Педагог — гэта мастак

- 12:24Выбар прафесіі

У сучасным свеце, калі здзівіць — а тым больш уразіць — некага вельмі цяжка, установы прафесійнай адукацыі наладжваюць кантакт з будучымі абітурыентамі з дапамогай новых метадаў. Адным з такіх дзейсных сродкаў сталі майстар-класы, якія каледжы праводзілі ў межах выставы “Адукацыя і развіццё”, што праходзіла ў сталіцы з 14 па 16 лютага.

Знаёмства з Мінскім гарадскім педагагічным каледжам для многіх пачалося са злоўленай фразы “Мы настаўнікі, таму павінны ўмець рабіць усё”. Так перад дапытлівым наведвальнікам адкрывалася шматколерная і яркая пляцоўка ўстановы, дзе будучыя настаўнікі ў майстэрні “Незвычайнае ў звычайным” здзіўлялі нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання. Тут не было вялікай колькасці пэндзляў розных памераў, традыцыйных палітраў для змешвання фарбаў і прадметаў для стварэння нацюрмортаў, а вось шклянак з мыльнымі растворамі розных колераў і саломінак для напіткаў было дастаткова. Як ні дзіўна, але гэта — поўны арсенал для малявання. У педагагічным каледжы такі прыём называюць кляксаграфіяй.

Спецыялісты тлумачаць, што кляксы звычайна пужаюць людзей. Маўляў, пасадзіў кляксу — сапсаваў малюнак, усё скончана. Таму самі педагогі ідуць у гэтым метадзе ад супраціўнага: з кляксы тут усё пачынаецца. Малюючы растворамі на аснове мыльных сродкаў, чалавек ніколі не ведае, што атрымаецца ў выніку. Адметнасць кляксаграфіі ў тым, што ў рабоце з ёй спецыяльнай адукацыі недастаткова: нават у прафесіянала можа атрымацца не так хораша, як у зацікаўленага дзіцяці. Дзеці, па словах студэнтаў каледжа, заўсёды ствараюць нешта незвычайнае і адметнае. Сакрэт методыкі ў тым, што на першае месца выходзіць не прафесіяналізм, а выпадак.

“Назіраючы за дзецьмі, я зразумела, што звычайны, нічым не падмацаваны і не афарбаваны сухі матэрыял яны не ўспрымаюць, не запамінаюць. Але калі падыходзіць да гэтага творча, выклікаць асацыяцыі, то ўсё мяняецца, — расказвае выкладчык выяўленчага мастацтва мадэратар майстар-класа Надзея Гурэвіч. — Уражанні, як успышкі, як сонечныя зайчыкі, затрымліваюцца ў памяці, пасля чалавек звяртаецца да іх. У нашым жыцці вялікую ролю адыгрывае выпадак: нічога не бывае строга запланаваным. Нешта нам падабаецца — і мы ідзём за ім, нешта ўлюбляе ў сябе — рухаемся ў гэтым кірунку. Так і з нашымі патэнцыяльнымі абітурыентамі. У іншай сітуацыі дзіця магло б прайсці і не заўважыць нас, але, убачыўшы нешта новае, спыняецца, цікавіцца. А пасля задаецца пытаннем: “А чаму б і не паспрабаваць?” І часта застаецца назаўсёды. Такім чынам мы стараемся спыніць увагу школьніка на сабе. Нетрадыцыйны спосаб у адукацыі — вельмі карысная рэч: дзеці — гэта самыя творчыя людзі. Да іх нельга падыходзіць з сухім матэрыялам, усё павінна быць накіравана на развіццё іх нярэдка схаванага патэнцыялу. Трэба ва ўсім несці творчы пасыл, нягледзячы на тое, які прадмет выкладаеш. Што б гэта ні было — матэматыка, мова, літаратура або выяўленчае мастацтва — усё павінна быць цікавым, запамінальным, асабліва калі працуеш з малымі дзецьмі, у якіх толькі фарміруеца ўспрыманне свету. Творчасць — гэта дабрыня, як і прыгажосць”.

Спачатку ўдзельнікам майстар-класа “Незвычайнае ў звычайным” няпроста: адбіваецца бо язь зрабіць нешта няправільна. Пасля, калі хлопцы і дзяўчаты пераконваюцца, што ўсё ў парадку, варта толькі паспрабаваць, іх цікавасць абуджаецца. І цудоўныя вынікі паказвае кожны. Арганізатары перакананы, што мастак жыве ў кожным. І кляксаграфія даказвае гэта. Праходзіць час — і ўдзельнікі ўжо расказваюць пра свае творы: “Глядзіце, у мяне нават сэрцайка атрымалася”.

Выкладчык прызнаецца, што з кляксаграфіяй яна пазнаёмілася нядаўна і засвоіла яе ўсяго за тры дні. Цяпер на паперы з’яўляюцца цэласныя вобразы. Надзея Уладзіміраўна расказвае, што гэтаму яе навучылі дзеці (вучэбны працэс у педагога пабудаваны па прынцыпе ўзаемнага навучання). Пры гэтым дзецьмі педагог называе не толькі сваіх выхаванцаў, але і тых малышоў, настаўнікамі якіх стануць выпускнікі каледжа.

“Мы кантактуем з малымі. Трэба ж ведаць, пад чые патрэбы рыхтуем спецыялістаў, — усміхаецца Надзея Уладзіміраўна. — Дзеці — наш спажывец”.

Дарэчы, у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы рыхтуюць кадры на аснове 9 класаў па спецыяльнасцях “Педагог дашкольнай адукацыі” і “Педагог пачатковых класаў”. Трэцякурсніцы апошняга напрамку Аляксандра Кунік і Святлана Марозава прыйшлі на выставу, каб дапамагчы свайму выкладчыку. Першае, што можна пачуць ад дзяўчат, — тое, што вучыцца ў каледжы класна.

“Мы вучымся ў неверагодна адукаваных людзей, якія паказваюць прыклад у тым, якімі павінны быць настаўнікі, вучаць нас быць сапраўднымі педагогамі. Да нас адносяцца вельмі цёпла, і мы адчуваем павагу да сябе. Увесь педагагічны калектыў аднолькава цудоўны: выкладчыкі не дзеляцца на любімых і нелюбімых. Мы любім кожнага, яны ў нас самыя лепшыя”, — расказваюць студэнткі.

Аляксандра прызнаецца, што хацела быць доктарам, але любоў да дзяцей урэшце вызначыла яе лёс. Дзяўчына — валанцёр, сваю дзейнасць яна характарызуе фразай:“Я знаходжуся ўсюды, але найперш там, дзе дзеці”. Студэнтцы ёсць на каго раўняцца: яе бабуля раней працавала дырэктарам школы. Саша расказвае, як бабуля ганарыцца ёй. І трэцякурсніца імкнецца ста ць дастойным педагогам.

“Больш за ўсё падабаецца працаваць з дзецьмі. Я вельмі люблю практыку! З нецярплівасцю9 чакаю, калі ўжо прыйдзе чарговая. Заўсёды цікава, як павядуць сябе дзеці, як я буду шукаць падыход да кожнага, — натхнёна расказвае Аляксандра.

Святлана жадала быць псіхолагам, аднак атрымліваць псіхалагічную адукацыю адразу ёй не хацелася. Як тлумачыць дзяўчына, па-іншаму працавала б мысленне. Студэнтка лічыць, што, каб лепш зразумець глыбіні псіхалогіі, трэба спачатку стаць годным педагогам.

Увагу наведвальнікаў прыцягвала і пляцоўка Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі. Тут прайшлі майстар-класы па ручным дыванаткацтве, стварэнні аб’ёмнай лазы з шаўковай стужкі і вырабе карцін у тэхніцы кінусайга (з выкарыстаннем рознакаляровых кавалкаў тканіны на пенапластавай аснове). Ад выкладчыкаў можна было даведацца, чым адрозніваецца гаспадарчы пенапласт ад пенапласту для работы з тканінай, што кінусайга і канусайга (тэхніка стварэння цацак) — розныя тэхнікі. На стэнд установы завіталі як школьнікі, так і старэйшыя наведвальнікі. Самым экзатычным з майстар-класаў можна па праве назваць ручны выраб дываноў.

Па словах загадчыка аддзялення па рабоце з навучэнцамі з АПФР каледжа Наталлі Бугравец, прадстаўленыя кірункі — толькі невялікая частка гурткоў, якія дзейнічаюць ва ўстанове. У навучэнцаў ёсць магчымасць наведваць дадатковыя заняткі па ручной і машыннай вышыўцы, саломапляценні, фларыстыцы, вязанні кручком і швейнай справе.

“У пачатку года ў нас фарміруецца група, пасля асноўных заняткаў дзеці прыходзяць займацца ў гурток. Праўда, стварэнне дываноў — справа не самая лёгкая: тут застаюцца ўседлівыя, цярплівыя дзеці, у якіх добра развіта фантазія, ёсць пачуццё колеру і разуменне малюнка”, — расказвае педагог дадатковай адукацыі Марыя Гарэлышава. Педагагічны стаж спецыяліста ў сферы прафесійнай адукацыі складае амаль паўстагоддзя.

“Прымяніць уменне можна дзе заўгодна, — расказвае выкладчык. — Такі габелен упішацца ў любы інтэр’ер. А які гэта падарунак! Але самае галоўнае — валодаючы тэхнікай стварэння дывана, ты можаш перадаць яе іншаму. Інакш у гэтым няма сэнсу, бо мастацтва знікне ў нікуды.

Педагог прызнаецца, што займацца ручным стварэннем дываноў яна імкнулася заўсёды, таму перашкоды, якія выпадалі на шляху, яе не спынялі. А, трэба адзначыць, іх было дастаткова: не было ні спецыялістаў у гэтай сферы, ні падручнікаў з інструкцыямі. Таму, па словах Марыі Сафронаўны, ёй прыходзілася адшукваць інфармацыю па крупінках: то пачуўшы нешта ад знаёмых, то даведаўшыся нешта з тэлеперадач або з нешматлікіх кніг.

“Калі з’явіліся першыя перадачы пра рамёствы, сачыла за дзеяннямі рамеснікаў, але, паколькі на экране ўсё робіцца хутка, многага схапіць не ўдавалася. Да многага прыйшлося даходзіць самой. А вязаць вузельчыкі, напрыклад, мяне навучыла студэнтка з Літвы, — згадвае Марыя Гарэ-лышава. — Мне лёсам напісана было быць мастаком, але захапленне дыванаткацтвам узяло верх”.

Марыя Сафронаўна пераканана, што для кожнага майстра важна хацець падзяліцца тым, што ён умее, перадаць здольнасці, асабліва калі нехта да гэтага моцна імкнецца.

Наталля Бугравец расказвае, што ў Марыі Сафронаўны развіты выключны густ, пачуццё колеру і кампазіцыі. Па словах Наталлі Ільінічны, такіх, як яе калега, у Беларусі адзінкі: унутры Марыі Гарэлышавай жыве маленькі дыванаткач, а ў дадатак да гэтага яна цудоўна малюе.

“Калі ты жывеш стварэннем дываноў, то гэта займае кожную хвіліну, твае думкі заўсёды скіраваны на творчасць, — дзеліцца Марыя Сафронаўна. — Што б ты ні рабіў, чым бы ні займаўся, пастаянна разважаеш над тым, як работу можна палепшыць, як яе аформіць, унесці туды нешта асаблівае, запамінальнае, адметнае. Як толькі выхопліваеш вольную хвілінку — бяжыш да рамкі. Ганаруся тым, што ў мяне ўсё гэта ёсць, што я магу займацца дыванаткацтвам не толькі як любімай справай, але і сумяшчаць гэта з прафесійнай дзейнасцю, вучыць дзяцей. Напэўна, гэта і ёсць шчасце.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.