Педагагічныя “оскары” ад “акадэмікаў” ГрАІРА

Ва ўрачыстай атмасферы павіншавалі педагогаў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, які ўжо на працягу 76 гадоў дапамагае настаўнікам рэгіёна ў арганізацыі вучэбнага працэсу.

Шчырыя словы ўдзячнасці былі адрасаваны сённяшнім супрацоўнікам установы адукацыі і ветэранам працы, пажаданні поспехаў у выбранай прафесіі — маладым спецыялістам, што атрымалі сваё першае працоўнае месца ў розных кутках вобласці. Прыемным момантам свята стала ўручэнне заслужаных узнагарод.

Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. Віншуючы калег і ветэранаў педагагічнай працы з Днём настаўніка, ён адзначыў плённую працу на ніве адукацыі ўсіх педагогаў Гродзеншчыны.

Важнае месца на адукацыйнай прасторы рэгіёна адводзіцца абласному інстытуту развіцця адукацыі.

— Інстытут развіцця адукацыі займае значнае месца ў арганізацыі працы сістэмы адукацыі Гро­дзенскай вобласці. Пераацаніць тое, што робяць метадысты цэнтраў і аддзелаў інстытута, немагчыма, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Гэта дадатковая адукацыя дарослых, падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, іх суправа­джэнне на ўсіх узроўнях прафесійнай дзейнасці. Інстытут працуе не толькі з установамі адукацыі, але і прадастаўляе шырокі спектр адукацыйных паслуг па павышэнні кваліфікацыі для розных арганізацый Гродна і вобласці. Другая немалаважная функцыя інстытута — метадычная. Цэнтры і ўпраўленні ГрАІРА суправаджаюць адукацыйны працэс ва ўсіх установах дашкольнай, сярэдняй, прафесіянальнай адукацыі. Дзякуй вам, калегі! Дзякуй кіраўнікам, супрацоўнікам вучэбна-метадычных кабінетаў усіх раёнаў вобласці. Хачу па­дзякаваць за паспяховыя старты 2020 года па многіх кірунках.

Руслан Абрамчык таксама адзна­чыў, што спецыялісты ГрАІРА працуюць над тым, каб самыя актуальныя тэхналогіі і матэрыялы былі даступныя ўсім педагогам. Як прыклад, у няпросты час пандэміі менавіта абласны інстытут развіцця адукацыі пачаў распрацоўку пытанняў выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Аператыўна пачалася падрыхтоўка ўрокаў, педагогаў і спецыялістаў. Былі арганізаваны заняткі для метадыстаў усіх раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, якія затым займаліся з настаўнікамі ў сваіх рэгіёнах. Ужо ў красавіку было арганізавана выкладанне ў фармаце анлайн. І такія тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў многіх напрамках работы. Гэта і суправаджэнне маладых спецыялістаў, і падрыхтоўка лепшых педагогаў да ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”.

Традыцыйна ўжо чацвёрты год на базе ГрАІРА працуе методыка-педагагічная акадэмія. Раз у год яна падводзіць вынікі і ўручае педагагічныя “оскары”. У гэтым годзе перамогу атрымала ўпраўленне адукацыі Карэліцкага райвыканкама. У намінацыі “За ўзаемадзеянне ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых” узнагароджаны вучэбна-метадычны кабінет Воранаўскага раёна, у намінацыі “За гасціннасць і пастаянную гатоўнасць да супрацоўніцтва” — гімназія № 10 Гродна і Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж. Навучальныя ўстановы і лепшыя педагогі атрымалі ўзнагароды ў іншых намінацыях.

— У гэтым годзе методыка-педагагічная акадэмія ўводзіць новую намінацыю “Лідар новай фармацыі”, — расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Сяргейка. — Акадэмікі аднагалосна прагаласавалі за тое, каб прысудзіць гэтае званне начальніку галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслану Абрамчыку.

У гэтым годзе ўпершыню быў праведзены абласны конкурс у дыстанцыйнай форме для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай, вучэбна-выхаваўчай, вучэбна-метадычнай рабоце з вопытам работы на пасадзе не менш за 2 гады “Метадычны анлайн-экспрэс — 2020”. Пераможцы вызначаны і ўзнагароджаны. Дыпломы І ступені атрымалі намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Аскірка і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Радуньскай сярэдняй школы Ірына Удаева.

Добрыя парады гучалі ў адрас маладых спецыялістаў Гродзеншчыны, якія ў гэты дзень уступілі ў віртуальную школу маладога педагога і далі клятву.

Асабліва цёпла віншавалі са святам педагогаў-ветэранаў. Неацэнны той уклад, што ўнеслі яны ў развіццё сістэмы адукацыі Гродзеншчыны. Для іх, а таксама ўсіх педагогаў школьнікі і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі падрыхтавалі музычныя падарункі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.