Педагог і творчасць — вялікая сіла

- 11:09Навіны рэгіёнаў

“Дарогу настаўніцы музыкі я выбрала сама і ніколі аб гэтым не пашкадавала, бо лепшай прафесіі проста не ведаю!” — так Аксана Анатольеўна Дручыніна тлумачыць свой выбар у жыцці.

Аксана Анатольеўна — настаўнік першай кваліфікацыйнай катэгорыі, педагог-практык з 20-гадовым стажам. У 1993 годзе скончыла Гродзен­скае музычнае вучылішча. Пачынала працаваць у музычнай школе выкладчыкам па класе баяна. Тады ў 1993 годзе маладой настаўніцы адразу даверылі адкры­ваць філіял музычнай школы ў вёсцы Стары Дворац Бераставіцкага раёна. З таго часу лёс моцна знітаваў Аксану Ана­тольеўну з гэтым месцам. Сваім запалам і тэмпераментам яна захапляла не толькі дзяцей, але і дарослых, актыўна ўдзельнічала ва ўсіх культурных мерапрыем­ствах сельскага клуба. Пасля замужжа і дэкрэта шмат гадоў выкладала музыку ў Паплаўскім дзіцячым садзе — базавай школе, а цяпер гэта адзін з самых творчых і артыстычных педагогаў Вялікабераставіцкага ясляў-сада.

Аксана Дручыніна знаходзіцца ў ня­спынным творчым пошуку. У адукацыйным працэсе яна прымяняе сучасныя тэхналогіі. Стараецца разнастаіць музычныя заняткі нетрадыцыйнымі метадамі, гульнявымі і здароўезберагальнымі прыёмамі, цікавымі сюрпрызнымі момантамі. Педагог дзеліцца вопытам з калегамі з раёна, з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання музычных кіраўнікоў дашкольных устаноў адукацыі Бераставіцкага раёна. У 2019/2020 навучальным годзе ў рамках метадычных аб’яднанняў падзялілася вопытам па тэмах “Сучасныя патрабаванні да правядзення музычных заняткаў” і “Віды здароўезберагальных тэхналогій для выкарыстання ў музычнай дзейнасці”.

— На маю думку, музыка павінна дапамагчы дзецям навучыцца выказваць свае эмоцыі. І тут усё залежыць ад настаўніка, яго адукаванасці, шчырасці, дабрыні, любові. Лічу сябе шчаслівай, бо мае маленькія выхаванцы вераць мне, ідуць за мной, разам з імі мы дасягаем поспехаў, — гаворыць Аксана Анатольеўна.

А поспех — гэта выдатныя сольныя і калектыўныя выступленні выхаванцаў з песнямі і танцамі. На сваіх занятках педагог стараецца далучыць дашкольнікаў да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, абудзіць жаданне шанаваць традыцыі і культуру роднага краю.

На працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці Аксана Анатольеўна займалася з дзецьмі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Асвоіла розныя тэхнікі: канструяванне з паперы, цестапластыку, работу са скурай, бісерапляценне, вышыўку. Пастаянна ўдзель­нічае ў разнастайных конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кожны раз здзіўляючы калег новымі вырабамі. А ў гэтым годзе ў Музеі вавёркі ў Вялікай Бераставіцы адбылася яе персанальная выстава работ. У педагога шмат ідэй. І некаторыя рэалізаваны ў афармленні музычнай залы. Так, напярэдадні аднаго з ранішнікаў у зале з’явіліся цудоўныя роставыя кветкі з паперы. А калідор, які вядзе ў музычную залу, таксама павінен ствараць настрой. Так вырашыла наш самы творчы педагог і сама распісала сцены. Выхаванцы дзіцячага сада не стрымліваюць эмоцый, ім вельмі падабаюцца мілыя ўсмешкі жывёл.

У нашым дзіцячым садзе Аксана Ана­тольеўна рэалізуе сябе як педагог дадатковай адукацыі, яна займаецца з выхаванцамі харэаграфіяй. Работай захоплена, імкнецца да паляпшэння сваіх ведаў, займаецца самаадукацыяй. Валодае арганізатарскімі здольнасцямі, якія праяўляюцца ў рабоце з дзецьмі і бацькамі. Таму на свяце “Мама любімая мая” танцавалі не толькі выхаванцы, але і іх мамы. Бацькі з удзячнасцю адносяцца да педагога за яе нялёгкую працу, цярпенне, жаданне далучыць дзяцей да мастацтва.

У педагагічнай рабоце педагог заўсёды арганізаваная, патрабавальная. Ёй уласцівы самакантроль, дысцыпліна, якія даюць магчымасць прымаць правільныя рашэнні. Камунікабельнасць дазваляе ёй хутка паладзіць і з дзецьмі, і з калегамі. За гэтыя і іншыя якасці Аксана Дручыніна абрана старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вялікабераставіцкага ясляў-сада. Да абавязкаў старшыні ставіцца з вялікай адказнасцю. За высокі прафесіяналізм і поспехі ў працы ў 2020 годзе ўзнагароджана граматай Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта.

Музыка і мастацтва суправаджаюць Аксану Анатольеўну ўсё жыццё не толькі на рабоце, але і дома. Любоў да музыкі яна прывіла сваім дзецям. Старэйшы сын скончыў музычную школу па класе цымбалаў. Выдатнік вучобы і ўдзельнік шматлікіх конкурсаў. Дачка — скрыпачка, скончыла музычную школу, Гродзенскі музычны каледж і вярнулася ў родную школу ў якасці педагога па вакале і тэарэтычных дысцыплінах. Малодшы сын не менш творчы, ён таксама выбраў для сябе цымбалы. “Надзейны муж і цудоўныя дзеці — вось тое, што дае мне сілы кожны дзень з радасцю ісці на работу і натхнёна працаваць, — дзеліцца Аксана Анатольеўна. — Гэта мелодыя майго сэрца”.

Ганна АЎХІМЕНЯ,
кіраўнік фізічнага выхавання Вялікабераставіцкага ясляў-сада.