Педагог з агеньчыкам

- 10:36Людзі адукацыі

Сказаць шчыра, я з задавальненнем бы павучылася ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Горкаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Яніны Эдуардаўны Душкевіч. Чым яна мяне паланіла? Шчырасцю, адкрытасцю і неймавернай энергетыкай. І гэта пры тым, што ў педагогіцы яна ўжо больш за 30 гадоў.

Яніна Эдуардаўна — з педагагічнай дынастыі. Шматлікія родзічы па лініі бацькі — педагогі. Некалі ў вёсцы Савані было хлапечае вучылішча. У ім выкладаў прадзед Яніны Эдуардаўны. Яе родны брат і дзве дачкі таксама настаўнікі. І ніхто ў гэтай сям’і нават не думаў пра іншую прафесію. Усё было зразумела з самага пачатку — сямейная педагагічная аўра рабіла сваю справу.

Разам з тым у сэрцы Яніны Эдуардаўны засталіся і школьныя педагогі. Пра настаўніка рускай мовы і літаратуры Уладзіміра Іосіфавіча Камёнку яна памятае па сённяшні дзень. “Гэта мой любімы настаўнік, і я імкнуся, як некалі Уладзімір Іосіфавіч, весці ўрокі з душой”, — адзначыла мая суразмоўніца.

На душэўныя ўрокі да Яніны Эдуардаўны вучні ідуць з прадчуваннем нечага цікавага і неардынарнага. Не буду ідэалізаваць навучэнцаў Горкаўскай школы: іх, як і ўсіх па краіне, трэба таксама заахвочваць да чытання рознымі спосабамі. Але Яніна Эдуардаўна не здаецца. Яна можа вылучыць з твора маленькі ўрывак, нейкі момант, але такі, што зачэпіць дзіця. Часта практыкуе прагляд фільмаў, знятых па творах рускай мастацкай літаратуры. Пасля прагляду вучні звяртаюцца да кнігі.

“Пытанні маральнасці, чалавечых, сямейных адносін не страчваюць актуальнасці. Сучасную моладзь хвалююць станоўчыя і адмоўныя ўчынкі, іх прычыны і наступствы. Часта пытаюся: “А што вы ўзялі б з твора ў сваё жыццё?” І яны гавораць пра тое, што некалі гаварыла я, калі была вучаніцай. Нашы дзеці такія, як і мы, і перажываюць тыя ж пачуцці, што і мы некалі.

А я ўвесь час шукаю новыя ідэі, каб натхніць на чытанне. Напрыклад, прыходжу ў 5 клас і, каб прыцягнуць увагу навучэнцаў, гавару: “Паглядзіце, якія ў мяне сёння прыгожыя завушніцы”. А пасля працягваю: “А вы ведаеце, жонка Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна была прыгожай дамай і насіла проста фантастычныя ўпрыгажэнні”. Вось так мы можам пачаць гаворку пра Пушкіна”, — адзначыла Яніна Эдуардаўна.

Дарэчы, дзеці вельмі любяць, калі настаўнік прыгожа і з густам апрануты. Я сама вельмі добра памятаю, як на ўроках разглядвала настаўніцкія строі, упрыгажэнні. Заўважала прычоску і абутак. Гэта важна, бо педагогу дадае ўпэўненасці, а ў дзіцяці выхоўвае густ, фарміруе станоўчае ўспрыняцце настаўніка. А Яніна Эдуардаўна яшчэ тая модніца!

Гэта тычыцца і яе прафесійнай дзейнасці. Тут яна таксама стараецца ісці ў нагу з часам. На сваіх уроках рускай мовы і літаратуры выкарыстоўвае інтэрактыўнае навучанне, якое лічыць удалым. Яно дае магчымасць і прастору для ўзаемадзеяння дзяцей паміж сабой і з настаўнікам.

“Традыцыйны ўрок ёсць, але на кожным абавязкова павінны прысутнічаць элементы сучасных тэхналогій і методык. Люблю крытычнае мысленне, калі ёсць месца для абмену станоўчымі эмоцыямі. Гэта моцна аб’ядноўвае клас.

Цікавым з’яўляецца і напрамак школьнага даследавання. Напрыклад, за даследавання “Свет страў на старонках твораў М.В.Гогаля” мы атрымалі 1-е месца на раённай канферэнцыі. Было вельмі цікава працаваць. Мы нават усіх пачаставалі любімымі піражкамі і кісялём Афанасія Іванавіча і Пульхерыі Іванаўны”, — працягвала настаўніца.

Яніна Эдуардаўна лічыць сябе шчаслівай у прафесіі. Яе вучні не забываюць ёй патэлефанаваць, наведаць, спытаць, як справы. Магчыма, свой уплыў аказвае і тая атмасфера, у якой жывуць дзеці, бацькі і настаўнікі. А жывуць яны побач, разам, што аб’ядноўвае ў дасягненні агульнай мэты — выгадаваць і выхаваць добрага чалавека. Вучні Яніны Эдуардаўны з цеплынёй успамінаюць паездкі ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. І многія з іх сталі сапраўднымі тэатраламі. Яны ж не проста глядзелі спектаклі, пасля, ужо едучы дадому ў электрычцы, горача абмяркоўвалі ўбачанае.

Штрыхом да партрэта настаўніцы з’яўляецца і яе любоў да песні. Яніна Эдуардаўна спявае ў вакальным ансамблі народнай песні “Дольніца” Горкаўскага сельскага дома культуры. Гэтае захапленне перадаецца і яе вучням. Але яны не толькі спяваюць, але і вядуць мерапрыемствы, чытаюць вершы, танцуюць, ладзяць модныя паказы, друкуюцца ў раённай газеце (Яніна Эдуардаўна вядзе заняткі па інтэрэсах “Юны карэспандэнт”), праводзяць ток-шоу. Педагог кожнаму падбярэ ролю. “Якія вячэрнія сукенкі мы зрабілі з пакетаў ад малака і для смецця! Быў сапраўдны фурор. Вельмі яскравым стала ток-шоу, прысвечанае спайсам”, — расказала настаўніца.

“Хачу падзякаваць сваім калегам і адміністрацыі за падтрымку. У нас мабільны калектыў, які хутка адгукаецца на новыя ідэі. Мы натхняем адно аднаго. Напрыклад, у мінулым годзе арганізавалі настаўніцкі КВЗ і паспяхова выступілі на раённым конкурсе”, — адзначыла Яніна Эдуардаўна. І гэта не дзіўна: Яніна Душкевіч — педагог з агеньчыкам!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.