Педагагічныя ідэі — у масы

Абласны фестываль-семінар педагагічных ідэй у дні вясенніх канікул прайшоў на базе ўстаноў адукацыі Мазырскага раёна.

Як расказала метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Вялічка, падчас семінара была арганізавана работа 21 секцыі. У першы дзень педагогаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі прымала мазырская школа № 14, у другі — мазырская школа № 9. 

318 педагогаў Гомельшчыны сталі ўдзельнікамі метадычных дыялогаў “Апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці”, “Складанне тэхналагічнай карты ўрока (заняткаў)”, дзелавой гульні “Як падрыхтаваць і правесці майстар-клас”, педагагічнага практыкуму “Стварэнне асабістага блога ці сайта для распаўсюджвання педагагічнага вопыту”. Настаўнікі таксама вучыліся складаць прафесійнае рэзюмэ пры падрыхтоўцы да атэстацыі і дзяліліся вопытам стварэння публікацый для перыядычных выданняў.

Па словах дырэктара Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Марыны Старыковай, менавіта такіх сустрэч апошнім часам вельмі не хапала педагогам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.