Педагогі, аграрыі, медыкі

- 10:42Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 16 Полацка кожны вучань можа выбраць не толькі прадмет для вывучэння на павышаным узроўні, але і прафесійны напрамак: педагогіку, медыцыну ці сельскую гаспадарку.

— Наша школа ганарыцца сваімі вучнямі і выпускнікамі. Нядаўна была чарговая нагода для радасці. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды нашы вучні заваявалі дыпломы па біялогіі, фізіцы, нямецкай і рускай мовах і пахвальны водзыў. З 40 выпускнікоў школы сёлета сямёра ідуць на залаты медаль, — расказала Таццяна Мікалаеўна Дзянісава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 16 Полацка. — Многія школьнікі загадзя вызначыліся з прафесійнай будучыняй. Прафарыентацыйная работа ў школе пачынаецца з 1 класа, а найбольш важны для гэтага перыяд з 7 па 9 клас.   

Так, у 7-х класах у пазаўрочны час праводзяцца інтэрактыўныя гульні, гульні-пагружэнні, гульні-падарожжы, творчыя конкурсы, падчас якіх вучні знаёмяцца з прафесіямі, рэалізуюць цікавыя праекты. Ранняя дапрофільная падрыхтоўка прадугледжвае псіхалагічную дыягностыку дзяцей, каб даведацца пра іх перавагі і схільнасці. Да 8 класа вучні ўжо вызначаюцца з выбарам прадметаў, якія іх цікавяць. З улікам гэтага адкрываюцца факультатывы. У 8—9 класе дзеці спрабуюць свае сілы, каб вызначыцца з далейшай траекторыяй навучання ў профільных класах. 

Медыцынская падрыхтоўка 

Старшакласнікам у сярэдняй школе № 16 Полацка прапануюць вывучаць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку, замежныя мовы, а таксама хімію і біялогію. Па запытах дзяцей і бацькоў хіміка-біялагічны профіль паступова трансфармаваўся ў медыцынскі.  

— За профільнымі класамі прафесійнай накіраванасці будучыня, у гэтым кірунку трэба развівацца. На працягу 15 гадоў у нашай школе функцыянуюць групы медыцынскай накіраванасці, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Наша мэта — падтрымаць імкненне дзяцей стаць урачамі, паказаць ім перавагі прафесіі, расказаць пра ўмовы работы ў гэтай сферы. Дапрофільная медыцынская падрыхтоўка ажыццяўляецца ўжо ў 9 класе, дзе за кошт гадзін факультатыўных заняткаў вучні паглыблена вывучаюць хімію і біялогію. Такой падрыхтоўкай мы плануем ахапіць дзяцей з розных школ горада. 

Падбор настаўнікаў, якія выкладаюць будучым медыкам хімію і біялогію, вельмі добры. Гэта вопытны педагог Наталля Сяргееўна Іванова, якая падрыхтавала шмат пераможцаў алімпіяд. У мінулым годзе яе вучаніца Аліса Аляксеева заняла абсалютнае 1-е месца на Рэспубліканскім этапе алімпіяды па біялогіі. Сёлета ў дзяўчыны таксама дыплом заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. А вучаніца Марыя Ермалаева ў мінулым годзе атрымала 100 балаў на ЦТ па біялогіі. Хімію вядзе цудоўны настаўнік Ніна Уладзіміраўна Грыгарэнка, якая таксама рыхтуе алімпіяднікаў. Сёлета на заключным этапе алімпіяды па хіміі ўдзельнічала яе вучаніца Кацярына Булгакава. 

Вучні 10—11 класаў медыцынскай групы вывучаюць хімію і біялогію чатыры гадзіны на тыдзень плюс дзве гадзіны на кожны прадмет на факультатыўных занятках. Яны асвойваюць дапаможнікі па медыцынскай біялогіі і генетыцы, праходзяць курс “Асновы медыцынскай дзейнасці”, прапедэўтычны курс лацінскай мовы з медыцынскай тэрміналогіяй, праслухоўваюць анлайн і афлайн-лекцыі па біялогіі і хіміі выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Старшакласнікі ходзяць на экскурсіі ў паліклінікі і бальніцы, удзельнічаюць у прафарыентацыйных сустрэчах з прадстаўнікамі Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Да пандэміі раз у чвэрць вучні вочна здавалі залікі, праходзілі тэсціраванне на базе падрыхтоўчага аддзялення ВДМУ. Наведваюць і Полацкі дзяржаўны медыцынскі каледж імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка, дзе праводзяць лабараторныя даследаванні. 

— Сярэдні бал па профільных прадметах у вучняў медгруп — 8,7—8,8 — гэта стапрацэнтная якасць ведаў, — адзначае Таццяна Мікалаеўна. — Калі нашы выпускнікі не паступаюць непасрэдна ў медуніверсітэт, то часта выбіраюць сумежныя спецыяльнасці. Напрыклад, медыцынскую электроніку ў БДУІР, медыцынскія апараты і сістэмы ў БНТУ, біялагічны факультэт БДУ. 

Прэстыж прафесіі педагога

— Калі медыкі ратуюць нашы жыцці, то педагогі ратуюць нашы душы, — разважае Таццяна Мікалаеўна. — Яшчэ з пачатковых класаў дзеці разам з настаўнікамі спрабуюць зразумець, якім жа павінен быць сапраўдны педагог, якія рысы характару, асабістыя якасці дапамогуць прыйсці ў прафесію і надоўга застацца ў ёй. На сустрэчу з вучнямі 5—9 класаў мы запрашаем ветэранаў педагагічнай працы, выдатнікаў адукацыі, ганаровых грамадзян Полацка, якія расказваюць аб сваім прафесійным шляху. Сустрэчы праходзяць у музеі развіцця адукацыі Полацкага рэгіёна, які знаходзіцца ў нашай школе. У сакавіку на базе музея прайшла раённая навукова-практычная канферэнцыя “Педагогам прысвячаецца”, дзе вучні педагагічных класаў горада расказалі пра лепшых людзей Полацка — выдатнікаў адукацыі, прэзідэнцкіх стыпендыятах, пераможцах прафесійных конкурсаў педагогаў, настаўнікаў, якія атрымалі званне “Чалавек года Віцебшчыны”. 

Ідэя арганізаванай сістэмнай падтрымкі старшакласнікаў у прафесійным самавызначэнні на карысць медыцынскіх, педагагічных прафесій сябе апраўдвае. За апошнія 5 гадоў 34 выпускнікі сярэдняй школы № 16 Полацка выбралі медыцынскія прафесіі, 22 — педагагічныя.

Каб узмацніць пераемнасць з БДПУ імя Максіма Танка і ВДУ імя П.М.Машэрава, у школе з 2016/2017 навучальнага года функцыянуе група педагагічнай накіраванасці. Факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для старшакласнікаў вядзе Ганна Андрэеўна Якубовіч, настаўніца пачатковых класаў са шматгадовым стажам, якая валодае ўсімі неабходнымі прафесійнымі якасцямі. Вучні педагагічнага класа сталі актыўнымі ўдзельнікамі педагагічнага рандэву, арганізаванага ВДУ імя П.М.Машэрава (2-е месца ў вобласці), маладзёжнага фестывалю творчасці “Проста фэст — 2021”, конкурсу прафесійнага майстэрства на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Будучыя педагогі пісалі эсэ пра педагогаў полацкай зямлі да конкурсу, які праводзіцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Па выніках рэалізацыі музейнага адукацыйнага праекта выдадзены зборнікі “Педагогі Полаччыны — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “У імя жыцця на зямлі” (аб ветэранах педагагічнай працы). Старшакласнікі — актыўныя ўдзельнікі дзён адкрытых дзвярэй у ССНУ і ВНУ педагагічнай накіраванасці. 

— Асабісты прыклад педагога — лепшая матывацыя да атрымання педагагічнай адукацыі, — упэўнена Таццяна Мікалаеўна. — Калі настаўнік задаволены сваім выбарам, адчувае гордасць за прафесію, тым самым ён павышае прэстыж педагагічнай прафесіі сярод вучняў. Дзеці хочуць раўняцца на яго. Вучні педгруп ствараюць свае партфоліа дасягненняў. Практыку або прафесійныя пробы праходзяць непасрэдна ў школе, калі сумесна з настаўнікамі вядуць урокі. На канікулах працуюць у школьным лагеры ў якасці важатых, арганізуюць з дзецьмі гульні, конкурсы і віктарыны. Дзякуючы папулярызацыі педагагічнай прафесіі, і ў вучняў, і ў іх бацькоў узнікае павага да работы педагога. Ужо ў новым навучальным годзе мы чакаем сваіх выпускнікоў, якія павінны вярнуцца ў якасці настаўнікаў у нашу школу і школы Полацка.  

Выбар на карысць сельскай гаспадаркі 

У бягучым навучальным годзе ў школе адкрылася група аграрнай накіраванасці, дзе сёння займаюцца 12 вучняў 10 класа. Штуршком да гэтага паслужыў усвядомлены выбар выпускнікамі школы мінулых гадоў спецыяльнасцей сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках і заключэнне мэтавых дагавораў з Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміяй, а таксама вынікі дыягностыкі пазнавальнай цікавасці і прафесійнай накіраванасці вучняў 7—9 класаў. 

Будучыя аграрыі вывучаюць на павышаным узроўні біялогію і замежную мову, а таксама разам з настаўніцай біялогіі Ганнай Вітальеўнай Галыгінай асвойваюць вучэбную праграму “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Для вучняў праходзіць шмат экскурсій на прадпрыемствы аграрнага сектара (ААТ “Полацкі аграсэрвіс”, ААТ “Полацкі малочны камбінат”, таварна-малочная ферма “Новыя Гараны”). Велізарную дапамогу ў гэтым аказвае рэсурсны цэнтр “Прафарыенцір” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Таксама дзеці бяруць удзел у мерапрыемствах на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны: сустрэчы з прадстаўнікамі, экскурсіі на факультэты, інтэрнэт-алімпіяда “Аграполія”. Пяцёра вучняў аграрнай групы ўжо разглядаюць для сябе магчымасць атрымаць гэтую прафесію, у тым ліку па мэтавым накіраванні ад прадпрыемстваў Полацкага раёна. 

Вучні сярэдняй школы № 16 Полацка заўсёды паспяхова праяўляюць сябе на канферэнцыях, алімпіядах і акцыях, якія праводзяць вышэйшыя навучальныя ўстановы для класаў прафесійнай накіраванасці. 

У мінулым навучальным годзе школу скончылі 43 выпускнікі. З 7 навучэнцаў педагагічнай групы 6 паступілі на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі, з іх трое — па мэтавых накіраваннях. З 8 навучэнцаў медыцынскай групы 2 сталі студэнтамі БДМУ, 2 — ВДМУ, 4 паступілі ў медыцынскія каледжы на спецыяльнасці “Фармацэўтыка” і “Сястрынская справа”.

Надзея ЦЕРАХАВА.