Настаўнік са Століншчыны пачынаў калекцыяніраваць манеты, каб з іх дапамогай захапляць сваіх вучняў вывучэннем мінулага на ўроках гісторыі. І не дарэмна: сярод яго выпускнікоў ужо шмат калег-гісторыкаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Калекцыя як наглядны дапаможнік
— Калі я вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, гісторыю Старажытнага свету нам, студэнтам гістфака, выкладаў Гаўрыл Іосіфавіч Іоне, які час ад часу прыносіў на заняткі сваю калекцыю манет Старажытнай Грэцыі, Рыма і інш. Гэта было вельмі захапляльна — адчуваць далёкія эпохі ў сваіх руках. Таму ўжо тады я вырашыў: як толькі стану настаўнікам, абавязкова пачну збіраць сваю калекцыю манет, каб і мне яна дапамагала гэтак жа захапляць гісторыяй вучняў, — расказвае Фёдар Шпакевіч.
Так і здарылася. У Цераблічах Фёдар Міхайлавіч выкладаў гісторыю з 1981 года. У тым жа годзе пачаў збіраць сваю грашовую калекцыю, у якой ужо не адна сотня манет, большасць з якіх даволі рэдкія, старажытныя. Цяпер педагог працуе ў Церабліцкай сярэдняй школе кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні і вядзе заняткі ў школьным краязнаўчым аб’яднанні па інтарэсах “Спадчына”. Улічваючы, што ў большасці сваёй яго грашовыя экспанаты некалі хадзілі менавіта на нашых землях, то гэта вялікая прастора для школьных даследаванняў. Часта ў педагога пазычаюць калекцыю манет для правядзення заняткаў яго выпускнікі, якія пайшлі прафесійнымі сцежкамі свайго настаўніка і таксама выкладаюць гісторыю ў школах Столінскага і іншых раёнаў. Такіх ужо больш за дзесяць чалавек.
Кожны нумізмат — гэта ў пэўнай ступені гісторык. Бо, не ведаючы гісторыі, нічога каштоўнага не збярэш.
У асяроддзі нумізматаў Беларусі Фёдар Шпакевіч вядомы пад псеўданімам Настаўнік. Ведаючы, што ён не хавае манеты ў папках на паліцах, а вывучае іх з дзецьмі на занятках, яго калегі па захапленні ахвотна перадаюць у яго калекцыю цікавыя экзэмпляры. Дзеці таксама прыносяць свае грашовыя знаходкі. Часта настаўнік бывае на курсах павышэння кваліфікацыі ў Брэсце і яшчэ ні разу не вярнуўся адтуль без новых манет. У вольны ад заняткаў час ён абавязкова заходзіць у брэсцкі клуб нумізматаў, падтрымлівае сяброўскія зносіны з нумізматамі і з іншых гарадоў краіны.
Пра што расказваюць манеты
Фёдар Міхайлавіч гаворыць, што манету трэба ўмець чытаць. Яна раскажа і пра той гістарычны перыяд, калі была выпушчана, і пра тое, чаму замест сярэбраных рабілі медныя манеты, як іменна праходзіла грашовая рэформа пры розных кіраўніках дзяржаў і г.д.
Акрамя гісторыі, нумізматыка дае веды і ў іншых сферах. Яна непарыўна звязана з археалогіяй, геаграфіяй, філалогіяй, мастацтвазнаўствам. Метал старадаўніх манет захоўвае вобразы гістарычных асоб мінулага і надпісы на страчаных мовах. Па малюнку на старажытных грашах можна вызначыць, як выглядалі зруйнаваныя храмы, палацы і іншыя помнікі архітэктуры. Расшыфроўваючы надпісы на грашах, даследчыкі даведваюцца пра назвы зніклых гарадоў, месцы іх чаканкі, пра дакладныя межы былых дзяржаў і г.д.
Нумізматыка адыгрывае важную ролю ў вывучэнні гісторыі сусветных цывілізацый. Праз калекцыяніраванне манет і вывучэнне грашовых знакаў можна пагрузіцца ў мінулае і культурную спадчыну. Часам манеты з’яўляюцца адзінымі сведкамі гістарычных падзей.
— Самая старажытная ў маёй калекцыі — манета архіепіскапа Бруна. Дакладна вядома, што на нашых землях ён бываў у пачатку ХІ стагоддзя (1011—1019 гады), калі праязджаў як місіянер з Нямеччыны ў Волжскую Балгарыю. А якія тады былі дарогі? Рэкі. На сваім шляху за пераправу, за прадукты ён расплачваўся з мясцовым насельніцтвам грашыма. Некалькі манет таго часу неяк знайшлі дзеці, купаючыся ў Гарыні каля Давыд-Гарадка. Ад іх яны разышліся па калекцыях нумізматаў краіны. Адну з манет — гэты малюсенькі дынарый — я вымяняў у іх. Вось, зірніце праз павелічальнае шкло — без яго манетку не разгледзець. А вось Гадуноўская, з надпісам “Барыс Гадуноў” — пачатку XVII стагоддзя, калі была смута ў Расійскай дзяржаве. Нумізматы такія манеты называюць лускавінкамі, бо яны нагадваюць луску рыбы. А гэтая вялікая, на ўсю далонь — пяцікапеечная манета перыяду праўлення імператрыцы Кацярыны Вялікай. Гэта царскія манеты часоў праўлення Мікалая II, — паказвае свае скарбы Фёдар Шпакевіч.
Акуратна ўкладзены ў празрыстыя кішэні альбомаў і савецкія манеты. Я патрымала ў руках паўрубель, памятныя юбілейныя рублі, перадваенныя і пасляваенныя беларускія манеты, а таксама манеты іншых дзяржаў рознага наміналу і часу. Асобны альбом прысвечаны знакам рэлігійнай тэматыкі — нацельным медальёнам, крыжыкам.
— Вось цікавы экзэмпляр — памятны знак, зроблены з самага каштоўнага металу XIX стагоддзя і прысвечаны адмене прыгоннага права. Вызначыце, з якога металу? — працягвае мне настаўнік маленькі шэры кружок. — Гэта алюміній. У 60-х гадах пазамінулага стагоддзя ён здабываўся з цяжкасцямі, таму быў самым дарагім. Яго атрымлівалі з дапамогай складаных хімічных рэакцый.
Асобныя альбомы ёсць і для банкнотаў. Сярод дзясяткаў купюр вылучаецца знакамітая старублёвая “каценька” з партрэтам Кацярыны II (мела хаджэнне ў часы Мікалая II, была ўведзена як напамін пра тое, што гэтая імператрыца сваім указам 1768 года ўвяла ў абарот папяровыя грошы — асігнацыі).
Самая вялікая купюра, якая мела хаджэнне ў часы Расійскай імперыі падчас праўлення Мікалая II, — 500 рублёў з партрэтам заснавальніка Расійскай імперыі Пятра I. Апошняй папоўніла гэты альбом дзесяцітысячная купюра, якую Фёдару Шпакевічу нядаўна прывезлі яго выпускнікі з Узбекістана.
Маленькі кавалачак металу… Пацямнелы ад часу, з невыразнымі старажытнымі выявамі. Здавалася б, якую інфармацыю ён можа ў сабе захоўваць? Спецыялісту такая знаходка скажа часам больш, чым старадаўні рукапіс або руіны крэпасці.
Не толькі купюры, але і кожная манета ў калекцыі Фёдара Шпакевіча арыгінальныя. Падробку ён вызначыць адразу. Гаворыць, што гэты навык ёсць ва ўсіх вопытных калекцыянераў:
— Апошнім часам сталі часта з’яўляцца “прафесіяналы”, якія падробяць любую манету. Толькі гэта адразу відаць. Па-першае, старажытны сплаў металаў амаль немагчыма падрабіць. Па-другое, часта фальшываманетчыкі — людзі з умелымі рукамі, але недасткова адукаваныя. Яны могуць не ведаць адметнасцей чаканкі той ці іншай манеты. Трапляюцца нават граматычныя памылкі. У клубе нумізматаў я такія экзэмпляры бачыў. У нас ёсць традыцыя — вучыць іншых не трапіць на падробку.
Гэтаму вучаць і кнігі, даведнікі. У гады майго студэнцтва выйшла найлепшая за ўсе часы кніга “Пра што расказваюць манеты” Валянціна Рабцэвіча, вядомага беларускага гісторыка, выкладчыка, археолага і нумізмата. У цэнтры яго ўвагі былі манеты, які хадзілі на нашай тэрыторыі ў розныя гістарычныя часы. Я ўжо тады вывучыў гэтую кнігу — кожнае слова, кожнае фота, кожную табліцу па вызначэнні старажытных манет.
Так захапленне Фёдара Шпакевіча стала для яго дадатковым памочнікам у прафесіі. Ён разважае:
— Навошта мы, настаўнікі-гісторыкі, збіраем артэфакты? Фізікі ці хімікі, каб пагрузіць вучняў у свой прадмет, праводзяць эксперыменты, доследы, назіранні, матэматыкі рашаюць задачы, філолагі выконваюць практыкаванні. Мы ж не можам перанесціся ў мінулае фізічна, але адчуць подых гісторыі можна праз такія артэфакты, якія родам адтуль, з гісторыі. Толькі так можна дакрануцца да стагоддзяў, тысячагоддзяў, патрымаць у руках артэфакты з іншых цывілізацый.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара