Для настаўніка матэматыкі сярэдняй школы № 10 Слоніма Гродзенскай вобласці Андрэя Аляксандравіча Даніленкі гэты навучальны год — трэці ў яго педагагічнай дзейнасці. За гэты час ён паспеў цвёрда пераканацца, што займаецца сваёй справай і хоча не толькі выкладаць, але і абавязкова быць класным кіраўніком. Цікава аказалася паспрабаваць сябе і ў ролі стваральніка персанальнага блога маладога настаўніка.
Андрэй Аляксандравіч рады, што знайшоў свой прафесійны шлях і зараз працуе на малой радзіме. Ён нарадзіўся і вырас у Слоніме, невялікім гарадку на беразе ракі Шчара. Скончыў сярэднюю школу № 8. Над выбарам будучай прафесіі пачаў сур’ёзна задумвацца ў 9 класе. І ўжо тады зразумеў: яму хочацца выкладаць любімую матэматыку, тым больш што з дзецьмі ён заўсёды хутка знаходзіў агульную мову. Разабрацца ў сабе і прыняць такое рашэнне ўва многім дапамаглі заняткі з малодшай сястрой: яна пастаянна прасіла брата растлумачыць тую ці іншую тэму школьнага курса матэматыкі. І ў выніку гэта пайшло на карысць абаім.
— Свой выбар я спыніў на факультэце матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — узгадвае А.А.Даніленка. — Да паступлення рыхтаваўся старанна: займаўся і з рэпетытарам, і самастойна. Вельмі хацелася, каб усё склалася так, як задумана. Да таго ж я разумеў: вывучаць у вышэйшай навучальнай установе матэматыку і інфарматыку будзе няпроста, таму трэба, каб адразу была добрая база.
Намаганні маладога чалавека прынеслі свой плён: як і хацеў, ён стаў студэнтам выбранага ўніверсітэта. Пяць студэнцкіх гадоў праляцелі вельмі хутка. У ролі настаўніка Андрэй Аляксандравіч Даніленка пераступіў парог сярэдняй школы № 10 роднага Слоніма. Узрадавала і супакоіла тое, што вялікі і дружны педагагічны калектыў добра прыняў новага маладога настаўніка.
Андрэй Аляксандравіч з цікавасцю стаў наведваць заняткі ў раённай шоле маладога педагога. Кожны раз мерапрыемствы праходзілі ў розных установах адукацыі раёна. Гэта дапамагло наладзіць кантакт з калегамі, якія таксама нядаўна прыйшлі ў прафесію. На адкрытых уроках, якія праводзілі вопытныя настаўнікі, можна было ўзяць сабе на заметку цікавыя педагагічныя знаходкі і падыходы.
— Акрамя таго, у нашай установе адукацыі працуе школа маладога настаўніка, якой кіруе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Сцяпанаўна Юшкевіч, — расказвае А.А.Даніленка. — Для мяне ўдзел у ёй таксама стаў важнай практычнай дапамогай. Спецыяльна для маладых педагогаў тут ладзяцца адкрытыя вучэбныя заняткі, практыкумы, майстар-класы, пазнавальныя квест-гульні… Аказваюцца індывідуальныя кансультацыі.
Андрэй Аляксандравіч знайшоў карысную для яго як навічка ў прафесіі інфармацыю на сайце сваёй установы адукацыі, дзе створана тэматычная старонка “Маладым спецыялістам”. Гэта вельмі зручна, у адкрытым доступе месцяцца матэрыялы ў дапамогу па праектаванні ўрока, напісанні плана-канспекта. Даволі часта пры падрыхтоўцы да ўрокаў і факультатываў А.А.Даніленка звяртаецца і да матэрыялаў школьнага віртуальнага метадычнага кабінета, каб выкарыстаць прафесійныя знаходкі сваіх калег. Так з цягам часу малады настаўнік набіраецца вопыту і адчувае сябе больш упэўнена.
— Маім настаўнікам у школе стала Надзея Паўлаўна Вагура, — гаворыць Андрэй Аляксандравіч. — У яе вялікі вопыт па выкладанні матэматыкі, з любым пытаннем я смела магу да яе звярнуцца. Мае ўрокі наведвалі настаўнік, дырэктар, намеснік дырэктара. Безумоўна, гэта выклікае хваляванне і кожны раз становіцца для мяне пэўным экзаменам. Хочацца правесці ўсё на ўзроўні, бездакорна, аднак вопыту пакуль не так шмат. Пасля такіх урокаў мне абавязкова даюць рэкамендацыі, адзначаюць моцныя і слабыя бакі. Гэта каштоўна, бо дапамагае развівацца.
Важным, новым вопытам для А.А.Даніленкі стаў удзел у завочным туры конкурсу маладых спецыялістаў устаноў адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў Слонімскага раёна “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. Гэта дазволіла асэнсаваць свой няхай і невялікі вопыт, канкрэтызаваць мэты на будучыню, сур’ёзна падумаць аб тым, якім настаўнікам хочацца стаць.
Андрэй Аляксандравіч не ўяўляе, як настаўнік можа абысціся без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Яму вельмі дапамагае тое, што ва ўніверсітэце вывучаў яшчэ і інфарматыку. Гэтыя веды выручаюць пры падрыхтоўцы вучэбных, факультатыўных і пазакласных заняткаў. А.А.Даніленка зрабіў персанальны блог маладога настаўніка матэматыкі і інфарматыкі і назваў яго “Педагагічныя гарызонты”. Значная частка матэрыялу, які тут размешчаны, носіць практыка-арыентаваны характар і можа быць выкарыстана настаўнікамі пры арганізацыі работы вучняў на ўроках і факультатывах, пазакласных занятках, пры планаванні работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі.
Для Андрэя Аляксандравіча блог стаў справай, якая зацікавіла і дала новы стымул для развіцця, тут назапашваюцца ўласныя напрацоўкі. У маі мінулага года свой блогерскі вопыт малады педагог прадставіў на Рэспубліканскім фестывалі педагагічных ідэй з міжнародным удзелам “Прызванне — педагог”, які ладзіў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Было прыемна, што блог атрымаў станоўчую ацэнку.
Малады настаўнік упэўнены, што знаходзіцца на сваім месцы, яму падабаецца працаваць з дзецьмі. Галоўны сэнс сваёй работы бачыць у тым, каб дапамагчы вучням стаць сапраўднымі людзьмі, адукаванымі і дасведчанымі. Сваю дзейнасцю ў школе А.А.Даніленка не ўяўляе без класнага кіраўніцтва. У мінулым навучальным годзе стаў класным кіраўніком 5 класа. Нават не чакаў, што гэтая справа так прыйдзецца па душы. Імкнецца арганізоўваць пазакласныя мерапрыемствы так, каб дзецям было цікава, каб яны атрымалі зарад энергіі і радасці, задумаліся аб нечым важным. Яго шасцікласнікі таксама робяць жыццё свайго класнага кіраўніка больш яркім, напоўненым разнастайнымі цікавымі падзеямі, і натхняюць на тое, каб развівацца ў сваёй справе і стаць прафесіяналам як настаўнік-прадметнік і класны кіраўнік. На меншае ён не згодзен.
Таццяна ШЫМКО.