Педагог Ганна Еўдакімава з Магілёва лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо змагла рэалізавацца як у прафесіі, так і ў мацярынстве. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Быць мнагадзетнай мамай — вялікая адказнасць, але шчасця дружная, згуртаваная сям’я прыносіць значна больш. Такога меркавання прытрымліваецца майстар вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання ўладальніца ордэна Маці Ганна Еўдакімава.
— Заўсёды ведала, што ў мяне будзе шмат дзяцей. Калі пазнаёмілася з будучым мужам, ён падтрымаў гэтыя каштоўнасці. Першае дзіця ўзяла на рукі практычна адразу пасля стварэння сям’і. Трапяткія пачуцці ад усведамлення таго, што я стала мамай, не параўнаць ні з чым. Пасля нараджэння дачушкі зразумела, што дзеці — самае галоўнае ў жыцці, — прызналася жанчына.
Пасля з’яўлення першынца дом Еўдакімавых імкліва напаўняўся звонкімі дзіцячымі галасамі. Зараз у сям’і пяцёра дзяцей.
— Дачка Вольга зусім дарослая: ёй 23 гады, яна падарыла ўжо нам унучку. Сыну Даніілу 20, ён праходзіць службу ў войску. Цімафей і Ілья яшчэ школьнікі, пасля вучобы паспяваюць актыўна займацца спортам. Ціма гуляе ў юніёрскай зборнай — футбольнай камандзе “Днепр”, а Ілья нядаўна стаў кандыдатам у майстры спорту па скачках на батуце. Малодшы Глеб ласкавы, як сонечны праменьчык. Ён пакуль наведвае дзіцячы сад, але ўжо ідзе па спартыўным шляху: сур’ёзна займаецца бальнымі танцамі. Дзеці розныя па характары, здольнасцях, захапленнях, марах, але ўсе для нас з мужам аднолькава любімыя, — расказала Ганна Аляксандраўна.
На яе думку, менавіта безумоўная любоў павінна быць у аснове выхавання. Клопат, душэўнасць, цеплыня вельмі патрэбны для гарманічнага станаўлення асобы маленькага чалавека.
— Стараемся раскрываць унутраны свет дзяцей, падзяляць іх інтарэсы. У нас шмат сямейных традыцый, накіраваных на сумеснае баўленне часу. Упор робім на развіццё самастойнасці і далучэнне да працы. У плане наладжвання побыту не дзелім абавязкі, усе справы робім разам. Сыны — цудоўныя памочнікі: могуць і парадак навесці, і абед згатаваць. Наогул дзеці — наша гордасць. Старэйшыя выраслі добрымі, чулымі, спагадлівымі людзьмі. Такімі ж падрастаюць і малодшыя, — адзначыла Ганна Аляксандраўна.
У першы дэкрэтны водпуск яна пайшла яшчэ студэнткай. Але, нягледзячы на гэта, змагла атрымаць дзве вышэйшыя адукацыі, прыйсці да пэўных прафесійных дасягненняў.
— Шэраг жанчын адкладваюць нараджэнне дзяцей, робячы акцэнт на кар’еры. Магу з упэўненасцю сказаць: дзеці ніяк не перашкаджаюць вучобе ці рабоце. Наадварот, яны з’яўляюцца дадатковым стымулам: хочацца дасягаць вышынь, каб даць ім самае лепшае. Канечне, тут не абысціся без моцнай апоры. Без мужа, які падтрымлівае любыя мае пачынанні, мне было б вельмі цяжка ўсё паспяваць, — заўважыла Ганна Аляксандраўна.
У каледжы Ганна Еўдакімава вучыць выхаванак практычным асновам прафесіі швачкі. Яна паказвае дзяўчатам, як ствараюцца розныя швейныя вырабы.
— Сама з’яўляюся выпускніцай нашага каледжа. У юнацтве была захоплена шыццём і нават працавала па гэтай спецыяльнасці. А пасля вырашыла пайсці ў педагогіку, хацелася перадаваць назапашаны вопыт і веды моладзі, — паведаміла Ганна Аляксандраўна.
Ключавое, да чаго імкнецца майстар на занятках, — навучыць працаваць рукамі і паказаць патрэбнасць прафесіі. Некаторыя дзяўчаты прыходзяць у каледж спантанна, але, дзякуючы неабыякавасці Ганны Еўдакімавай, да выпуску пачынаюць інакш глядзець на выбраную спецыяльнасць.
— Стаўлюся да вучаніц у літаральным сэнсе як да родных. Узаемаадносіны з імі выбудоўваю на ўвазе і даверы, імкнуся накіроўваць іх на правільны шлях. Шукаю да дзяўчат індывідуальны падыход, блізка да сэрца ўспрымаю іх перамогі і няўдачы. Мне не абыякавыя лёсы навучэнак, і гэта прыносіць плён: часам удаецца змяніць светапогляд нават так званых цяжкіх падлеткаў. Неверагодна прыемна, калі мае выпускніцы становяцца лепшымі маладымі спецыялістамі на прадпрыемствах. У цэлым радасна бачыць іх дастойнымі людзьмі, якія працуюць на карысць грамадства, — падкрэсліла суразмоўніца.
За дастойнае выхаванне пяцярых дзяцей Ганна Аляксандраўна атрымала ордэн Маці асабіста з рук Прэзідэнта.
— Уражанні ад урачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці назаўсёды застануцца ў памяці, — падзялілася педагог. — Атрыманне высокай узнагароды вельмі важнае, як і істотная сацыяльная падтрымка, якая аказваецца дзяржавай мнагадзетным сем’ям. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для нараджэння і выхавання дзяцей.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара