Педагог, паэт, журналіст. Усё гэта аб’яднала ў адной асобе Валянціна Літвін, якая 20 гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру ў Макранскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна.
Тут педагог прайшла шлях ад настаўніцы да кіраўніка ўстановы. Валянціна Уладзіміраўна — чалавек ціхі, спакойны і памяркоўны. Любіць, каб ва ўсім, што яе акружае, былі парадак і гармонія. А яшчэ яна піша вершы, але паэтам сябе зусім не лічыць. Словы рыфмуе для душы ў вольны час. Дакладней, калі прыходзіць натхненне. Узяцца за пяро можа тады, калі нешта асабліва ўсхвалюе ці штосьці ўстрывожыць, здзівіць ці глыбока кране. Першымі слухачамі і крытыкамі паэтычных твораў з’яўляюцца дзеці і муж.
Валянціна Літвін родам з Маларытчыны. Пісаць вершы пачала пад уплывам школьнай настаўніцы Ульяны Дзям’янка яшчэ ў 7 класе. Педагог прапанавала дамашняе заданне: паспрабаваць напісаць верш. Дзяўчынка захацела ў паэтычных радках уславіць родныя Чарняны. З нецярпеннем чакала чарговы ўрок беларускай літаратуры. Настаўніца пахваліла Валянціну, паставіла за верш пяцёрку і параіла працягваць пісаць. Напэўна, гэта і падштурхнула да далейшай творчасці.
Валянціна Літвін стала актыўным членам літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай” пры раённай газеце. Неўзабаве яе вершы пачалі з’яўляцца на старонках раёнкі. У 2004 годзе Валянціна Літвін атрымала дыплом І ступені ў літаратурным конкурсе маладых талентаў “Дэбют” у намінацыі “Лепшы малады паэт”. Раённая бібліятэка выдала першы паэтычны зборнік маладой паэтэсы.
Валянціна Літвін, калі б і не стала настаўніцай ці перастала пісаць вершы, то ўсё роўна звязала б жыццёвы лёс з творчасцю. Дзяўчына час ад часу бачыла сябе журналістам, пісала артыкулы, а іх з задавальненнем друкавалі газеты “Зорька” і “Переходный возраст”. Удзельнічала Валянціна і ў творчых конкурсах. Стаўшы пераможцай аднаго з іх, атрымала не толькі дыплом, але і кнігу беларускага пісьменніка Уладзіміра Саламахі з яго ўласным аўтографам: “Валянціна! Вельмі і вельмі хачу, каб здзейсніліся вашы мары. Веру ў ваш талент!” У пэўнай ступені яго словы сталі прарочымі.
Валянціна Літвін узнагароджана дыпломамі за высокі ўзровень навуковых дакладаў на міжнародных студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях, прымеркаваных да юбілеяў Адама Міцкевіча, Івана Тургенева і Фёдара Янкоўскага. Педагагічным вопытам жанчына дзялілася на старонках часопісаў “Народная асвета” і “Дырэктар школы, гімназіі, ліцэя”, правяла для калег два раённыя майстар-класы: “Логіка-сэнсавая мадэль — сродак развіцця моўнай кампетэнцыі вучняў” і “Тэматычны прадметны тыдзень як комплексная мадэль пазакласнай работы”.
Валянціна Літвін лічыць, што ад маці ёй дасталіся творчы падыход да любой справы і невычэрпная энергія, уменне слухаць і чуць суразмоўніка, энтузіязм, ад бацькі — педантызм і скрупулёзнасць у выкананні складаных задач, самадысцыпліна, а ад бабулі — разуменне людзей, жаданне дапамагчы ім. Гэтыя і іншыя якасці (спагада, дабрыня і чуласць) дапамагаюць ісці па жыцці і пісаць пранікнёныя вершы, тэматычны дыяпазон якіх даволі шырокі. Але галоўнае месца ў іх займаюць філасофскі роздум над сэнсам жыцця і любоў да родных мясцін: “Мне маці крылы падарыла // У час шчаслівы нараджэння. // Пра лёс-сцяжынку гаварыла // Да часу самага збавення. // А я лячу на гэтых крылах, // Мне сілы дорыць родны кут. // І не сцяжынка, а дарога // Кладзецца ручніком мне тут. // Мясцовай мовы зразумела // Мне думка кожная і слова, // Птушынай песняю запела // На ранках сваякоў размова. // І адкрываецца дзень кожны // Бабулі мудрасці крыніца: // Наш абавязак неадложны — // Быць чалавекам не ляніцца”.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара