Педагог па закліку сэрца

- 11:03Людзі адукацыі

Настаўніцкая праца павінна быць у радасць, бо без любові да дзяцей, да гэтай нялёгкай справы стаць добрым педагогам немагчыма. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца рускай мовы і літаратуры Бельскага ВПК Дрыбінскага раёна Кацярына Лісава. Кіруючыся гэтым прынцыпам, Кацярына Сяргееўна за кароткі час здолела дасягнуць значных поспехаў у прафесіі.

Педагогіка зараз не самая папулярная сфера дзейнасці сярод моладзі. Але Кацярына Лісава, колькі сябе памятае, заўжды марыла займацца менавіта гэтай справай. Прафесійны выбар яна здзяйсняла па закліку сэрца. Яшчэ ў дзяцінстве цвёрда вырашыла, што будзе настаўнічаць. Шмат у чым на гэтую апантанасць паўплываў прыклад яе школьнай настаўніцы рускай мовы і літаратуры Антаніны Аляксандраўны Сіпайла.

— Антаніна Аляксандраўна — цудоўны педагог! Яна валодае высокім прафесійным майстэрствам, улюбёнасцю ў прадмет. У яе на ўроках нам, вучням, усё здавалася незвычайным і цікавым. Пасля яе заняткаў мая мара — стаць педагогам — толькі ўзмацнялася, — успамінае Кацярына Сяргееўна.

Атрымаўшы школьны атэстат, Кацярына Лісава свядома працягнула навучанне на філалагічным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. Роздумаў наконт прафесійнай будучыні ў яе не ўзнікала. Паступаючы ва ўніверсітэт, яна марыла аб тым, што неўзабаве будзе прывіваць любоў да слова дзецям на ўласных уроках.

Спасцігаючы асновы настаўніцкага майстэрства, Кацярына Сяргееўна актыўна ўдзельнічала ва ўсіх унутрыўніверсітэцкіх мерапрыемствах, таму яе студэнцкія гады праляцелі непрыметна. Дзіцячая мара хутка ажыццявілася. Маладым спецыялістам Кацярына Лісава накіравалася ў свой Дрыбінскі раён. Яшчэ больш, стала настаўнічаць у роднай Бельскай сярэдняй школе, якая неўзабаве стала вучэбна-педагагічным комплексам. У пачатку педагагічнай дзейнасці ў яе ўзнікалі пэўныя цяжкасці, але ў гэты перыяд прафесійнага станаўлення добра падтрымала кіраўніцтва навучальнай установы.

— Слушнымі парадамі дапамагаў увесь калектыў школы, пастаянна падтрымлівалі метадычна і спецыялісты раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Вопытныя педагогі дзяліліся са мной сакрэтамі майстэрства, вучылі верыць у сябе, правільна вырашаць складаныя сітуацыі ў рабоце, — адзначае Кацярына Сяргееўна.

Да ўдасканалення педагагічных навыкаў настаўніца мэтанакіравана імкнулася і сама. Ды і зараз яна па-ранейшаму лічыць прафесійнае развіццё абавязковай неабходнасцю.

— Сучасны педагог павінен ісці ў нагу з часам. Вывучаць, асвойваць новыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі, укараняць іх у вучэбны працэс. Толькі такім чынам атрымаецца даць дзецям сапраўды якасную адукацыю, — падкрэслівае настаўніца.

Кацярына Лісава цікавіцца ўсім, што пашырае прафесійныя гарызонты, імкнецца прымяніць іх на сваіх занятках.

— Урок не павінен быць проста перадачай ведаў ад настаўніка да вучня. Трэба і добра выкладаць свой прадмет, і здолець зацікавіць ім дзяцей, — пераканана Кацярына Сяргееўна.

Кожны свой урок настаўніца імкнецца правесці так, каб дзецям сапраўды хацелася вучыцца. З самых першых заняткаў яна ўключае іх у творчую дзейнасць, стварае сітуацыі, якія матывуюць на самастойную здабычу ведаў, вучыць аналізаваць інфармацыю, адстойваць свой пункт гледжання. Каб дасягнуць гэтай мэты, на занятках выкарыстоўвае сучасныя методыкі навучання: актыўна ўжывае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, ін-тэлектуальныя гульні, творчыя заданні.

Дзецям урокі Кацярыны Лісавай вельмі падабаюцца яшчэ і таму, што яны праходзяць у форме гутаркі, падчас якой магчымы і дыскусіі, і дэбаты. Усё гэта не толькі матывуе на вучобу, але і вучыць дзяцей зносінам. Да таго ж такі падыход робіць кожны ўрок непадобным на іншыя. Як вынік — вучні заўжды пакідаюць заняткі з важкім аб’ёмам новых ведаў.

Кацярына Лісава цалкам захоплена сваім прадметам і ўмее захапіць ім вучняў. На канкрэтных прыкладах яна паказвае дзецям, што вывучэнне мовы і літаратуры патрэбна ўсім прысутным у класе, а рабіць гэта можна з задавальненнем. Увогуле, настаўніца пераканана: зацікавіць вучобай можна любога вучня, трэба толькі здолець знайсці да яго падыход.

— Спрыяльная атмасфера ў класе шмат у чым уплывае на паспяховасць адукацыйнага працэсу. Таму на занятках я прымяняю і калектыўны, і асобасна арыентаваны падыходы. Кожны вучань для мяне асаблівы, мае свой патэнцыял, які я стараюся максімальна раскрыць, — расказвае Кацярына Лісава.

У настаўніцы добра атрымліваецца знаходзіць паразуменне з вучнямі, таму ў яе класах даволі добрая паспяховасць. Асобныя вучні штогод дасягаюць большых поспехаў па прадмеце. Яны вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, творчых і інтэлектуальных конкурсах.

Прафесійны шлях Кацярыны Лісавай толькі пачаўся, а дасягнута ўжо нямала. За два з паловай гады педагагічнай дзейнасці яе плённая праца неаднаразова адзначалася. Але маладая настаўніца на гэтым не спыняецца. Яна пастаянна прымае ўдзел у семінарах і фестывалях, дзеліцца сваімі напрацоўкамі з такімі ж, як сама, педагогамі-пачаткоўцамі.

— Каб дасягнуць поспеху, трэба імкнуцца да яго. Галоўныя дасягненні яшчэ чакаюць мяне і маіх вучняў, таму буду і надалей рухацца наперад у прафесійным развіцці, — абяцае настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Кацярыны ЛІСАВАЙ.