Педагагічны старт сясцёр Манько

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 Мінскага раёна стала асаблівым, родным месцам для настаўніц матэматыкі і інфарматыкі блізнят Таццяны і Юліі Манько. Склалася так, што і знарок не прыдумаеш: маладыя спецыялісты пачыналі сваю працоўную дзейнасць у новай, толькі адкрытай школе. Неўзабаве і працоўнаму стажу сясцёр Манько, і ўстанове адукацыі споўніцца два гады. Для ўсіх гэта быў нялёгкі, але цікавы час старту, набыцця вопыту і першых дасягненняў.

Ад мар да тэорыі і практыкі

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 1 верасня 2018 года адчыніла свае дзверы не толькі для 850 вучняў, але і ажно для 22 маладых спецыялістаў. Ураджэнкам гарадскога пасёлка Мір Гродзенскай вобласці сёстрам Манько было радасна аказацца ў іх ліку. Яны вучыліся і праходзілі практыку ў школах намнога меншага памеру. Таму месца працы адразу прыемна ўразіла: школа вялікая, сучасная і прыгожая. Адным словам, такая, аб якой можна было марыць!

Для калег і вучняў добразычлівыя, працавітыя, адказныя сёстры-настаўніцы хутка паспелі стаць сваімі. Ды і самі дзяўчаты душой прыкіпелі да школы. Гэта адчуваецца з першых хвілін нашай размовы. Пра работу яны расказваюць з задавальненнем, рады, што знайшлі сваё прызванне, адно на дваіх, і гэта яшчэ больш іх зблізіла.

— На рашэнне выбраць прафесію настаўніка нас натхнілі родныя, — гавораць, дапаўняючы адна адну, сёстры. — Пэўны час тата працаваў інструктарам па ваджэнні ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Да таго ж наша цётка — настаўніца матэматыкі, яе муж — таксама педагог, выкладаў фізіку. Вядома ж, мы часам заходзілі на работу да сваякоў, і нам падабалася тое, што там бачылі. Атмасфера была асаблівай, непасрэднай, прыемнай. Ды з дзецьмі і не можа быць сумна і аднастайна, а мы з імі, дарэчы, заўсёды добра і з задавальненнем ладзілі.

І Таццяна, і Юлія вырашылі звязаць жыццё з педагогікай, паставілі перад сабой мэты і дасягнулі іх. Абедзве сталі студэнткамі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Цікава, што выбар прадметаў, якія хацелася выкладаць у будучыні, у іх таксама супаў: гэта былі матэматыка і інфарматыка. Родных і тых, хто блізка ведае сясцёр Манько, гэта ніколькі не здзівіла. Меркаванні ў блізнят, як правіла, сыходзяцца: што даспадобы адной, тое і другой.

Вучоба і практыка былі цікавым, насычаным рознымі падзеямі часам, які вельмі прыемна ўзгадваць. Дзяўчаты хутка ўпэўніліся, што не памыліліся ў сваім выбары.

— У вучэбны працэс я ўлілася хутка і гарманічна, —  дзеліцца Юлія. — І ўсё ж спачатку, на 1 курсе, часам былі думкі, ці туды я паступіла, ці не зрабіла памылку. Канчаткова пазбавіцца ўсякіх сумненняў дапамагла практыка. Спачатку яна была пасіўнай: мы проста назіралі за тым, як працуюць настаўнікі, пакрысе падключаліся і дапамагалі ім у падрыхтоўцы ўрокаў. Калі пачалася актыўная практыка, давялося ўжо самім прымераць на сябе ролю паўнавартасных настаўнікаў. Мне станавілася ўсё больш цікава, хацелася як мага лепш авалодаць тэорыяй, якая пасля рэалізуецца на практыцы.

Развівацца разам з вучнямі

Пачатак педагагічнай дзейнасці сясцёр Манько падобны, і ў той жа час  у кожнай з іх накапіўся свой вопыт. Таццяна, дакладней, зараз ужо Таццяна Аляксандраўна, прызнаецца шчыра: рабіць першыя самастойныя крокі ў прафесіі складана, і таму на гэта адразу варта настроіцца. Уключацца ў вучэбны працэс трэба, што называецца, па поўнай, а не так, як да гэтага на практыцы, часткова. Па ўласным вопыце маладая настаўніца ведае, навабранцам баяцца і перажываць не трэба, было б жаданне — з часам усё наладжваецца.

Таццяна Аляксандраўна з першых дзён у школе адчула іншую адказнасць за ўсе свае дзеянні. Калі ты ўжо не студэнт, а педагог, то неабходна адпаведна і паводзіць сябе, і выглядаць. Дробязей тут не бывае. Нават свой гардэроб трэба добра прадумаць, каб ён быў да месца, падыходзіў і  падабаўся табе. Гэта ­адзін з маленькіх, немалаважных сакрэтаў упэўненасці ў сабе. Таксама варта больш сур’ёзна ставіцца да таго, як вядзеш свае старонкі ў сацыяльных сетках. Сёння яны сталі адным са шляхоў папярэдняга, завочнага знаёмства з чалавекам, і часам па іх робяць вывады аб тым, што чалавек сабой уяўляе, як жыве. Такая старонка — гэта ўжо не толькі асабістая прастора, але і крыніца інфармацыі, часта больш красамоўная, чым рэзюмэ. Павагу і давер з боку калег, вучняў і іх бацькоў трэба заслужыць, а чалавек, як вядома, пазнаецца спачатку па вопратцы, знешнім выгля­дзе, а пасля — па справах. Увогуле ж, на думку Т.А.Манько, адзін з важкіх плюсоў настаўніцкай прафесіі ў тым, што яна дае стымул сачыць за сабой, добра выглядаць і пастаянна развівацца ў самых розных кірунках.

Т.А.Манько выкладае і матэматыку, і інфарматыку. Аднак большая частка нагрузкі прыпала на апошні прадмет, асабліва ў другім навучальным годзе. Маладой настаўніцы аднолькава блізкія і цікавыя і ма­тэматыка, і інфарматыка. І выкладаць нешта адно яна не плануе. Ёй падабаецца, што можна весці два прадметы, гэта дае больш магчымасцей для развіцця.

З першых дзён Таццяна Аляксандраўна сутыкнулася з актуальным пытаннем: “Як жа лепш данесці свае веды вучням?” Хацелася, каб дзеці праяўлялі большую зацікаўленасць. Прыняла рашэнне, што не толькі ў яе, настаўніцы, але і ў дзяцей адразу павінна быць максімальна актыўная пазіцыя. Таму трэба, каб вучні не проста ў гатовым выглядзе атрымлівалі яе веды, а самі працавалі над іх здабычай, узаема­дзейнічалі адно з адным. Тады і ўрок пройдзе больш дынамічна, і вынік будзе лепшым.

Для павелічэння актыўнасці вучняў Т.А.Манько стараецца разві­ваць іх пазнавальную дзейнасць так, каб арыентаваць на самастойнае ці часткова-самастойнае атрыманне новай інфармацыі, самастойную яе апрацоўку, прэзентацыю і экспертызу. Адразу, пачынаючы з сярэдняй школы, імкнецца закладваць асновы творчых адносін да інфармацыі, уменне працаваць з ёй.

Абудзіць актыўнасць вучняў пачынаючаму педагогу дапамагае прынцып узаеманавучання. Час ад часу Таццяна Аляксандраўна прымяняе такую тактыку ў розных класах і вынікамі задаволена. Навучэнцы рыхтуюцца і на ўроку самі тлумачаць аднакласнікам новы матэрыял. Па сутнасці, перад тым, хто прымярае на сябе ролю настаўніка, стаіць задача павышанага ўзроўню — не толькі загадзя авалодаць тэмай урока, але і растлумачыць яе іншым. І такое няпростае і нестандартнае дамашняе заданне ў многіх выклікае цікавасць, вучням хочацца паспрабаваць свае сілы і праявіць здольнасці. Да таго ж гэта спрыяе развіццю камунікатыўных навыкаў і мастацтву дзелавых зносін.

— Такая форма работы адразу спадабалася дзецям, — адзначае Таццяна Аляксандраўна. — Яны актывізаваліся, часам нават самі пытаюцца, калі можна будзе пабыць у ролі настаўніка. Але не ўсё так лёгка, як падаецца на першы погляд. Педагогу варта па-майстэрску курыраваць гэты працэс. Час ад часу арганізоўваю працэс узаеманавучання. Аднак толькі ў тых выпадках, калі тэма не занадта складаная і на яе адведзена больш як 2 гадзіны. Увогуле, заўважыла: калі ў вучняў ёсць поспехі, то і я як спецыяліст раблю няхай і невялікі, але крок наперад. Яшчэ Канфуцый заўважыў: “Настаўнік і вучань растуць разам”. Так яно і ёсць!

Матэматыка — адзін з самых складаных прадметаў. Што ж дапамагае маладой настаўніцы выкладаць яго? Таццяна Аляксандраўна стараецца зрабіць так, каб матэрыял быў пададзены даступна і запомніўся вучням як мага лепш. Заўважыла, што дзецям больш цікава і зразумела, калі прыво­дзяцца прыклады з жыцця, ёсць нагляднасць. Так, пры вывучэнні дадатных і адмоўных лікаў Т.А.Манько для нагляднасці выкарыстоўвала звычайны тэрмометр. Тлумачыла: тыя лікі, што месцяцца вышэй за нуль, дадатныя, а ніжэй — адмоўныя. А шасцікласнікам, калі праходзілі тэму “Аб’ёмныя фігуры”, дала заданне: дома самім зрабіць такія фігуры. У выніку на наступным уроку ўсе разам з цікавасцю разглядалі, што ў каго атрымалася, лічылі рэбры і грані на вырабах — і добра зразумелі тэму. Было вельмі важна адразу даць правільнае ўяўленне пра аб’ёмныя фігуры, бо далей з імі прыйдзецца праца­ваць, і з задачай маладая настаўніца справілася.

Для Таццяны Аляксандраўны адным з самых запамінальных момантаў яе першага працоўнага года стаў удзел у конкурсе “Педагагічная ІТ-мазаіка”. Яна распрацавала ўласны электронны адукацыйны рэсурс па інфарматыцы для 8 класа пад назвай “Асновы праграмавання і алгарытмізацыі”. Гэтая работа заняла 2-е месца на абласным этапе, што, безумоўна, вельмі ўзрадавала маладога спецыяліста. Тым больш што ўдзел у конкурсе не толькі стаў каштоўным і новым, паспяховым вопытам, але і пакінуў у яе педагагічнай скарбонцы адукацыйны рэсурс. Зараз Т.А.Манько выкарыстоўвае сваю праграму як падчас урокаў, так і для дамашняй работы вучняў. Гэта зручна, бо тут падрабязна тлумачацца ўсе тэмы па главе “Асновы праграмавання і алгарытмізацыі”. Новая інфармацыя выкла­дзена даступна, да ўсяго падабрана нагляднасць. На тэму кожнага ўрока прапануюцца і тэорыя, і тэст для праверкі. У будучыні ёсць думкі рабіць падобныя праграмы для сваіх вучняў па іншых тэмах.

— Я люблю сваю работу. За першыя два працоўныя гады ўжо назапасіўся пэўны вопыт, які дазваляе адчуваць сябе больш упэўнена, — дзеліцца высновамі Таццяна Аляксандраўна. — Далей у маіх планах застацца і паспяхова працаваць тут жа, у Бараўлянскай сярэдняй школе. Вельмі цаню падтрымку з боку адміністрацыі і калег, да якіх заўсёды можна звярнуцца і атрымаць слушную параду. Спадзяюся ўжо ў наступным навучальным годзе атрымаць катэгорыю і далей актыўна прымаць удзел у розных конкурсах, дзе магу праявіць сябе я ці мае вучні.

Нацэльваць на пазітыў і добрыя поспехі

У памяці другой сястры, Юліі Аляксандраўны, таксама захаваліся яркія ўспаміны аб першых уроках, знаёмстве са школай, калегамі і вучнямі. Хваляванняў, безумоўна, было шмат, але яна старалася паводзіць сябе так, каб дзеці гэтага не заўважалі.  

— Я, як, напэўна, і любы малады настаўнік, знаходжуся ў пошуку сваіх метадаў і прыёмаў, для таго каб даваць трывалыя веды, — гаворыць Юлія. — Гэта цікавы, творчы, доўгі працэс, без якога немагчыма стаць прафесіяналам. Выбрала для самаразвіцця адпаведную тэму “Павышэнне актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках”. Назіраю за дзецьмі ў розных класах і ўзроставых катэгорыях, разглядаю і спрабую разнастайныя формы і віды работы.

У Бараўлянскай сярэдняй школе № 3 Юлія Аляксандраўна таксама, як і яе сястра, выкладае і матэматыку, і інфарматыку. Заўважыла, што валоданне двума прадметамі вельмі дапамагае ёй на практыцы. Дзякуючы гэтаму, ёсць магчымасць больш актыўна прымяняць сучасныя тэхналогіі на ўроках матэматыкі, наладжваць міжпрадметныя сувязі. Усё гэта станоўча ўплывае на засваенне матэрыялу. І на матэматыцы, і на інфарматыцы настаўніцу часта выручае такі прыём, як пастаноўка праблемных сітуацый. Пры вывучэнні тэмы “Алгарытмы” яе вучні з цікавасцю рашаюць вядомую задачу — галаваломку аб пераправе праз раку воўка, казы і капусты (нельга пакідаць на адным беразе воўка з казой, і, адпаведна, казу з капустай, а ў лодку месціцца толькі адзін аб’ект), складаюць план — паслядоўнасць дзеянняў, абмяркоўваюць розныя варыянты пераправы і іх паспяховасць. Праблема не вырашаецца, пакуль вучні не ўсведамляюць: можна перавозіць не проста ўсіх па чарзе, а ў розных кірунках. Падобныя заданні заўсёды добра ўспрымаюцца дзецьмі і вучаць іх мысліць нестандартна.

Настаўніца заўважыла: як правіла, першапачаткова вучні з большай цікавасцю ставяцца да інфарматыкі, чым да матэматыкі. Безумоўна, іх вельмі прываблівае камп’ютар. Таму адразу прыходзіцца тлумачыць, што інфарматыка — гэта не іх любімыя гульні, не прак­тычная інструкцыя па правільным прымяненні сучаснай тэхнікі і не набор задач і прыкладаў па праграмаванні, якія неабходна засвоіць для паступлення ў ВНУ. Інфарматыка нават у сваіх элементарных асновах — гэта навука, да яе трэба ставіцца менавіта так і настройвацца на работу!

Каб лепш зразумець сваіх вучняў, цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, Юлія Аляксандраўна ў думках ставіць сябе на іх месца. Стараецца нацэліць на пазітыў, падбадзёрыць. Маладая настаўніца ўпэўнена: вучню неабходна паказаць, што ты на яго баку, падтрымліваеш, і ў яго ўсё абавязкова атрымаецца, трэба толькі прыкласці больш намаганняў.

—  На мой погляд, дзецям важна верыць у сябе і адчуваць пад­трымку, — разважае Ю.А.Манько. — Заўсёды акцэнтую ўвагу, што ўсё атрымаецца і адзнакі будуць лепшыя, калі перамагчы сваю ляноту і займацца больш. Гавару: “Ты ж ра­зумны і ўсё можаш, проста лянівы”. Часта гэта спрацоўвае, вучні вераць, што іх намаганні не будуць дарэмнымі, стараюцца апраўдаць давер. А я дапамагаю разабрацца з тэмамі, якія ім незразумелыя, было б толькі жаданне. Адным трэба менш часу, каб навучыцца нечаму, іншым — больш, але гэта не значыць, што ў дзіцяці няма здольнасцей.

Маладым спецыялістам, якім сёлета прыйдзецца рабіць свае першыя прафесійныя крокі, Таццяна Аляксандраўна і Юлія Аляксандраўна раяць не спрабаваць цалкам самастойна справіцца з цяжкасцямі, а абавязкова прасіць парад у вопытных калег. Не баяцца класнага кіраўніцтва, хоць гэтаму і не ву­чаць ва ўніверсітэце. А яшчэ правільна планаваць і размяркоўваць час. Спачатку прыходзіцца асабліва доўга рыхтавацца да ўрокаў, але не варта забываць і пра адпачынак, каб пасля працаваць энергічна і з добрым настроем!

Сёстрамі-настаўніцамі, прыгожымі, разумнымі, актыўнымі і неабыякавымі, ганарацца родныя і дырэктар Бараўлянскай сярэдняй школы № 3 Ганна Пятроўна Каралевіч. Дзяўчаты ж вельмі ўдзячныя сваёй сям’і і адміністрацыі школы за падтрымку, веру ў іх, а бацькам яшчэ і за тое, што навучылі ў любой сітуацыі не палохацца першых цяжкасцей, бачыць і цаніць плюсы і перспектывы, па-добраму ставіцца да людзей! Такія ж адносіны да жыцця яны сёння імкнуцца перадаць сваім вучням.

Таццяна ШЫМКО.