Педагог Святлана Сініцына: з дапамогай фотаздымкаў можна навучыць дзяцей бачыць прыгажосць навакольнага свету

- 14:00Увлечения

“Злавіць момант шчырых дзіцячых эмоцый — гэта так важна, бо дзяцінства пройдзе, а кадр застанецца назаўсёды”, — лічыць метадыст Жлобінскага раённага вучэбна­-метадычнага кабінета Святлана Сініцына. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У аб’ектыве — дзеці

У Святланы Сініцынай дзве педагагічныя адукацыі. Спачатку яна скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, атрымала спецыяль­насць “Настаўнік рускай і беларускай мовы і літаратуры”. Але жыццё скалалася так, што трэба было пераязджаць у Жлобін — там для яе знайшлося месца выхавальніка ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1. Маладая настаўніца прайшла перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Зараз яна працуе ў Жлобінскім раённым метадычным кабінеце, але працягвае наведваць малых у сваім былым дзіцячым садку. Святлана
Міхайлаўна рэалізоўвае з дзецьмі розныя творчыя праекты. Напрыклад, з дапамогай фота вучыць выхаванцаў запамінаць вершы. Педагог заўважае, што ўсе дзеці — візуалы і ўспрымаюць інфармацыю вачыма значна лепш, чым на слых, таму асацыяцыі паміж карцінкамі і рыфмаванымі радкамі вельмі добра ўкладваюцца ў гэтую схему. Таксама педагог арганізоўвае выставы сваіх работ, праводзіць для хлопчыкаў і дзяўчынак тэматычныя заняткі: не так даўно паказвала ім фота цацак часоў Вялікай Айчыннай вайны — яны выклікалі ў малышоў вялікую цікавасць. Здымкі актыўна выкарыстоўваліся і падчас абласной квест-гульні “Дарогамі Перамогі”: выхаванцы шмат даведаліся пра гісторыю сваёй краіны, продкаў.

— Я не прафесійны фатограф, ніякай спецыяльнай адукацыі ў мяне няма, але я вялікі аматар, — адзначае Святлана Сініцына. — Усёй душой люблю фотасправу. Спачатку фатаграфавала дзяцей у сваёй групе на тэлефон, але з часам адчула, што мне патрэбна больш сур’ёзная тэхніка, якая дае магчымасць бачыць свет у аб’ектыве шырэй і ярчэй, ра­біць больш прыгожыя здымкі. Бацькі дзетак часта прыходзяць да мяне, дзякуюць за ўнікальныя фота. Некаторыя здымкі выклікаюць у іх такія пачуцці, што яны не могуць стрымаць слёз. Хлопчыкі і дзяўчынкі шмат часу праводзяць у дашкольнай установе, многія цікавыя моманты для іх родных застаюцца па-за кадрам. Між тым кожны дзень для малых асаблівы, са сваімі адкрыццямі, радасцямі і расчараваннямі — штодзень  цэлая гама пачуццяў. Вось гэтыя шчырыя эмоцыі я і імкнуся захаваць на фота.

Лепшы кадр яшчэ наперадзе

Святлана Міхайлаўна заўважае, што свой лепшы кадр яна яшчэ не зрабіла, а гэта значыць, ёсць да чаго імкнуцца. Адным з самых удалых педагог называе фотаздымкі, якія атрымаліся, калі дзеці вучыліся быць пекарамі:

— Аднойчы ў са­дзе праводзілі даследчыя заняткі па тэме “Адкуль хлеб на стол прыйшоў” — дзеці гатавалі дражджавое цеста і назіралі, як яно расце. Калі цеста пачало падымацца, у малых з’явілася такое моцнае, шчырае здзіўленне. Выхаванцы адчувалі сябе чараўнікамі — трэба было бачыць іх вочы! Такі момант проста немагчыма паўтарыць: я не стрымалася — пачала фатаграфаваць.

Менавіта таму пастановачныя фота Святлана Сініцына рабіць не любіць. Яна ўпэўнена, што ў кадра павінен быць настрой, характар:

— Фатограф часта заў­важае незвычайнае ў звычайным — тое, на што большасць людзей не звяртае ўвагі. Напрыклад, сапраўднай магіяй для мяне было сфатаграфаваць сваё адлюстраванне ў звычайнай кроплі вады. Часам я магу проста спыніць машыну і сфатаграфаваць дождж, калі ўбачу ў ім асаблівую прыгажосць. Ці павуцінне, якое ляціць і мімаходам чапляе на сябе розных жучкоў, сухую траву. Альбо статнага бусла, які, як гаспадар, ходзіць па полі, дзе працуюць камбайны. Але асаблівая асалода для мяне — працаваць з дзецьмі. Каб яны адчувалі сябе разняволенымі перад камерай, трэба быць псіхолагам, ведаць, як настро­іць іх на пэўны лад, умець заўважаць, усміхаецца дзіця шчыра  ці напружана. Здараецца так, што ў малых на вуснах усмешка, а ў вачах сум. Значыць, трэба зразумець, што не так. Дарэчы, у гэтым мне вельмі дапамагае прафесія настаўніка.

Убачыць прыгажосць

Педагог падкрэслівае, што з дапамогай фотаздымкаў можна навучыць дзяцей бачыць прыгажосць навакольнага свету:

— Калі малыя сустракалі мяне раніцай у дзіцячым садзе, то здалёк крычалі: “Святлана Міхайлаўна, а ці будзем мы сёння фатаграфавацца?” На прагулках мы з імі заўсёды шукалі, што б зняць. Але лепшыя кадры былі заўсёды нечаканыя.

Для сваіх выхаванцаў Святлана Сініцына прыдумала наступную займальную гульню.

— Была ў нас мяккая цацка — мышка, якая кожныя выхадныя “хадзіла ў сям’ю”, — успамінае педагог. — Па чарзе я давала яе дзецям на суботу і ня­дзелю, і дома яны фатаграфаваліся з цацкай, а потым прыносілі фотасправаздачу і расказвалі, як мышка пабывала ў іх у гасцях. У гэтай гульні з задавальненнем удзельнічалі ўсе. Дарэчы, мышка-вандроўніца разам з дзецьмі выязджала далёка за межы нашага раёна, пабывала ў розных кутках краіны. І такім чынам выхаванцы асвойвалі майстэрства фатаграфіі. Каб навучыць чаму-небудзь дзіця такога ўзросту, трэба даць яму інструмент, напрыклад, тую ж камеру, у рукі, каб яно яе пакруціла, добра разгледзела. Тады будзе поспех.

У сям’і Святланы Сініцынай прафесійных фатографаў не было, але аматарам фатаграфіі быў яе хросны:

— Памятаю, ён здымаў на фотаапараты “Зеніт”, “Змена”, і я з гэтай тэхнікай часта гуляла. Ведала, як праяўляць здымкі. Фотавыставы заўсёды выклікалі ў мяне жывую цікавасць. Так што маё захапленне ідзе з дзяцінства.

На пытанне, пра які кадр марыць, педагог адказвае, што ёсць жаданне зрабіць фотасесію паблізу маляўнічых мелавых кар’ераў:

— Гэта такая прыгажосць! Яны ёсць побач з Крычавам, адкуль я родам. Таксама мяне ва­біць вада, асабліва вадаспады. Вельмі хачу наведаць Браслаўскія азёры. Вада ж жывая, яна ўвесь час рухаецца, таму яе гэтак жа цікава фатаграфаваць, як і лю­дзей.

Лізавета МІЦКЕВІЧ