Педагагічныя класы — кадравы патэнцыял сталіцы

У БДПУ абмеркавалі, як прыцягнуць на педагагічныя спецыяльнасці матываваных абітурыентаў. Важнай умовай для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі і пераадолення кадравай праблемы ўдзельнікі нарады назвалі педкласы. Іх колькасць, прынамсі ў сталіцы, павінна павялічвацца.

У нарадзе прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, рэктар БДПУ Аляксандр Жук, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава, кіраўнікі ўпраўленняў па адукацыі раённых адміністрацый Мінска і дырэктары школ. Было адзначана, што сталіцы патрэбны педагогі (сёння ў горадзе больш за 600 вакансій) і менавіта педагагічныя класы могуц­ь стаць эфектыўным механізмам для пераадолення кадравай праблемы.

“Педагагічная прафілізацыя на старшай ступені апраўдвае сябе, — заўважыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Аднак не сакрэт, што ёсць педкласы, дзе выпускнікі нават не збіраюцца паступаць на педагагічны профіль. Мы не гаворым, каб усе 100 працэнтаў ішлі ў педуніверсітэт, але лічым неабходным актывізаваць прафарыентацыйную работу на сярэдняй ступені, каб у 10-я педагагічныя класы прыхо­дзілі дзеці, пераважна матываваныя на выбар педагагічнай прафесіі”.

Рэктар БДПУ Аляксандр Жук паведаміў, што ў 2020 го­дзе ў краіне на педагагічныя спецыяльнасці паступіла амаль 650 выпускнікоў педкласаў (каля 35% ад агульнай колькасці). “Важным вынікам педагагічнай прафілізацыі з’яўляецца прыток у прафесію здольных, унутрана матываваных выпускнікоў школ. Іх выбар прадуманы і ўсвядомлены. Яны ведаюць перавагі і недахопы нашай прафесіі і маюць першасны вопыт педагагічнай дзейнасці”.

Аляксандр Іванавіч пацвердзіў наяўнасць канкурэнтных якасцей у гэтай катэгорыі абітурыентаў. “Маніторынг 2017—2020 гадоў паказаў, што разам з медалістамі яны складаюць найбольш моцную групу студэнтаў. Мы аналізуем вынікі экзаменацыйных сесій і бачым, што выпускнікі педкласаў паспяховыя ў вучобе. Яны сацыяльна актыўныя, амаль усе займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, удзельнічаюць у розных адукацыйных і сацыяльных праектах, часта выступаюць з уласнымі ініцыятывамі, — паведаміў Аляксандр Жук. — Такім чынам, створана ўнікальная сістэма па прыцягненні ў педагагічныя спецыяльнасці моцных і матываваных абітурыентаў, і гэта зроблена без ніякіх дадатковых фінансавых выдаткаў. Цяпер наш вопыт вывучаюць і выкарыстоўва­юць іншыя краіны”.

Маючы станоўчыя вынікі дзейнасці педкласаў (сёлета іх першыя выпускнікі ўжо атрымаюць універсітэцкія дыпломы), лагічна  разлічваць на паступовае паляпшэнне сітуацыі з педагагічнымі кадрамі. Але, як заўважыў Аляксандр Жук, многае залежыць ад пазіцыі раённых адміністрацый і дырэктараў устаноў адукацыі.

“Сёлета БДПУ плануе размеркаваць 704 маладых спецыялістаў, — паведаміў Аляксандр Іванавіч. — Што тычыцца Мінска, то ў апошні час тут  адзначаецца істотны недахоп педагагічных работнікаў. Колькасць заявак на выпускнікоў ад камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за апошнія тры гады вырасла больш чым у паўтара раза. Калі ў 2019 годзе было 446 заявак, то сёлета — 750. У сталіцы асабліва не хапае выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў пачатковых класаў, настаўнікаў матэматыкі і інфарматыкі. Павялічылася патрэба ў сацыяльных педагогах, настаўніках фізічнай культуры, рускай і беларускай мовы. Штогод у БДПУ звяртаюцца кіраўнікі школ і дзіцячых садоў з просьбай накіраваць студэнтаў старшых курсаў для работы ў якасці педагогаў. Мы стараемся адгукацца, і ў гэтым навучальным годзе 306 нашых студэнтаў сумяшча­юць навучанне ва ўніверсітэце з работай ва ўстановах адукацыі. Лідзіруюць тут факультэт пачатковай адукацыі (68 чалавек), фізіка-матэматычны факультэт (59 чалавек), факультэт дашкольнай адукацыі (больш за 50 чалавек), Інстытут інклюзіўнай адукацыі (33 чалавекі)”.

Аляксандр ЖУК, рэктар БДПУ:

“На думку вучоных-футуролагаў, да 2050 года ключавымі стануць тры прафесіі: айцішнік, урач і педагог. Я паставіў бы на першае месца педагога, бо ад яго работы залежыць якасць падрыхтоўкі і айцішнікаў, і ўрачоў. А якасная падрыхтоўка педагогаў павінна пачынацца з прыцягнення ў прафесію здольных да яе і зацікаўленых абітурыентаў”.

Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік міністра адукацыі:

“У краіне дзейнічаюць 483 педагагічныя класы, у якіх займаюцца 4243 навучэнцы. На прафесійны выбар выпускнікоў педкласаў уплывае шэраг фактараў: наяўнасць у атэстаце адзнак не ніжэйшых за 7 балаў па вучэбных прадметах і не ніжэйшых за 8 балаў па прадметах уступных выпрабаванняў; наяўнасць рэкамендацыі педсавета ўстановы адукацыі; станоўчыя вынікі субяседавання ва ўніверсітэце; неабходнасць абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні не менш за 5 гадоў; абмежаванне пераліку педагагічных спецыяльнасцей, на якія можна паступаць на льготных умовах. Колькасць выпускнікоў педкласаў, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, з’яўляецца стабільнай і штогод складае прыкладна трэць ад выпуску”.

Аляксандр Жук заўважыў, што колькасць выпускнікоў БДПУ, якія размяркоўваюцца ў сталічныя ўстановы адукацыі, пакрысе расце (усяго каля 40%). Аднак універсітэт не можа задаволіць усе заяўкі горада, бо падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца таксама і для Мінскай вобласці.

“Мы лічым, што ключавым механізмам вырашэння кадравых праблем у сталіцы павінны стаць педагагічныя класы. Гэта дазволіць установам адукацыі атрымаць матываваных педагогаў, якія зрабілі свой прафесійны выбар яшчэ ў школе”, — заявіў на нарадзе рэктар БДПУ.

Рэктар БДПУ заклікаў прысутных узмацніць прафарыен­тацыйную работу з навучэнцамі педкласаў і, што вельмі важна, з іх бацькамі. “Мы разумеем, што ў Мінску многа ўніверсітэтаў і ў абітурыентаў вялікі выбар, але трэба знайсці хады, якія дапамогуць вырашыць кадравую праблему, — сказаў Аляксандр Жук. — У прафесіі педагога шмат пераваг — на іх трэба звяртаць увагу. Гэта гарантаванае працаўладкаванне, стабільная зарплата, пастаянны прафесійны рост, камфортныя ўмовы працы, двухмесячны адпачынак летам. Педагагічная адукацыя — гэта залог правільнага выхавання ўласных дзяцей і аснова моцнай сям’і. Ну і, вядома, трэба гаварыць пра высокі аўтарытэт паспяховага педагога. Калі настаўнік — прафесіянал, яму ўдзячны пакаленні выпускнікоў і іх бацькоў. А калі чалавек свядома выбраў прафесію і любіць яе, любіць дзяцей, усведамляе, што ён працуе на будучыню краіны, — што можа быць лепш?”

Аляксандр Жук падкрэсліў, што кадравыя перспектывы сталічных устаноў адукацыі залежаць ад іх саміх. “Трэба адкрываць педкласы, і працаваць там павінны лепшыя педагогі, улюбёныя ў сваю прафесію. У кожнай школе ёсць такія людзі. Яны запальваюць дзяцей сваім прыкладам і вядуць за сабой”, — заўважыў Аляксандр Іванавіч.

Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава пагадзілася, што многае залежыць ад зацікаўленасці ўпраўленняў і ўстаноў адукацыі, і запэўніла, што справа зрушыцца. У хуткім часе ў горадзе пройдзе канферэнцыя, дзе ўсе зацікаўленыя бакі абмяркуюць варыянты ўзаемадзеяння, каб сумеснымі намаганнямі знайсці важныя для сталіцы рашэнні.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ.