метады матывацыі і стымулявання дзейнасці.

Настаўнік хіміі А.Ю.Качаткоў прадставіў увазе калег аналіз сваёй педагагічнай дзейнасці па павышэнні ўзроўню матывацыі канкрэтнага вучня адзінаццатага класа, на прыкладзе якога было выразна паказана выніковасць і станоўчая дынаміка фарміравання матывацыі. Настаўнік англійскай мовы В.Я.Кегель спынілася на дасягненнях сучаснай навукі ў галіне матывацыі, на аснове якіх прааналізавала эфектыўнасць выкарыстання пэўных тэхналогій на сваіх уроках, а таксама прасачыла станоўчую дынаміку ўзроўню навучанасці вучняў на прыкладзе канкрэтнага класа.

Дырэктар школы В.З.Круповіч абагуліў вынікі і рэзюмаў выступленні ўдзельнікаў.

Педагагічны савет стаў крыніцай педагагічных ідэй, дзейснай формай унутрышкольнага павышэння кваліфікацыі педагагічнага калектыву.

Вераніка КЕГЕЛЬ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Гродна.