Педагог у інклюзіўнай адукацыі

- 11:13Дашкольная адукацыя

Удзельнікі секцыі “Інклюзіўная адукацыя на ўзроўні дашкольнай адукацыі” абмеркавалі сучасныя праблемы і перспектывы сумеснага навучання і выхавання здаровых дзяцей і дашкольнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Работу секцыі каардынавалі начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.М.Змушко і галоўны спецыяліст гэтага аддзела А.А.Муліца.

Вопыт Малдовы

Аб прыярытэтах інклюзіўнай палітыкі ў сістэме дашкольнай адукацыі Малдовы расказала Кара Анжэла (ЮНІСЕФ).
“Інклюзіўныя тэндэнцыі адлюстроўваюцца ў асноўных дакументах і нацыянальных праграмах нашай краіны. У прыватнасці, у Кодэксе адукацыі Pэспублікі Mалдова, у Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, якую краіна ратыфікавала, у Нацыянальнай стратэгіі “Адукацыя для ўсіх” на 2004—2015 гады і ў праграме развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Малдова на 2011—2020 гады, — адзначыла Кара Анжэла. — Доступ дзяцей з АПФР да праграм ранняга выхавання з кожным годам забяспечваецца ўсё больш. Калі ў 2005 годзе гэтая лічба складала 70,7%, то ў 2014-м ужо 84%. У 2005 годзе толькі 1,8% дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі наведвалі дзіцячыя сады, а ў 2014-м — ужо 40% . І 40% бацькоў здаровых дзяцей пагадзіліся з тым, што дзеці з асаблівасцямі ў развіцці знаходзяцца ў садах побач з іх дзецьмі (у 2010 годзе такіх бацькоў было толькі 5,2%)”.
Нягледзячы на дасягненні ў развіцці інклюзіўных працэсаў, застаюцца нявырашанымі многія праблемы. Галоўная з іх заключаецца ў тым, што ў дашкольных установах не хапае спецыялістаў, падрыхтаваных да работы з дзецьмі з АПФР: лагапедаў, псіхолагаў. Застаецца невысокім узровень падрыхтоўкі спецыялістаў па выяўленні дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Бацькі часта не ведаюць, як паводзіць сябе са сваімі асаблівымі дзецьмі, як навучаць іх. Шмат намаганняў патрабуе адаптацыя фізічнага асяроддзя ў дашкольных установах да патрэб асаблівых дзяцей. Групы, якія наведваюць асаблівыя дзеці, не павінны быць перапоўненымі. Патрабуе дапрацоўкі і механізм па зборы даных аб дзецях дашкольнага ўзросту з асаблівымі выхаваўчымі патрэбамі. Наспела неабходнасць распрацоўкі метадалогіі па пераемнасці паміж дашкольнай установай і пачатковай школай. Трэба таксама вучыць кіраўнікоў дашкольных устаноў планаваць і расходаваць бюджэтныя сродкі з улікам патрэб дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, якія выхоўваюцца ў гэтых установах.
Выступоўца падкрэсліла, што пытанні інклюзіі абмяркоўваюцца сёння не толькі адносна дзяцей з АПФР. У лік дзяцей, якія рызыкуюць апынуцца па-за адукацыяй, уваходзяць дзеці з незабяспечаных сем’яў, з сельскай мясцовасці, тыя, што засталіся без бацькоўкай апекі, дзеці этнічных меншасцей, мігрантаў, цыган, а таксама дзеці з дэвіянтнымі паводзінамі і тыя, што знаходзяцца ў канфлікце з законам, дзеці, якія падвергліся гвалту.

Прынцыпы і каштоўнасці інклюзіі

“Укараненне ідэй інтэграцыі і інклюзіі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі залежыць у значнай меры ад кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Лічу, што неабходна ўнесці некаторыя змяненні ў сістэму падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, — адзначыла Вольга Клязовіч, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка. — Па выніках апытання слухачоў курсаў перападрыхтоўкі для дашкольнай адукацыі мы выявілі, што многія з іх не гатовы працаваць ва ўмовах інклюзіі. Асноўная прычына гэтага — адсутнасць ведаў пра асаблівых дзяцей, пра іх псіхалогію, пра метады работы з імі, пра тэхналогіі выкладання вучэбнага матэрыялу розным катэгорыям навучэнцаў”.
У адпаведнасці з адукацыйным стандартам спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, згодна з якім праводзіцца перападрыхтоўка, слухачы знаёмяцца з псіхолага-педагагічнымі характарыстыкамі дзяцей з АПФР, яны вучацца ажыццяўляць мэтавую, планавую арганізацыю інтэграванага (інклюзіўнага) навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Сучасны педагог павінен усвядоміць галоўныя прынцыпы інклюзіўнай адукацыі: каштоўнасць чалавека залежыць не толькі ад яго здольнасцей і дасягненняў, кожны чалавек заслугоўвае ўвагі, ён здольны адчуваць і думаць, кожны чалавек мае права на зносіны, на тое, каб яго пачулі.
Паспяховаму фарміраванню інклюзіўнай кампетэнтнасці будучых выхавальнікаў у працэсе перападрыхтоўкі спрыяе прымяненне тэхналогіі кантэкстнага навучання (праз спасціжэнне сацыяльнага кантэксту будучай дзейнасці). У змест вучэбнай дысцыпліны “Педагогіка дашкольнай адукацыі” ўключаны раздзел “Асновы інклюзіўнай адукацыі”, які прадугледжвае азнаямленне слухачоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дзяцей (з інтэлектуальнай недастатковасцю, з цяжкасцямі ў навучанні, з парушэннем слыху, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з парушэннямі зроку). Слухачы курсаў атрымліваюць метадычныя рэкамендацыі аб спецыфіцы арганізацыі заняткаў з дзецьмі з АПФР і правілах сумеснага адпачынку дзяцей усёй групы і г.д.
Фарміраванне асноў інклюзіўнай кампетэнтнасці ажыццяўляецца і ў працэсе рэалізацыі адукацыйных праграм па павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў па тэмах: “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі”, “Навукова-метадычнае суправаджэнне інтэграванага выхавання і навучання ў дашкольнай адукацыі”, “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інтэграванага выхавання і навучання”.

Вучым камунікацыі пасля кахлеарнай імплантацыі

“Кахлеарная імплантацыя становіцца ўсё больш распаўсюджаным сродкам рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху, — паведаміла загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі бесперапыннай адукацыі ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка Святлана Фяклістава. — Гэты метад слыхапратэзавання прадугледжвае аператыўнае ўмяшанне: ва ўнутранае вуха пацыента ўжыўляюцца сістэмы электродаў, якія забяспечваюць успрыманне гукавой інфармацыі пры дапамозе электрычнай стымуляцыі слыхавога нерва. У нашай краіне гэты спосаб слыхапратэзавання рэалізоўваецца з 2000 года. За апошнія 15 гадоў узроставая планка знізілася, усё большай колькасці маленькіх дзяцей робяць аперацыі па кахлеарнай імплантацыі. Пры паспяховасці такіх аперацый і іншых спрыяльных умовах значна паляпшаюцца і вынікі карэкцыйна-развіццёвай работы. Адзначу, што колькасць такіх аперацый у апошні час павялічылася”.
Бясспрэчна, кахлеарная імплантацыя адкрывае дзецям з глыбокім парушэннем слыху добрую перспектыву слыхамаўленчага развіцця. Але для таго, каб дзіця з кахлеарным імплантам авалодала маўленнем (навучылася паўнацэнна ўспрымаць гукі навакольнага свету, адрозніваць іх, размаўляць), з ім трэба працаваць і настаўнікам-дэфектолагам, і бацькам. Пры спрыяльных умовах працягласць слыхамаўленчай педагагічнай рэабілітацыі складае 5—7 гадоў. Менавіта за гэты час дзіця набліжаецца па ўзроўні развіцця слыху і маўлення да сваёй узроставай нормы.
У 2010 годзе па заданні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь спецыялісты распрацавалі праграмна-метадычнае забеспячэнне карэкцыйнай работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантамі. З 2011 па 2014 год праграмы карэкцыйнай работы “Развіццё слыхавога ўспрымання” і “Развіццё вуснага маўлення” праходзілі апрабацыю ў рамках рэспубліканскага эксперыментальнага праекта на базе чатырох устаноў адукацыі: Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху, спецыяльнага дзіцячага сада № 14 для дзяцей з АПФР Гродна, спецыяльнага ясляў-сада № 469 для дзяцей з АПФР Мінска і Мінскай абласной дзяржаўнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Апрабацыя праходзіла ў розных умовах: пры навучанні і выхаванні дзяцей з кахлеарнымі імплантамі ў спецыяльнай групе для дзяцей з парушэннем слыху, у групе дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, у дашкольным аддзяленні спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем слыху.
Пры распрацоўцы праграм улічваліся наступныя асаблівасці развіцця дзяцей з КІ: аперацыя не аднаўляе слых цалкам; парогі слыху складаюць 26 — 40 дб (1 ступень тугавухасці); КІ відазмяняе маўленне і гукі, якія паступаюць у слыхавую сістэму; КІ ў большасці выпадкаў выконваецца манаўральна. У дзяцей з кахлеарнымі імплантамі часта ўзнікаюць складанасці з лакалізацыяй гукаў, у іх парушана хуткасць апрацоўкі маўлення (гукі даносяцца з затрымкай на 45 с і больш), назіраюцца асаблівасці доўгачасовай памяці, нізкая канцэнтрацыя і замаруджанае пераключэнне ўвагі. Нават пры невялікай слыхавой нагрузцы праяўляецца хуткая стамляльнасць.
Акрамя таго, распрацоўшчыкі праграм абапіраліся на наступныя веды:
1. Кахлеарная імплантацыя вяртае чалавеку фізічную магчымасць чуць. Пасля падключэння маўленчага працэсара кахлеарнага імпланта дзіця можа ўспрымаць інфармацыю так, як яго звычайныя аднагодкі, але з некаторым змяшчэннем у тэрмінах.
2. У працэсе карэкцыйнай работы неабходна пастаянна параўноўваць паказчыкі развіцця слыху і маўлення ў дзіцяці з КІ з нарматыўнымі паказчыкамі. “Слыхавы ўзрост” можа значна адрознівацца ад пашпартнага (біялагічнага).
3. Развіццё слыхавога ўспрымання — прыярытэтны кірунак карэкцыйнай работы ў самым пачатку выкарыстання КІ. Ад вынікаў гэтага перыяду будзе залежаць эфектыўнасць далейшай работы з дзіцем.
Можна вылучыць наступныя спецыфічныя асаблівасці праграм для дзяцей з КІ (калі параўноўваць іх з праграмамі, што выкарыстоўваюцца для дзяцей са слыхавым апаратам): КІ значна пашырае спектр немаўленчых гучанняў, таму ў праграмах прадугледжана ўспрыманне маўлення ва ўмовах шуму, іншых пабочных гукаў; значнае месца адведзена заняткам па адрозненні на слых фанем; спецыфічна прадстаўлены заданні па лакалізацыі гукаў у прасторы; работа над гукамі рознай частаты ажыццяўляецца з улікам асаблівасцей правядзення аперацыі; прадугледжана выкарыстанне больш складанага па лексіцы і граматычнай структуры маўленчага матэрыялу.
У цяперашні час ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйнага праекта (2014—2016 гг.) “Укараненне праграмнага забеспячэння карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з парушэннем слыху, кампенсаванымі кахлеарнымі імплантамі, ранняга і дашкольнага ўзросту”.

ЭСН у дапамогу

Аб магчымасцях выкарыстання электронных сродкаў навучання для дашкольнай адукацыі дзяцей, якія нармальна развіваюцца, і іх равеснікаў з парушэннямі слыху расказала дацэнт БДПУ імя Максіма Танка Кацярына Сарока. “Найбольш папулярныя электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей дашкольнага ўзросту, — гэта электронныя сродкі навучання з выкарыстаннем камп’ютарнай і тэлекамунікацыйнай тэхнікі. Да сучасных ЭСН адносяцца: праграмы-трэнажоры, праграмы для тэсціравання і кантролю, гульнявыя вучэбныя і развіццёвыя камп’ютарныя праграмы і інш. У цяперашні час камп’ютарны рынак папоўніўся самымі рознымі электроннымі сродкамі навучання, большасць з якіх распрацавана ў Расійскай Федэрацыі. Многія з іх рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для выкарыстання ў нашай краіне для адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту, у тым ліку і з парушэннем слыху. Але існуючыя камп’ютарныя прадукты не заўсёды ўлічваюць індывідуальныя магчымасці кожнага дзіцяці, а таксама асаблівыя адукацыйныя патрэбы дзяцей з парушэннем слыху. Таму ёсць неабходнасць распрацоўкі метадычных рэкамендацый па выкарыстанні гатовага камп’ютарнага прадукту, трэба таксама павысіць прафесійную кампетэнтнасць як выхавальнікаў, так і настаўнікаў-дэфектолагаў у пытаннях інфарматызацыі і выкарыстання сучасных ЭСН у адукацыйным працэсе”.

Надзея ЦЕРАХАВА.