Раніца 22 чэрвеня для выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Грэнада” сярэдняй школы № 9 Слоніма ў гэтым годзе пачалася ў 4.00. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа дзеці сталі ўдзельнікамі маштабнай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Звыклая справа
Вопыт удзелу ў падобных мерапрыемствах для іх — звыклая практыка дзякуючы захопленаму сваёй справай педагогу дадатковай адукацыі Віктару Мікалаевічу Пензе.
— Толькі ў Брэсцкай крэпасці ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі мы прынялі ўдзел трынаццаты раз. Заўсёды для ўдзельнікаў нашага клуба “Грэнада” — гэта бяссонная, але вельмі доўгачаканая і хвалюючая ноч. І яна абавязкова становіцца важным і значным укладам у справе іх патрыятычнага выхавання, — гаворыць Віктар Мікалаевіч.
На працягу некалькіх дзён разам з вучнямі ён рыхтаваўся да гэтай маштабнай падзеі: абсталяваў лагер, падбіраў ваенную экіпіроўку і амуніцыю, макеты зброі. У кожнага з маладых людзей, як і ў педагога, была свая роля, да выканання якой усе падышлі сур’ёзна, адказна і з душой.
— Удзел у ваенна-гістарычнай рэканструкцыі чарговы раз даў магчымасць акунуцца ў ваенную гісторыю, адчуць боль, горыч, пакуты, якія прынесла вайна людзям. А разам з тым яшчэ раз усвядоміць ступень мужнасці і гераізму, праяўленыя абаронцамі Брэсцкай крэпасці ў першыя мінуты, гадзіны, дні вайны, — гаворыць пра змястоўны бок дзейства Віктар Мікалаевіч.
Шлях да школы
Са слонімскай школай № 9 яго звязвае ўжо амаль 30 гадоў цікавай работы з падрастаючым пакаленнем. Яшчэ больш за трыццаць да гэтага ён прысвяціў службе ва Узброеных Сілах. Старт гэтаму шляху быў дадзены якраз у Слоніме, але па абавязку службы з дзясятак гадоў прайшло ў далёкім ад райцэнтра Гродзеншчыны геаграфічным пункце на Далёкім Усходзе.
— У стаўшы родным Слонім вярнуўся пасля звальнення ў запас у 1993 годзе. Праз некаторы час пачаў актыўную работу з падрастаючым пакаленнем на базе 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Пра словазлучэнне “ваенна-патрыятычны клуб” тады яшчэ ніхто не чуў. Але па сваёй сутнасці гэта было якраз такое фарміраванне, — успамінае суразмоўнік.
У музеі школы сёння захоўваецца загад аб стварэнні першага ў Слоніме ваенна-спартыўнага клуба ад 1996 года. І гэты час Віктар Мікалаевіч называе зыходным пунктам на шляху да стварэння ў Слоніме кадэцкага корпуса.
— Маімі клубаўцамі на той момант былі пераважна дзеці вайскоўцаў. Але хацелася далучыць да гэтай справы значна большую колькасць маладых людзей. Памятаю, увосень 1997 года на старонках газеты “Во славу Родины” было апублікавана палажэнне аб стварэнні ваенна-патрыятычных класаў. З газетай у руках тады абышоў многія школы райцэнтра, і літаральна з парога гэтую ініцыятыву падтрымала ў той час дырэктар нашай 9-й школы Любоў Слюсарава, — працягвае В.Пенза.
Першы бой для першага класа
Першы ваенна-патрыятычны клас ва ўстанове адукацыі адкрылі ў тым жа годзе. Зразумела, класным кіраўніком усяго для 26 навучэнцаў тады стаў падпалкоўнік запасу Віктар Мікалаевіч Пенза. Сёння ж 164 кадэты і выхаванцы 5—11 класаў працягваюць слаўныя традыцыі кадэцтва Слонімшчыны.
— Пры падтрымцы 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады імкнуўся часцей падарожнічаць з дзецьмі да месцаў баявой славы. Ужо ў 1998 годзе мы сталі гледачамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі на Барадзінскім полі на тэрыторыі аднайменнага музея-запаведніка ў Расіі. Гэта вельмі натхніла і ўзрушыла і мяне, і дзяцей. З таго часу і зарадзілася ідэя ўдзелу ў рэканструкцыях.
У пачатку 2000-х на тэрыторыі Слоніма здымалі фільм “У жніўні 44-га”. Назіраючы за гэтым працэсам, Віктар Мікалаевіч толькі ўмацаваўся ў правільнасці намечаных планаў. Сёння ў арсенале яго грэнадаўцаў абмундзіраванне часоў 1812 года, 1914-га, 1941-га і 1943-га.
І гэта не проста форма пэўных часавых адрэзкаў гісторыі. У духу 1812 года клубаўцы Віктара Мікалаевіча ўзнаўляюць карціны баёў Полацкага пяхотнага палка. Апранаючы форму 1914 года, успамінаюць аб бітвах, у якіх удзельнічалі байцы Полацкага кадэцкага корпуса. У абмундзіраванні 1941 года яны гартаюць старонкі гісторыі 62-га Брэст-Літоўскага ўмацаванага раёна, дзейнасць якога была звязана ў тым ліку з абаронай Брэсцкай крэпасці. А на перыяд 1943-га — 11-й танкавай дывізіі, для якой у пасляваенны час месцам пастаяннай дыслакацыі стаў Слонім.
— Кожны год ужо на працягу доўгага часу мы ўдзельнічаем у ваенна-гістарычных рэканструкцыях на рацэ Бярэзіне пад Барысавам і на Барадзінскім полі. Больш за дзясятак гадоў нязменна сустракаем світанак 22 чэрвеня ў Брэсце… І гэта толькі малая частка нашай рэканструктарскай геаграфіі, — здзіўляе суразмоўнік.
Рэканструкцыя — гэта не гульня ці спектакль
Ваенна-патрыятычны клуб “Грэнада” сёння адкрыты для ўсіх жадаючых. Але на пастаяннай аснове спяшаюцца на заняткі да здольнага захапіць цікавай гісторыяй педагога каля дваццаці хлопчыкаў. Усе яны захоплены рэканструкцыяй практычна ў той жа ступені, што і Віктар Пенза.
— Мае хлопцы добра разумеюць, што гістарычная рэканструкцыя — гэта не гульня або спектакль. Гэта менавіта аднаўленне храналогіі падзей мінулага, і ў аснове асноў тут — веды. Удзел у рэканструкцыі для членаў нашага клуба — гэта свайго роду заахвочванне за паглыбленае вывучэнне таго ці іншага гістарычнага перыяду. Нікому з іх, напрыклад, мне сёння не трэба расказваць, што Барадзінскае поле — гэта не толькі пра 1812 год. Гэта месца бітвы дзвюх войнаў, і ў кастрычніку 1941 года шэсць дзён тут трымалі абарону супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адзначае Віктар Мікалаевіч.
На пытанне, калі асабіста ў яго жыцці з’явілася цікавасць да службы ва Узброеных Сілах і паглыбленага вывучэння ваеннай гісторыі, суразмоўнік адказаў пасля непрацяглай паўзы:
— Напэўна, з тых часоў, як сябе памятаю. Яшчэ хлопчыкам заўсёды гуляў з салдацікамі. Каб вы добра разумелі маштаб такога “заўсёды”, скажу толькі, што іх у мяне было некалькі тысяч… З пластыліну ляпіў толькі танкі, і пытанне выбару прафесіі для мяне было відавочным з малых гадоў. У 1972 годзе скончыў Ленінградскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае двойчы Чырванасцяжнае вучылішча імя С.М.Кірава і быў актыўным удзельнікам сувораўска-кадэцкага руху.
Павагу да службы педагог нясе не толькі праз усё сваё жыццё, але і ў добрым сэнсе заражае гэтым пачуццём хлопчыкаў. Толькі ў 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе Слоніма сёння служыць 31 выпускнік кадэцкага корпуса сярэдняй школы № 9. Шасцёра выпускнікоў у званні палкоўнікаў нясуць службу ў розных сілавых падраздзяленнях краіны.
Калекцыі з экскурсам у мінулае
Удзел у рэканструкцыях — толькі частка ваенна-гістарычных захапленняў педагога. У музеі кадэцкага корпуса сёння прадстаўлена сабраная на працягу амаль трыццаці гадоў калекцыя алавянных салдацікаў — каля 350 штук. Расказваючы пра сваё хобі, педагог робіць важную рэмарку:
— Гэта не цацкі, а, калі хочаце, адна з частак шырокага паняцця “навука гісторыя”. Кожная алавянная мініяцюра — мадэль абмундзіравання якога-небудзь роду войскаў у пэўным гістарычным адрэзку.
Разам з тым на дамашніх паліцах калекцыйныя інтарэсы суразмоўніка прадстаўлены яшчэ адным момантам. Каля пяцісот аўтамабіляў з серыі аўталегенды — яшчэ адзін атрыбут прыцягнення ўвагі школьнікаў да паглыбленага вывучэння ваеннай гісторыі.
— Ёсць у мяне і вялікая калекцыя навуковай літаратуры адпаведнай тэматыкі. Але моладзь сёння не так лёгка зацікавіць проста прапановай пачытаць кнігу. Спачатку павінна ўзнікнуць шчырая цікавасць. І якраз гэтаму садзейнічаюць мае калекцыі і ўдзел у ваенна-гістарычных рэканструкцыях, — дзеліцца Віктар Мікалаевіч.
Займацца тым, што дорага
Працоўны стаж Віктара Пензы даўно ідзе паралельна пенсіённаму. Але думкі аб адпачынку ён нават не разглядае.
— Займаюся тым, што мне вельмі дорага. І захапляю гэтай справай неабыякавых дзяцей. Няўжо магу пазбавіць іх такога задавальнення? — рэзюмуе Віктар Мікалаевіч.
І тут як з песняй — і слоў не выкінеш, і ад сябе нічога не дадасі.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА