Педагог з вялікай літары. Як у Лельчыцкім раёне шануюць імя ганаровага грамадзяніна Мацвея Некрашэвіча

- 15:13Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Шмат добрых слоў ад былых калег і вучняў гучыць у адрас Мацвея Данілавіча Некрашэвіча — заслужанага настаўніка БССР, ветэрана вайны і працы, ганаровага грамадзяніна Лельчыцкага раёна і былога дырэктара мясцовай сярэдняй школы № 2. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог з вялікай літары

У верасні 2024 года ўстанове прысвоена імя ветэрана, адкрыта і адпаведная мемарыяльная дошка.

— Мацвей Данілавіч — чалавек, які заслугоўвае, каб школа, якой ён аддаў шмат гадоў жыцця як дырэктар і настаўнік, насіла яго імя. Для нашага калектыву гэта знакавая фігура, — адзначае Алена Тарасевіч, настаўніца гісторыі. — Да таго ж Мацвей Данілавіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. За баявыя заслугі ён узнагаро­джаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і дзесяццю медалямі, займаўся музейнай работай, захоўваў экспанаты ваеннага часу.

“Педагог з вялікай літары” — назва даследчай работы, прысвечанай Мацвею Данілавічу, якую мы падрыхтавалі ра­зам з вучаніцай 11 класа Ангелінай Кейнюх у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў заха­ваем”.

Алена Мікалаеўна асабіста ведала Мац­вея Данілавіча: вучылася ў школе, калі ён быў дырэктарам, а потым стала яго калегай, працавала разам з ім.

— Мацвей Данілавіч любіў наведваць урокі калег. Памятаю свой адкрыты ўрок, калі я, маладая, абаранялася на другую катэгорыю. Тое, што Мацвей Данілавіч даў станоўчы водзыў аб маёй рабоце, для мяне было звышацэнкай, — гаворыць настаўніца. — Памятаю яго гучны, камандны голас. Але пры гэтым ён быў вельмі дабрадушным чалавекам. Мае пяцікласнікі па-добраму называлі яго “дзядуля”, калі ён быў ужо на пенсіі. Пры гэтым у школе яго ўсе паважалі, захоўваўся дырэктарскі аўтарытэт.

Мацвей Данілавіч цікава праводзіў урокі гісторыі, дэманструючы сувязь паміж мінулым і сучаснасцю. Расказваў шмат павучальнага, а часам нават анекдоты. Пра вайну гаварыў па-асабліваму. З дарослымі не абмяркоўваў гэтую тэму, а з дзецьмі дзяліўся ўспамінамі, прыносіў на ўрокі сваю чырвонаармейскую кніжку, прывіваў школьнікам пачуццё патрыятызму і гордасці за нашу краіну.

Мацвей Данілавіч надрукаваў на машынцы сваю біяграфію і ўспаміны. Доўгі час дакумент захоўваўся ў школьнай бібліятэцы.

З педвучылішча — на вайну

…Нарадзіўся будучы дырэктар школы ў снежні 1923 года ў вёсцы Грабяні Лельчыцкага раёна ў сям’і сялян. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіў у Мазырскае педвучылішча, якое скончыў 27 чэрвеня 1941 года. Паспяхова здаў дзяржаўныя экзамены. Але ў школьны клас малады настаўнік увайшоў толькі праз пяць гадоў. У ліпені 1941 года ў ліку добраахвотнікаў уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Быў удзель­нікам бітвы пад горадам Ялец, ад вынікаў якой залежаў далейшы ход вайны.

У студзені 1942 года Мацвей Некрашэвіч быў залічаны ў 10-ы асобны маставы чыгуначны батальён брыгады чыгуначных войскаў у групу спецыялістаў па мінна-пад­рыўной справе, якая вяла загараджальныя работы на ўчастку чыгуначнага палатна імя Дзяржынскага. Мацвей Данілавіч быў прызначаны старшым групы, якая неаднара­зова перасякала лінію фронту і дзейнічала ў тыле ворага. Трэба было размініраваць чыгуначнае палатно, масты на ўсім участку дзеяння браняпоезда, а пасля яго адыходу замініраваць асобныя ўчасткі дарогі. У ходзе выканання задання сяржант Мацвей Некрашэвіч быў цяжка паранены і ў выніку аслеп на адно вока, прызнаны непрыдатным да нясення страявой службы. Але, па яго асабістай просьбе быў накіраваны для праходжання службы ў дапаможныя часці Чырвонай Арміі, якія дзейнічалі для фронту і на фронце.

У 1946 годзе Мацвей Данілавіч пачаў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Грабянёўскай сямігадовай школе, якая з часам стала сярэдняй. Праз год быў прызначаны завучам школы, а ў 1953 го­дзе — дырэктарам.

— Усе вёскі на тэрыторыі Грабянёўскага сельсавета былі спалены нямецкімі акупантамі. У якасці жылля будаваліся зямлянкі, буданы, курэні. Часова ў такіх пабудовах размяшчаліся школы. З сабраных на месцы матэрыялаў выраблялі сталы, парты, класныя дошкі і інш., — расказвае Алена Мікалаеўна. — У Грабянях пры ўдзеле настаўнікаў, бацькоў і вучняў-пераросткаў удалося пабудаваць невялікую драўляную школу. Пазней за дзяржаўныя капіталаўкладанні быў узведзены новы драўляны будынак па праекце, разлічаным на пачатковую школу. Да сярэдзіны 1960-х гадоў узводзіліся дадатковыя пабудовы, каб размясціць усіх дзяцей. Так, дзякуючы народнай ініцыятыве, былі зроблены добрыя вучэбныя майстэрні, абсталяваны школьны стадыён, з’явіўся першы ў раёне інтэрнат, дзе вучні з аддаленых населеных пунктаў жылі і харчаваліся.

Сціплы шахматыст-аматар

Мацвей Данілавіч прадоўжыў адукацыю: завочна з адзнакай скончыў Мазырскі настаўніцкі інстытут, а затым Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У жніўні 1971 года быў прызначаны дырэктарам школы № 2 Лельчыц. Педагог прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і неаднаразова выбіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. У жніўні 1990 года выйшаў на пенсію і пакінуў пасаду дырэктара, але да 2004 года працягваў працаваць настаўнікам гісторыі і кіраўніком шахматнага гуртка. Любоў да гэтай гульні прывіў многім вучням. Ён быў дасведчаным шахматыстам-аматарам, меў 1-ы спартыўны разрад і 1-ю су­дзейскую катэгорыю па шахматах.

Дакументы і ўспаміны пра жыццёвы і працоўны шлях Мацвея Данілавіча збіраліся вучнямі і настаўнікамі школы яшчэ пры жыцці педагога. Сёння ў раённым края­знаўчым музеі захоўваюцца арыгіналы фатаграфій, а таксама баявыя і працоўныя ўзнагароды Мацвея Данілавіча. Усю неабходную інфармацыю Алена Тарасевіч сфатаграфавала або адсканіравала. Альбом паступова папаўняўся фотаздымкамі і матэрыяламі. Дапамаглі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Ліпская і вучні. З імі падчас інтэрв’ю ўспамінамі дзяліліся сам Мацвей Данілавіч (яго не стала ў 2008 годзе), а таксама яго былыя вучні і калегі. У іх ліку — урач-тэрапеўт Лельчыцкай ЦРБ Міхаіл Жук, які дзякаваў педагогу з вялікай літары за глыбокія веды, якія атрымаў на яго ўроках, і за тое, што школьныя гады сталі самым лепшым і незабыўным адрэзкам жыцця. Амаль 20 гадоў, з іх 15 — намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, пад кіраўніц­твам Мацвея Данілавіча працавала Аляксандра Жогла. Яна сказала, што дырэктар умеў знаходзіць галоўнае, над чым павінен працаваць калектыў, адзначала яго прыродную сціпласць: ён нават не імкнуўся карыстацца льготамі, якія па праве яму належалі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Мядзведзева расказала, што Мацвей Данілавіч часта прыбягаў да гумару (у гэтым ён быў вялікім майстрам), каб усталяваць цішыню і парадак, калі гэта патрабавалася. Ён любіў складаць чатырохрадкоўі, часам сатырычнага характару, але заўсёды гэта было па-добраму, бяскрыўдна. Свае віншавальныя вершы да свят зачытваў калегам падчас педсаветаў.

З гісторыі аднаго здымка

На факультатыўных занятках “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” Алена Мікалаеўна далучае дзяцей да даследчай работы, прапануе ім расказаць свае сямейныя гісторыі.

У якасці ўзору яна знаё­міць з даследаваннем, прыс­вечаным жыццёваму шляху М.Д.Нек­рашэвіча.

— Вучні з цікавасцю бяруцца за апісанне жыцця сваіх родных і блізкіх падчас вайны або акупацыі. У некаторых яшчэ жывыя прабабулі, якія могуць многае раска­заць. Звесткі пра родных дзеці шукаюць на сайтах “Подзвіг народа”, “Памяць народа” і іншых, — падкрэслівае педагог. — Аднойчы да мяне падышоў сямікласнік Ва­дзім Саўчанка і паказаў фатаграфію на фоне лагерных баракаў. На фота — дзве дзяўчынкі, у тым ліку прабабуля хлопчыка Антаніна Магоўская, якой тады было 6 гадоў, з нашытым на майцы знакам у выгля­дзе кружочка, а побач — іх мама Эмілія Станіславаўна з нашыўкай “ОСТ”. У прабабулі хлопчык даведаўся, што яе з мамай, сястрой і братам адправілі ў нямецкі працоўны лагер.

“Мае родныя былі сагнаны ў Германію ў 1942 годзе. Іх везлі ў таварным вагоне, як скаціну. Цягнік у дарозе бамбілі. Працавалі на тэкстыльных фабрыках у горадзе Нойс, а потым — у горадзе Вальтроп. Жылі надгаладзь: іх кармілі раніцай перад працай агародніннай поліўкай і ўвечары пасля работы кашай. Жылі ў лагерных бараках за калючым дротам. Было страшна, асабліва падчас бамбёжак, і вельмі хацелася дадому”, — піша ў сваёй рабоце Вадзім Саў­чанка.

Як фота з такога месца апынулася ў сям’і хлопчыка?

“Наглядчыкам (брыгадзірам) у іх быў “тата рускі”. Так яго празвалі лагерныя за тое, што ён бываў у Сібіры і крыху ведаў рускую мову. Здаралася, хворых адпраўлялі ў бальніцу, а потым зноў прывозілі ў лагер. Калі ў маёй прабабулі Антаніны на галаве з’явілася болька, наглядчык сам павёў яе ў бальніцу, а па вяртанні прынёс з бухгалтэрыі гэтыя фатаграфіі. Прапрабабуля Эмілія таксама хварэла, у яе распухлі ногі, і яна доўга ляжала ў бальніцы”, — адзначае вучань.

З даследчай работай “Параненае дзяцінства” Вадзім Саўчанка ўдзельнічаў у рэс­публіканскім конкурсе “Дарогамі памяці” ў намінацыі “Гартаючы старонкі сямейнага альбома”, заняў 2-е месца. Адказваючы на пытанне журы пра тое, ці можна дараваць фашыстам іх злачынствы, вучань адказаў рытарычна: “Як можна дараваць?..”

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара, з архіва школы і з асабістага архіва В.САЎЧАНКІ