Педагог, паэтка, бард

- 10:30Людзі адукацыі

Усё гэта гарманічна спалучае ў сабе Іна Васільеўна Саламаха, творчая асоба, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ясляў­-сада — базавай школы № 11 Полацка.

Cваю прафесійную дзейнасць яна звязала з педагогікай не выпадкова. Зусім юнай свядома прыйшла ў гэтую сферу і яшчэ больш упэўнілася: тут яе стыхія. Першы настаўніцкі вопыт набывала на Лепельшчыне, дзівосным куточку Беларусі, што на поўдні Віцебскай вобласці. Там, на зямлі сваіх продкаў, яна чэрпала сілы і жыццёвую мудрасць. Спачатку яе прыняў да сябе калектыў Матырынскай сярэдняй школы. Затым былі гады прафесійнага росту ў навучальнай установе вёскі Баброва, дзе маладая настаўніца, выконваючы яшчэ і абавязкі педагога­арганізатара, паспяхова сумяшчала работу з вучобай у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава на факультэце беларускай філалогіі і гісторыі і дзе пазней была назначана намеснікам дырэктара па вучэбна­выхаваўчай рабоце.

У 2007 годзе лёс прывёў Іну Васільеўну ў родны Наваполацк. Тут яна ўся аддаецца сваёй любімай справе: выкладае беларускую мову і літаратуру ў гімназіі № 2, займаецца грамадзянска-­патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення на базе народнага музея баявой славы у сярэдняй школе № 2. Зараз жыве і працуе ў Полацку. Яна настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Ужо некалькі гадоў узначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў філалагічнага цыкла ў сваёй навучальнай установе, з’яўляецца кіраўніком школьнага этнаграфічнага музея “Беларуская хатка”.

Сама атмасфера, якая пануе ў школьным калектыве, заўсёды падштурхоўвае Іну Васільеўну да творчых пошукаў і адкрыццяў. А калі ў педагога багаты творчы багаж, калі яго душа адкрыта для дзяцей, калі тое, што ён робіць, прыносіць яму задавальненне, то ўсё гэта перадасца і яго выхаванцам. Вучні Іны Васільеўны Саламахі неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых, рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, і яна шчыра радуецца іх поспехам.

Іна Васільеўна глыбока пераканана, што галоўным у працэсе навучання і выхавання былі і застаюцца жывыя зносіны настаўніка і вучня, яго асабістыя якасці, прафесійная дасведчанасць, любоў да прадмета і творчы падыход да справы. Сапраўды, выхоўваюць не пустыя павучальныя размовы, а асоба настаўніка.

Гэтая слаўная і таленавітая жанчына добра вядома на полацкай зямлі і сярод літаратараў. Яе творчы псеўданім — Іна Мароз. Менавіта так яна падпісвала свае першыя вершы і песні ў народным літаратурна­музычным клубе “Выток” Лепеля. Там у свой час яна знайшла аднадумцаў і сяброў, з якімі і зараз падтрымлівае сувязь.

З паэтычнага зборніка “Перапляценні” Іны Мароз (Саламаха)

Вучу, выхоўваючы словам

Я да адкрыццяў сваіх вучняў

Далей вяду ў дзівосны свет,

І словам — беларускім, гучным —

Да ведаў пракладаю след.

Вучу, выхоўваючы  словам,

Каб абудзіць пачуццяў рой,

Каб для нашчадкаў нашых мова

Была і роднай, і жывой!

З 2008 года Іна Васільеўна ў ліку ­удзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” Наваполацка. Яе яркі паэтычны талент і бардаўскія песні ўпрыгожваюць многія літаратурныя і канцэртныя пляцоўкі калектыву. Яна ўдзельнік і пераможца многіх конкурсаў і фестываляў. У 2011 годзе на міжнародным фестывалі “Наша Дзвіна — наш лёс” Іна Мароз стала лаўрэатам у намінацыі “Паэзія”. Настаўніца таксама з’яўляецца  ўладальніцай Гран­пры абласнога свята­конкурсу паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў — 2017”.

Вершы і песенная лірыка паэтэсы былі неаднаразова прадстаўлены ў рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках і альманахах.

Больш падрабязна з творчасцю Іны Мароз знаёміць яе аўтарская кніга “Перапляценні”, якая ўбачыла свет у 2017 годзе. Паэтычныя вобразы першай кнігі самабытнай паэткі Полаччыны шматгранныя, яны нaпoўнeны cвятлoм любoвi да роднай зямлі, сваёй справы, да жыцця ва ўсіх яго праявах і да лю­дзей, з якімі звязаў лёс. Кожны яе верш — сапраўднае перапляценне шчырых пачуццяў і перажыванняў, дзе выяўляецца глыбокі роздум над месцам чалавека ў свеце.

Свае творы Іна Васільеўна піша на сакавітай і мілагучнай беларускай мове, багаццем якой самааддана дзеліцца са сваімі вучнямі. Творчы працэс, як вядома, прыцягвае да работы мысленне і дае ўстаноўку на пошук. Менавіта гэта і прыводзіць настаўніцу да нечаканых рашэнняў, імправізацый і педагагічных адкрыццяў.

Галіна СТАШКЕВІЧ,
кіраўнік народнага літаратурна­­­музычнага аб’яднання “Крылы” Наваполацка.