Педагагічныя ініцыятывы для развіцця адукацыі

На Міншчыне прайшоў VIII педагагічны марафон кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Гэтая падзея нездарма атрымала назву “Марафон”: менавіта з забегам на доўгую дыстанцыю можна параўнаць цэлы тыдзень разнастайных мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці і ахапілі мноства спецыялістаў.

Удасканаленне якасці адукацыі залежыць ад узроўню прафесіяналізму педагога. А прафесіяналізм заўсёды патрабуе развіцця і самаўдасканалення. І педагагічны марафон дорыць для гэтага цудоўныя ўмовы — падчас яго правядзення кожны можа знайсці для сябе карысныя мерапрыемствы.

VIII педагагічны марафон меў назву “Педагагічныя ініцыятывы — індыкатар устойлівага развіцця адукацыі”. Мерапрыемствы марафону арыентаваны на разгляд пытанняў, звязаных з прымяненнем на практыцы кампетэнтнаснага падыходу пры выкладанні вучэбных прадметаў, дыягностыкай адукацыйных дасягненняў з пункту гледжання фарміравання прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый вучняў, удасканаленнем прафесійных кампетэнцый педагогаў.

Удзел у мерапрыемствах марафону традыцыйна ўзялі кіраўнікі і супрацоўнікі ўстаноў рознага кшталту — дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійнай, дадатковай адукацыі. Да дзеючых педагогаў далучыліся і педагогі будучыя — навучэнцы педагагічных класаў.

Абмен вопытам падчас марафону адбываўся ў самых разнастайных фарматах — на майстар-класах і круглых сталах, семінарах і пасяджэннях. Каб пашырыць узаемадзеянне, нягледзячы на адлегласць, актыўна выкарыстоўваліся дыстанцыйныя формы работы — інтэрнэт-канферэнцыі, вэбінары, анлайн-форумы, віртуальныя экскурсіі.

Хоць мерапрыемствы ў рамках марафону праводзяцца ў розных, у тым ліку новых формах, структура і форма самога марафону на працягу гадоў застаецца нязменнай — кожны дзень прысвечаны дзейнасці пэўнай катэгорыі педагагічных работнікаў. Так, традыцыйна стартуе марафон днём настаўніка-прадметніка і днём школьнага бібліятэкара. Лепшыя педагогі вобласці дзяліліся сакрэтамі поспеху падчас адкрытых урокаў, разнастайных заняткаў і сустрэч. Сярод іх — пераможцы конкурсаў прафесійнага майстэрства, настаўнікі-метадысты, члены абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”, пераможцы і лаўрэаты абласнога конкурсу “Малады дырэктар”. Важную ролю ў рабоце марафону ў гэты і іншыя дні адыгралі абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій, якія сталі пляцоўкай для віртуальных сустрэч педагогаў з розных раёнаў. Так, напрыклад, на базе АРЦІТ “Захад” разам працавалі педагогі Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў. Яны абмяркоўвалі пытанні выкарыстання міжпрадметных сувязей для фарміравання прыродазнаўчай, матэматычнай і інфармацыйнай дасведчанасці навучэнцаў.

На многіх мерапрыемствах у цэнтры ўвагі апынуліся новыя прыёмы і тэхналогіі, якія могуць выкарыстоўвацца ў рабоце настаўніка. Напрыклад, у Барысаўскім раёне настаўнікі ў творчай майстэрні дзяліліся вопытам выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Настаўніца англійскай мовы А.М.Кузняцова расказала калегам аб магчымасцях сэрвісаў Web 2.0 і сеткавым узаемадзеянні ў працэсе навучання замежнай мове. Настаўніца выяўленчага мастацтва, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры А.С.Брызгунова ў рабоце выкарыстоўвае праграму Sony Vegas Pro. Удзельнікі мерапрыемства пераканаліся, што праграма даволі зручная і можа быць карыснай пры выкладанні розных прадметаў.

Актыўна правялі гэты дзень і бібліятэкары, засяродзіўшы ўвагу на новых інфармацыйна-асветніцкіх і культурна-адпачынкавых формах работы бібліятэк. У Клецкім, Капыльскім, Мінскім, Слуцкім, Уздзенскім раёнах адбылася прэзентацыя сеткавай бібліятэчнай акцыі “Міншчына — край, які я люблю”, якую ў рамках Года малой радзімы ініцыіравала бібліятэка Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы разам з аддзелам інфармацыйнага забеспячэння бібліятэчнай работы і падрыхтоўкі медыярэсурсаў МАІРА. Інавацыйныя формы прапаганды кніг беларускіх аўтараў абмяркоўвалі бібліятэкары Пухавіцкага раёна, якія сабраліся разам у Мар’інагорскай гімназіі. У якасці прыкладу яны пазнаёміліся з праектам “Літаратурная галерэя Пухавіччыны” і медыяпраектам “Паэт Пухавіччыны. Выпуск 1. Алесь Бачыла”.

Наступным стаў дзень педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі і дзень маладога педагога, які прайшоў у атмасферы творчасці і маладзёжнага запалу. Жодзінскія маладыя педагогі адправіліся на рэаліці-квест “Мая формула поспеху”. Каб знайсці тую самую формулу, ім давялося прайсці праз шэраг выпрабаванняў, якія не толькі правяралі іх веды, але і насычалі новымі. Таксама яны ўзялі ўдзел у метадычным мосце “Шляхі паспяховай адаптацыі маладога педагога”. У мерапрыемствах актыўна ўдзельнічалі і навучэнцы педагагічнага класа Жодзінскай жаночай гімназіі.

Трэці дзень заклікаў да актыўнасці работнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, класных кіраўнікоў, куратараў вучэбных груп, майстроў вытворчага навучання, работнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. У Любанскім цэнтры дзіцячай творчасці мерапрыемствы былі аб’яднаны тэмай “Педагагічная ініцыятыва ў сферы дадатковай адукацыі”. Педагогі набывалі новыя веды аб ролі і рэалізацыі сацыяльна значных дзіцячых праектаў, аб рабоце па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Таксама ім удалося засвоіць прыёмы нетрадыцыйных тэхнік выяўленчага мастацтва і праявіць сябе на кірмашы майстар-класаў.

У чацвёрты дзень семінары-практыкумы, круглыя сталы, метадычныя рынгі, прэзентацыі педагагічнага вопыту, педагагічныя сустрэчы ладзілі работнікі метадычнай службы і работнікі спецыяльнай адукацыі. У Капыльскім раёне мерапрыемства прайшло ў форме метадычнага фестывалю “Педагагічныя ініцыятывы як аснова фарміравання станоўчага іміджу адукацыі”, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў, намеснікі дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі раёна. Педагагічныя праекты, медыяадукацыя, інфармацыйныя тэхналогіі — усё гэта абмяркоўвалася спецыялістамі.

Плённа працавалі і работнікі спецыяльнай адукацыі. Напрыклад, у Любанскім раённым ЦКРНіР правялі метадычны мост “Падрыхтоўка вучняў навучэнцаў да валанцёрскай дзейнасці ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі”. Спецыялісты пазнаёміліся з удзельнікамі валанцёрскіх атрадаў “Добрае сэрца” і “Крылы анёла”, абласным педагагічным праектам па падрыхтоўцы вучняў да валанцёрскай дзейнасці, прайшоў тэматычны семінар-трэнінг.

Апошнімі на марафонскую дыстанцыю выйшлі кіраўнікі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах абноўленага зместу агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама выкарыстанне сучасных кіраўніцкіх стратэгій у дзейнасці кіраўніка ўстановы адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.