Традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў сталічнай вобласці пад назвай “Адукацыя Міншчыны — сучасны драйвер развіцця эканомікі” сёлета прайшла ў Барысаве. На ўрачыстасці быў абагульнены назапашаны вопыт і расстаўлены прыярытэты на новы навучальны год.

Месцам сустрэчы кіраўнікоў устаноў адукацыі, вопытных педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў стаў Барысаўскі дом культуры імя М.Горкага. Удзел у канферэнцыі прынялі міністр адукацыі Ігар Карпенка і кіраўнік рэгіёна Аляксандр Турчын, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Апраніч, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, лідары прафсаюзнага руху. Усяго на ўрачыстасці сабралася больш за тысячу чалавек, яшчэ дзве тысячы глядзелі анлайн-трансляцыю, якая была арганізавана ў студыях 22 раёнаў і Жодзіна.
Увазе гасцей была прадстаўлена маштабная прэзентацыя дасягненняў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. На эфектных пляцоўках, якія разгарнуліся ў фае на трох паверхах, можна было з першых вуснаў даведацца пра дзейнасць юных прадпрымальнікаў вобласці, вопыт работы агракласаў, арганізацыю ІТ-адукацыі, адукацыйныя практыкі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Не пакінула абыякавымі прысутных і кранальная экспазіцыя “75 гісторый аб вайне”, на якой былі прадстаўлены лепшыя творы вучняў і педагогаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў жыцці іх сямей.
Удзельнікаў канферэнцыі прывітаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён падкрэсліў, што ў сістэме адукацыі краіны склалася добрая традыцыя напярэдадні новага навучальнага года праводзіць жнівеньскія нарады педагагічных работнікаў. Нягледзячы на ўсе складанасці, не стаў выключэннем і гэты год.
— Падзеі апошняга часу паказалі, наколькі важна не дапусціць уплыву дэструктыўных сіл на нашу моладзь, уберагчы яе ад пратэстных заклікаў да нестабільнасці ў грамадстве, ад удзелу ў антыдзяржаўных акцыях, — адзначыў у сваёй прамове Ігар Карпенка. — Сістэма адукацыі — гэта не бізнес-асяроддзе, а інстытут сацыялізацыі моладзі, які забяспечвае не толькі навучанне, але і выхаванне асобы, фарміруе яе светапогляд і шырокую эрудыцыю.
Міністр адукацыі падкрэсліў, што сёння важна забяспечыць адзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям’і і ўстаноў адукацыі. У сучасных умовах узаемадзеянне з бацькамі, ацэнка імі якасці адукацыі павінны быць не крыніцай канфліктаў, палітычных маніпуляцый, а наадварот — стымулам для педагогаў, прадметам гордасці за дасягненні ўстановы адукацыі і кожнага вучня. У новым навучальным годзе стаіць важная задача актывізаваць выхаваўчую дзейнасць сям’і, аказаць ёй неабходную псіхолага-педагагічную падтрымку, надаць сямейнаму выхаванню мэтанакіраваны, грамадска значны характар. Гэты кірунак дзейнасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будзе наладжаны па-новаму ў рамках праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”.
— У цэнтры ўвагі па-ранейшаму будзе заставацца педагог, бо педагогі — гэта лакаматыў сістэмы адукацыі, — зрабіў акцэнт Ігар Карпенка. — Гэта вашай працай і стараннасцю выхоўваюцца прызёры і пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, спецыялісты высокай якасці. Сёння на вашых плячах — каласальная нагрузка, трэба навучыць, выхаваць, сацыяльна падтрымаць, забяспечыць дзяцінства і даць пуцёўку ў жыццё кожнаму маладому чалавеку. Таму што не камп’ютар, а педагог, навучаючы і выхоўваючы, у тым ліку і на ўласным прыкладзе, фарміруе асобу будучага грамадзяніна. А да гэтага дабавіўся яшчэ і псіхалагічны цяжар з-за нападкаў і абраз, спроб раздзяліць педагогаў на сваіх і чужых. Але мы падтрымлівалі, падтрымліваем і ўсяляк будзем падтрымліваць вас: і маральна, і матэрыяльна.
На важную ролю педагога ў грамадстве звярнуў увагу і старшыня Мінскага аблвыканкама. Ён запэўніў: кіраўнік дзяржавы і Мінскі аблвыканкам ніколі не пакідалі і не пакінуць без сваёй увагі сферу адукацыі.
— З году ў год мы будуем новыя навучальныя ўстановы, напаўняем класы сучасным абсталяваннем і з дапамогай педагогаў робім працэс навучання захапляючым і, што не менш важна, такім, які адказвае патрабаванням лічбавай эканомікі, — сказаў Аляксандр Турчын. — Гэта прыносіць свае вынікі. Толькі ў мінулым навучальным годзе ў нашай вобласці практычна ўдвая павялічылася колькасць медалістаў, пераможцаў алімпіяд і тых навучэнцаў, якія атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні найвышэйшы бал. Гэта важкі ўклад у галоўнае багацце любой краіны — яе чалавечы патэнцыял.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч падвяла вынікі работы за мінулы год і выказала падзяку за шчырую працу:
— Дасягненне высокіх вынікаў у адукацыі, якое з’яўляецца люстэркам нашага жыцця, немагчыма без творчага, думаючага настаўніка, уважлівага выхавальніка, чулага куратара, неабыякавага майстра вытворчага навучання. Сумесна мы развіваем кадравы рэсурс рэгіёна — і якасны, і колькасны, гаворым аб стабільным складзе кіраўнікоў, рэальнай працы з рэзервам кіруючых кадраў, ганарымся прафесійнай зменай.
Праца педагогаў вобласці атрымлівае высокую ацэнку з боку ўсіх узроўняў улады. Для папулярызацыі і прасоўвання дзяржаўных інтарэсаў, дэманстрацыі прафесійнага вопыту наладжана супрацоўніцтва з больш чым 33 краінамі ў рамках 105 пагадненняў.
Як адзіная каманда мы працавалі ва ўмовах эпідэміялагічнага рэжыму. Мы не дэкларавалі вынікі, а працавалі, думаючы ў першую чаргу пра дзяцей і сваіх калег. Ад імя ўсёй сістэмы шчыра дзякую ўсім, хто быў салідарны з намі ў гэты няпросты час, дапамагаў і дапамагае забяспечваць стабільнасць сістэмы адукацыі.
Завяршылася сустрэча цырымоніяй узнагароджання спецыялістаў сістэмы адукацыі. Лепшыя педагогі Міншчыны атрымалі ганаровыя граматы Нацынальнага сходу і Мінскага аблвыканкама, нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” і граматы Міністэрства адукацыі. Таксама ўзнагародамі былі адзначаны пераможцы конкурсаў “Настаўнік года Мінскай вобласці”, “Педагагічны старт — 2020” і ”Педагог сацыяльны”. Маладыя спецыялісты, якія сёлета прыйшлі працаваць ва ўстановы адукацыі цэнтральнага рэгіёна, атрымалі памятныя знакі і грашовыя сертыфікаты ад Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Дырэктар Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Наталля Глінская падзялілася ўражаннямі:
— Сёння ва ўрачыстай абстаноўцы мне ўручылі Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу. Гэта вельмі хвалюючы і важны момант у маім жыцці. Я пятнаццаць гадоў стаю на чале школы-інтэрната. Прыемна, што мая праца высока ацэнена. Але адначасова гэта накладвае яшчэ большы абавязак. Увогуле жнівеньскія канферэнцыі выдатна натхняюць на новы навучальны год. Заўсёды прыемна бачыць калег з устаноў адукацыі нашага рэгіёна. Нам ёсць пра што пагаварыць, мы засумавалі без дзяцей і пастараемся зрабіць гэты навучальны год плённым, багатым на добрыя падзеі і поспехі.
Настаўнік фізікі сярэдняй школы № 11 Слуцка Дзмітрый Чарноў прыехаў на мерапрыемства разам са сваёй вучаніцай Лізаветай Грынюк. Праграма насычаная: спачатку на адной з пляцовак яны прадстаўлялі славуты школьны праект “Выкарыстанне эфекту кішэні дла атрымання аднаўляльнай энергіі”, пасля педагог адправіўся на сцэну за высокай узнагародай.
— Парадавала, што наш праект у мінулым навучальным годзе стаў пераможцам на міжнародных конкурсах “Патэнцыял”, “Балтыйскі інжынерны конкурс”, — расказвае Дзмітрый Чарноў. — З задавальненнем дзелімся сваім паспяховым вопытам з гасцямі канферэнцыі. Хочацца падтрымаць усіх і запэўніць: нават у складанай эпідэміялагічнай сітуацыі можна працаваць эфектыўна. На выставе канферэнцыі я прадстаўляў нашу ўстанову адукацыі ўжо трэці год запар. Сёлета яшчэ і атрымаў узнагароду. Для настаўніка гэта заўсёды важная падзея і выдатны стымул для таго, каб развівацца далей, ладзіць новыя праекты, словам, быць яшчы больш актыўным, творчым і сучасным.
Таццяна ШЫМКО.
Фота Марыі АРЭХ.