Педагог — інжынер — праграміст

- 15:26Абитуриент

А ці ведалі вы, што БНТУ — лідар тэхнічнай адукацыі — рыхтуе не толькі інжынераў, механікаў, эканамістаў, энергетыкаў, архітэктараў, будаўнікоў, а і… педагогаў. Заінтрыгаваны?.. Тады гайда разам з намі на інжынерна­педагагічны факультэт!

Сучасная гісторыя інжынерна-педагагічнага факультэта БНТУ налічвае амаль чвэрц­ь стагоддзя. На працягу ўсіх гадоў асаблівасцю факультэта застаецца ўнікальная канцэпцыя падрыхтоўкі спецыялістаў: студэнты ў час навучання атрымліваюць як інжынерныя, вытворчыя, сацыяльна-эканамічныя веды, так і гуманітарныя і псіхолага-педагагічныя.

БНТУ — гэта 17 факультэтаў, 94 кафедры і 86 спецыяльнасцей.

— Спецыфіка нашага факультэта ў тым, што мы рыхтуем кадры для сферы адукацыі: каледжаў і ўніверсітэтаў. Нашы навучэнцы — гэта фактычна інжынеры-праграмісты, якія да таго ж могуць даходліва тлумачыць тэхнічныя дысцыпліны. Профіль факультэта даволі шырокі — пачынаючы ад інфарматыкі і педагогікі і заканчваючы будаўніцтвам і энергетыкай. Для кожнага напрамку створаны асобныя вучэбныя планы, — паведаміў кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, дэкан інжынерна-педагагічнага факультэта Аляксей Анатольевіч Дробыш.

На ІПФ адна вялікая спецыяльнасць — “Прафесійнае навучанне (па напрамках)”. Абітурыенты, якія паступаюць на яе, атрымліваюць кваліфікацыі “педагог-інжынер” і “педагог-праграміст”, што дае ім права працаваць выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання, інжынерам, навуковым супрацоўнікам і нават праграмістам.

— На сённяшні дзень на нашым факультэце 12 напрамкаў. Але мы арыентуемся на патрэбы сістэмы: на якія напрамкі заявак больш, па тых і ажыццяўляем набор. Зараз рыхтуем па інфарматыцы, будаўніцтве, энергетыцы і машынабудаванні. Кожны напрамак унікальны. Так, сёння выпускнікі напрамку “Машынабудаванне” — гэта выкладчыкі ўсіх машынабудаўнічых каледжаў, аддзе­лаў навучання на МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых прадпрыемствах. Па “Энергетыцы” — таксама выкладчыкі адпаведных каледжаў і ліцэяў і супрацоўнікі прадпрыемстваў энергетычнай сферы. Па напрамку “Інфарматыка” рыхтуем педагогаў-праграмістаў, а значыць, гэта ўжо выкладчыкі камп’ютарных дысцыплін, прычым не толькі ў каледжах, а і ў БНТУ і іншых УВА, а таксама і праграмісты ІТ-сферы. Увогуле, дырэктары ледзь не ўсіх мінскіх каледжаў і іх намеснікі — нашы выпускнікі, — дадаў дэкан ІПФ.

Па яго словах, на сённяшні дзень заказчыкі кадраў спаборнічаюць за выпускнікоў ІПФ, бо паступае да чатырох заявак на аднаго выпускніка. Таму і за межы Мінска амаль нікога не размяркоўваюць, толькі па асабістым жаданні маладога спецыяліста.

— Каледжы адрываюць з рукамі нашых выпускнікоў, даючы і месца ў інтэрнаце, і паўтары стаўкі, таму на два гады атрымліваецца даволі высокая заработная плата, часам нават большая, чым у некаторых работнікаў са стажам, — падкрэсліў Аляксей Дробыш.

Сёлета ІПФ на дзённую форму атрымання адукацыі набірае студэнтаў па спецыяльнасцях “Вакуумная і кампрэсарная тэхніка” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер”, “Прафесійнае навучанне (інфарматыка)” — з кваліфікацыяй “педагог-праграміст”, “Прафесійнае навучанне (машынабудаванне)” і “Прафесійнае навучанне (будаўніц­тва)” — з кваліфікацыяй “педагог-інжынер”.

— Каб стаць студэнтам ІПФ, неабходна здаць стандартны набор БНТУ: ЦТ па фізіцы, матэматыцы і мове (на выбар). Прахадныя балы розныя. Так, у мінулым годзе на топавую спецыяльнасць педагога-праграміста прахадны бал быў 272, — расказаў дэкан факультэта. — У гэтым годзе ніякіх новаўвя­дзенняў ва ўступнай кампаніі няма, акрамя льгот для выпускнікоў педагагічных класаў альбо асоб, якія скончылі школу ці ліцэй з адзнакай, бо яны паступаюць без уступных іспытаў альбо па-за конкурсам.

Інжынерна-педагагічны факультэт мае ўласны вучэбны корпус ва Уруччы з сучасна абсталяванымі аўдыторыямі і камп’ютарнымі класамі. На факультэце выкарыстоўваюцца эфектыўныя тэхналогіі навучання, якія дазваляюць студэнтам атрымліваць глыбокія тэарэтычныя веды і ўдасканальваць свае практычныя навыкі. Акрамя таго, студэнты ІПФ мо­гуць навед­ваць заняткі ў шматлікіх спартыўных секцыях і гуртках мастацкай накіраванасці, займацца навуковай дзейнасцю.

— Штогод 15—20 нашых навучэнцаў удзельнічаюць у Рэспуб­ліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў і рэгулярна становяцца пераможцамі і лаўрэатамі. А яшчэ ў гэтым годзе наш факультэт заняў 1-е месца ў агля­дзе-конкурсе сярод усіх факультэтаў БНТУ, — не без гонару сказаў дэкан ІПФ. — Летам жа нашы студэнты традыцыйна працуюць выхавальнікамі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, валанцёрамі дапамагаюць прыёмнай камісіі, некаторыя праходзяць і тэхналагічныя практыкі на прадпрыемствах і заводах. А вось з педагагічнай дзейнасцю яны знаёмяцца ў час навучальнага года.

Выпускнікі ІПФ атрымліваюць кваліфікацыі “педагог-інжынер” і “педагог-праграміст”, якія даюць ім права працаваць выкладчыкам, майстрам вытворчага навучання, інжынерам, навуковым супрацоўнікам і нават праграмістам.

Па прызнанні А.А.Дробыша, у ліку сёлетніх першакурснікаў ён вельмі хацеў бы бачыць матываваных студэнтаў:

— Тых, каму будзе цікава развівацца. Бо мы рыхтуем не прос­та выкладчыкаў, а будучых кіраўнікоў, якія маюць як інжынерную падрыхтоўку, так і псіхолага-педагагічную. Нядзіўна, што літаральна праз пару гадоў самыя ініцыятыўныя і адказныя становяцца намеснікамі і дырэктарамі розных устаноў адукацыі. А таму прыходзьце ў БНТУ, бо чым большы ўніверсітэт, тым больш магчымасцей. Да таго ж і выбар у нас вялізны — 17 факультэтаў, сапраўды ёсць з чаго выбраць і задаво­ліць любы густ!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.