Педагог і яе лялькі

- 10:34Людзі адукацыі

Педагог-псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ясляў-сада № 161 Мінска, кіраўнік метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна сталіцы і наш даўні пастаянны аўтар Наталля Іванаўна Стэльмах пры сустрэчы з журналістамі “Настаўніцкай газеты” доўга расказвае пра працу… сваіх калег. Пра тое, якія творчыя і ў той жа час сціплыя педагогі-псіхолагі працуюць у яе раёне, у сталіцы, і ўвогуле ва ўсёй сферы адукацыі. Пра тое, колькі важных і патрэбных дзецям праектаў яны распрацоўваюць. Пра тое, як неверагодна ёй, Наталлі Іванаўне, пашанцавала з кіраўніком установы дашкольнай адукацыі — Таццянай Піліпаўнай Арцёменка, якая заўсёды падтрымае і ніколі не будзе перашкаджаць творчаму працэсу і самаразвіццю педагога.

А мы бачым далікатную, абаяльную жанчыну, для якой яе праца — гэта цэлае жыццё. Вялікае, яркае і крыху гарэзлівае. Як вы думаеце, прыемна кожны дзень гуляць з дашкольнікамі ў лялькі? А самой прыдумляць гэтых лялек? І не простых, а эмацыянальных.

Шлях у прафесію педагога-псіхолага ў Наталлі Іванаўны Стэльмах атрымаўся, скажам так, заканамерным. Скончыўшы ў 1993 годзе школу, яна паступіла ў Полацкі педагагічны каледж, а пасля яго працягнула адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на аддзяленні дашкольнага выхавання. Там жа вырашыла перайсці на факультэт псіхалогіі. “На той момант у мяне быў маленькі сын. Напэўна, гэта мяне і падштурхнула да вывучэння псіхалогіі, — тлумачыць Наталля Іванаўна. — Паколькі ў мяне ўжо быў вопыт работы з дашкольнікамі, дзесьці ў падсвядомасці я разумела, што ў маленькіх дзяцей шмат праблем менавіта эмацыянальнага плана, якія трэба вырашаць, бо калі іх не вырашыць у дашкольным перыядзе, потым яны назапашваюцца і пераходзяць у школьны ўзрост і ў дарослае жыццё. А яшчэ прафесія педагога-псіхолага — гэта зносіны з людзьмі, а я вельмі таварыскі чалавек. Вось пазл і склаўся”.

Працуе Н.І.Стэльмах у асноўным з дзецьмі, але шмат часу прысвячае і дарослым — бацькам сваіх выхаванцаў. Як паказвае практыка, 80% праблем, што існуюць, ідуць з сям’і, і зразумела, што працаваць з бацькамі неабходна.

“Калі я толькі пачынала працаваць, то рабіла, напэўна, вельмі вялікую памылку, і не параю так рабіць ніводнаму псіхолагу. Але гэтаму не навучышся, гэта не выхаваеш, да гэтага трэба прыйсці самому. Справа ў тым, што я вельмі блізка да сэрца прымала праблемы іншых людзей і прыходзіла дадому выціснутая як лімон. З гадамі я зразумела, што трэба навучыцца пакі­даць працу на працы, а сябе прадастаўляць сабе. Я вельмі люблю чытаць, глядзець фільмы. Люблю наведваць рок-канцэрты, і я заўзяты хакейны і футбольны балельшчык. Менавіта так разгружаюся. Гэтак жа вельмі люблю падарожнічаць, дзе адпачываю і фізічна, і эмацыянальна”, — дзеліцца педагог-псіхолаг.

Гэты год у Наталлі Іванаўны выдаўся асабліва гарачым дзякуючы адукацыйным паездкам за мяжу. У лютым яна была на міжнароднай стажыроўцы ў Германіі з наведваннем адукацыйнай выставы Didacta ў Кёльне, дзе вывучала вопыт работы па ступенях адукацыі — школа, каледж, універсітэт. “Было вельмі цікава, нават асабіста для сябе, — прызнаецца Н.І.Стэльмах, — бо любы вопыт каштоўны”. А літаральна праз некалькі дзён педагог-псіхолаг са сваім аўтарскім праектам “Эмацыянальныя лялькі” (пра які не раз пісала наша газета) едзе ў Польшчу ў міжнародны дзіцячы летнік адразу на дзве змены. Гэта будзе першы падобны вопыт работы ў іншай краіне, хоць у Беларусі Наталля Іванаўна са сваімі лялькамі працуе ў дзіцячых аздараўленчых лагерах ужо каля васьмі гадоў.

— Чаму менавіта лялькі? — усміхаецца Наталля Іванаўна. — Любы педагог, любы творчы чалавек, калі на працягу доўгага часу працуе ў адным кірунку, рана ці позна пачынае шукаць новыя шляхі, новыя методыкі, новыя тэхналогіі для рэалізацыі сваіх ідэй. Каля васьмі гадоў назад мне прыйшла ідэя візуалізаваць пачуцці і эмоцыі чалавека на чымсьці тактыльным, да чаго можна дакрануцца, што магло б паказаць дзіцяці эмоцыю, каб яно змаг­ло патрымаць эмоцыю ў руцэ. Разам з выдатнай мастачкай арт-дызайнерам Ірынай Капачовай мы прыдумалі 7 цудоўных лялек — 4 хлопчыкаў і 3 дзяўчынак. Пазней, дзякуючы дзецям, лялек стала 14, бо менавіта выхаванцы падштурхнулі мяне на думку, што ў лялечак-хлопчыкаў павінны быць такія ж пары, толькі лялечкі-дзяўчынкі. Ірына Капачова малявала эмоцыі на ляльках, раячыся са сваёй на той момант трохгадовай дачкой. Лялькі цалкам бяспечныя для дзяцей, яны мяккія, фарба на іх не таксічная, адзенне з добрага матэрыялу, а валасы з нітак. Самі па сабе лялькі функцыянаваць не могуць, таму яны “абрастаюць” казкамі, гісторыямі, гульнямі. Спярша мой праект меў поспех у нас, у Беларусі, а пазней са мной пачалі звязвацца педагогі і бацькі з іншых краін. Напрыклад, прадстаўнікі польскага ўніверсітэта былі вельмі зацікаўлены ў праекце і нават запрашалі выступаць з лекцыямі, як і калегі з Літвы.

За праект “Эмацыянальныя лялькі” Н.І.Стэльмах у 2018 го­дзе атрымала прэмію Мінгарвыканкама. “Было вельмі прыемна менавіта тое, што прафесіяналы ацанілі маю работу”,  — прызнаецца педагог-псіхолаг. Работа была надрукавана ў расійскіх выданнях, таму да Наталлі Іванаўны сталі звяртацца практыкуючыя псіхолагі з Цюмені, Магадана і г.д. Безумоўна, яе лялек хацелі і хочуць купіць, гатовы іх заказваць, але пакуль эмацыянальныя парачкі ёсць толькі ў адным арыгінальным экзэмпляры ў самой Н.І.Стэльмах. У сувязі з вялікай цікавасцю да лялек Наталля Стэльмах і Ірына Капачова плануюць аформіць аўтарскае права на свой праект, каб пазней лялек можна было запусціць у масавую вытворчасць, таму што і бацькі хо­чуць купіць эмацыянальных лялек сваім дзецям, каб паказаць на прыкладзе, як адрозніваецца добрая лялька ад злой…

У такіх прафесіяналаў, як Наталля Іванаўна Стэльмах, шмат чаму можна і трэба вучыцца бацькам, маладым мамам і татам. “Дайце вашым дзецям магчымасць у дашкольным узросце спазнаць свет, — раіць педагог-псіхолаг, — а свет яны спазнаюць, наступіўшы ў лужыну, намачыўшы ногі, паспрабаваўшы на смак глебу. Не прымушайце вашых любімых малышоў замест гульні вучыць табліцу множання. Лепш шмат размаўляйце з імі, бо чым больш дзіця мае зносіны з мамай і татам, тым больш у яго потым будзе развіты навык зносін. Ні гаджэты, ні сучасныя цацкі — нішто не будзе настолькі карысна, як простая гутарка з бацькамі”.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.