Педагогі і іх блогі

Менш чым за 30 гадоў сваёй гісторыі блогі паспелі з’явіцца, распаўсюдзіцца і стаць значнай сацыяльнай з’явай. За гэты час слова “блог” упэўнена ўмацавалася ў лексіконе людзей, а таксама ў слоўніках. Утварылася ўласная тыпалогія і класіфікацыя блогаў, нават з’явіўся кодэкс блогера. Пабачылі свет фільмы, заснаваныя на запісах у блогах. У некаторых універсітэтах сёння нават чытаюць лекцыі, прысвечаныя вядзенню блогаў. З дапамогай блогаў становяцца папулярнымі і зарабляюць грошы. Блогасфера працягвае развівацца і прыцягваць усё больш людзей, дорачы бясконцыя магчымасці самапрэзентацыі, камунікацыі, абмену інфармацыяй. І, канечне, гэтыя магчымасці можна выкарыстоўваць у прафесійнай дзейнасці. Педагогі таксама актыўна дзейнічаюць у блогасферы, у тым ліку супрацоўнікі сістэмы  прафесійнай адукацыі. Аб іх спробах і поспехах — у гэтым матэрыяле.

Блог Т.С. Факадзей.

Да новага праз праект

Супрацоўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі актыўна прымяняюць электронныя адукацыйныя рэсурсы рознага кшталту, а таксама ствараюць іх. У тым ліку і блогі, работу ў якіх засвоілі даволі добра. Гэтыя рэсурсы выкарыстоўваюць у рабоце выкладчыкі агульнаадукацыйных прадметаў і спецдысцыплін, майстры вытворчага навучання, метадысты, прымяняючы іх па-рознаму.

У Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці да выкарыстання блогаў прыйшлі праз праектную дзейнасць. 5 гадоў назад тут пачалі работу над эксперыментальным праектам “Апрабацыя адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсю­джвання станоўчага педагагічнага вопыту”.

— У нас шмат таленавітых педагогаў, якія працуюць творча і маюць багаты вопыт работы. Акрамя таго, ёсць і жаданне гэтым вопытам дзяліцца. Мы вырашылі паспрабаваць рабіць гэта ў інтэрнэце, улічваючы, што там прастора практычна бязмежная. Так і з’явіўся наш эксперыментальны праект, — расказвае метадыст ліцэя Марына Іванаўна Шпіталёва. — Падчас работы над эксперыментальным, а потым і інавацыйным праектам мы пераканаліся, што стварэнне і вядзенне блога не толькі дае магчымасці для абмену  вопытам, але і становіцца сур’ёзным стымулам для самарэалізацыі і самаразвіцця педагога. Бо такая дзейнасць падштурхоўвае да засваення новых інфармацыйных і тэхнічных сродкаў, пошуку нестандартных рашэнняў. Вывучаючы матэрыялы калег, размешчаныя ў блогах, педагог міжволі павышае сваю кваліфікацыю, арыентуецца ў тэндэнцыях развіцця сучаснай  адукацыі. Размяшчаючы свае матэрыялы ў сетцы, педагогі становяцца даследчыкамі ўласнага педагагічнага вопыту, крытычна яго ацэньваюць, пераасэнсоўваюць, што стымулюе працаваць над сабой. Мы адзначаем рост прафесійнага ўзроўню педагогаў. Таму што прафесійныя зносіны — віртуальныя яны ці рэальныя — заўсёды ідуць на карысць.

Удзельнікі праекта спачатку вывучылі тэхнічныя магчымасці стварэння і размяшчэння блогаў. Шукалі варыянты, якія адпавядалі б некалькім крытэрыям: каб вядзенне блога не патрабавала матэрыяльных выдаткаў і каб для работы было дастаткова навыкаў звычайнага карыстальніка камп’ютара і інтэрнэту. Можна стварыць уласны сайт і весці блог на ім, аднак для гэтага патрэбны навыкі праграмавання і вэб-распрацоўкі, таму гэты варыянт не падышоў. Больш просты варыянт — выкарыстоўванне адкрытых пляцовак, якія спецыяльна створаны для такіх мэт. У пошуку аптымальнай удзельнікі праекта вывучалі розныя платформы: Blogger, Weebly, LiveJournal, Ucoz, Multiurok, Infourok, Webnode, Jimdo і інш. У выніку прыйшлі да высновы, што найбольш зручныя для іх Blogger і Multiurok.

Blogger — даволі папулярны сэрвіс для вядзення блога, які ўключае ў сябе мноства розных опцый. Педагогі пінскага ліцэя адзначаюць шэраг плюсоў гэтай пляцоўкі. Blogger просты і зручны ў рабоце, пачаць весці блог на ім не проста, а вельмі проста. Ад націску кнопкі “зарэгістравацца” да першага паведамлення спатрэбіцца не больш за хвіліну. Можна дадаваць да сваіх запісаў любы мультымедыйны кантэнт: спасылкі, відэаролікі. Блог  зручна арганізоўваць на свой лад, можна выбраць аснову з вялікай колькасці гатовых шаблонаў і мяняць яе, як хочацца. Ёсць шмат магчымасцей для дызайну свайго блога. Працуе інфармацыйна-пошукавая сістэма. Немалаважна, што гэтая платформа без рэкламы і абсалютна бясплатная.

Аднак ёсць і некаторыя мінусы. Напрыклад тое, што адсутнічае якая-небудзь сістэматычная чытацкая аўдыторыя: няма супольнасцей, сяброў, груп і г.д. Таму ўвогуле Blogger — зручная пляцоўка для абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту, аднак спадзявацца на вялікую мэтавую аўдыторыю не варта.

Другая пляцоўка, якую ўпадабалі ўдзельнікі праекта, — Multiurok. Тут зручная навігацыя, зразумелы нават для пачынаючага блогера інтэрфейс. Multiurok асабліва падабаецца педагогам таму, што спецыялізаваны менавіта на адукацыі, а значыць, стварае магчымасці актыўнай сеткавай камунікацыі з калегамі. Колькасць зарэгістраваных тут настаўнікаў і апублікаваных работ вымяраецца дзясяткамі тысяч. Прычым, арганізаваны зручны пошук, што дазваляе лёгка знаходзіць знаёмых калег або патрэбныя для работы матэрыялы. Пошук можна ажыццяўляць па канкрэтных катэгорыях — астраномія, біялогія, дашкольная адукацыя, класнаму кіраўніку і інш. Аднак, на жаль, катэгорыі “Прафесійная адукацыя” пакуль няма, хоць шмат выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання з’яўляюцца карыстальнікамі гэтай пляцоўкі. Пляцоўка прадастаўляе магчымасць удзельнічаць у вэбінарах, алімпіядах, конкурсах.

Блог Н.В. Уласавец.

Падпісчыкі з Кеніі і інтэрнэт-тролі

Надзея Вітальеўна Уласавец, выкладчыца інфарматыкі ліцэя, заўсёды імкнулася не проста выкладаць свой прадмет, але і прымяняць свае навыкі і ўменні на карысць навучэнцаў у значна шырэйшым сэнсе. Яна актыўна стварае вэб-праекты, электронныя адукацыйныя рэсурсы і дапамагае ў гэтым калегам. Акрамя таго, у яе заўсёды было жаданне дзяліцца вопытам. Таму Надзея Вітальеўна адной з першых уключылася ў работу праекта.

 — На першым этапе нам усім было ня­проста, мы “раскочваліся”, усё вывучалі. Спачатку шукалі падыходзячую пляцоўку. Здавалася — вось топ-10 бясплатных сэрвісаў, бяры і карыстайся. Аднак на практыцы ў многіх выпадках аказвалася, што толькі спачатку ўсё бясплатна, а на пэўным этапе ці за пэўныя неабходныя функцыі патрабуецца аплата. Так, спрабуючы, знайшлі для сябе аптымальныя варыянты. Калі разабраліся, папрацавалі — аказалася, што гэта вельмі цікава, карысна і можна выкарыстоўваць у сваёй практыцы, — расказвае педагог.

Каб наступным, хто пойдзе па гэтым шляху, было прасцей, удзельнікі праекта падрыхтавалі метадычныя распрацоўкі, дзе пакрокава апісваецца, як стварыць і весці блог.

Надзея Вітальеўна застаецца актыўным блогерам. У яе блогу можна знайсці шмат матэрыялаў па прадмеце — распрацоўкі заняткаў, практыкумы, тэсты, цікавыя факты аб інфарматыцы. Таксама размяшчае педагог і матэрыялы, якія тычацца пазавучэбнай работы.

У Надзеі Вітальеўны каля 200 падпісчыкаў. За час існавання яе блог на Multiurok налічвае больш за 140 тысяч наведванняў. Блог — гэта яшчэ і магчымасць зацікаўліваць навучэнцаў прадметам. Яны па-добраму здзіўляюцца, калі чуюць, што іх выкладчык — блогер. Яны распытваюць, чым дзеліцца педагог, як гэта адбываецца. Некаторыя нават дапамагаюць у стварэнні кантэнту — напрыклад, збіраюць інфармацыю, якую потым разам з педагогам абагульняюць і размяшчаюць. Тым, хто зацікавіўся, можна прапанаваць па­спрабаваць стварыць уласны блог — тым больш што справіцца з гэтым навучэнец практычна з любым узроўнем ведаў па інфарматыцы.

Надзея Вітальеўна прызнаецца, што вядзенне блога па­трабуе часу, гэта дадатковая праца. Аднак справа гэтага вартая, адзначае педагог, бо гэта ўнікальная магчымасць мець зносіны з настолькі шырокай супольнасцю калег.

Яшчэ адзін заўзяты блогер у Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці — Таццяна Сямёнаўна Факадзей, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры. 

— Прызнаюся, што мне спачатку было боязна прыступац­ь да новай справы, — расказвае аб пачатку сваёй работы з блогамі Таццяна Сямёнаўна. — Аднак сёння я ўпэўнена, што кожнаму абсалютна рэальна навучыцца працаваць з блогамі з нуля. Больш за тое, я пераканана, што заглядваць у такія блогі проста неабходна. Так значна лягчэй рыхтавацца да заняткаў і розных мерапрыемстваў. Калегі ўжо прыдумалі і рэалізавалі мноства ідэй і заўсёды ёсць ад чаго адштурхнуцца.

Стварэнне сеткавай супольнасці вельмі актуальнае для педагогаў, бо такое ўзаемадзеянне дае падтрымку і дапамогу. Асабліва гэта актуальна для выкладчыкаў беларускай мовы ва ўстановах прафесійнай адукацыі, бо іх не так шмат. Супольнасць матэматыкаў ці фізікаў у прынцыпе вялікая, таму што гэтыя прадметы выкладаюць у розных краінах, у адрозненне ад роднай мовы. Таму выкладчыкаў беларускай мовы і менш, а тых, што працуюць ва ўстановах прафесійнай адукацыі, — зусім нямнога. А ў іх рабоце ёсць асаблівасці, бо неабходна вывучаць прафесійную лексіку, трэба каб заняткі мелі прафесійную накіраванасць. Таму гэтай катэгорыі педагогаў дзяліцца вопытам і напрацоўкамі асабліва неабходна.

— У нас стварылася такая супольнасць, — працягвае Т.С.Факадзей. — Мы пастаянна ўзаемадзейнічаем у блогу з маімі калегамі з устаноў прафесійнай адукацыі Століна, Бярозы, Лунінца. Яны ўжо для мяне не проста калегі, а мае сеткавыя сяброўкі. Мы дзелімся напрацоўкамі, разам іх абмяркоўваем, даём парады адна адной, дапамагаем. Запрашаем у наша сяброўскае кола ўсіх нашых калег.

У блогах Таццяны Сямёнаўны можна знайсці распрацоўкі ўрокаў, прэзентацыі, метадычныя матэрыялы, фотаздымкі, сцэнарыі тэатралізаваных пастановак, свят і мерапрыемстваў, віктарыны, арфаграфічныя хвілінкі. Аднак педагог адзначае, што блог перастаў быць проста пляцоўкай для дэманстрацыі напрацовак, гэта ўжо нешта накшталт анлайн-клуба аднадумцаў, дзе можна паразважаць аб тым, як лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі, абмеркаваць праблемы, а калі-небудзь і падзяліцца любімым рэцэптам. Яна дзеліцца ў блогу не толькі вопытам, а, па сутнасці, усім сваім жыццём. Прычым цікавяцца яе распрацоўкамі калегі з розных краін: сярод наведвальнікаў ёсць прадстаўнікі Казахстана, Украіны, Кіргізіі, Узбекістана, Францыі, Германіі, ЗША, Нідэрландаў. Аднойчы былі заўважаны нават госці з Кеніі. Спачатку падумалася, што гэта памылка, і педагог паспрабавала звязацца з гэтымі чытачамі блога. Высветлілася, што ніякай памылкі няма — гэта нашы суайчыннікі, якія зараз жывуць у Кеніі, упадабалі дзейнасць педагога з Пінска і з цікавасцю чытаюць яе блог.

Вынікі эксперыментальнай дзейнасці педагогаў у Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці дазволілі зрабіць блогі працоўным інструментам і ўключыць яго ў адукацыйную практыку. Вопыт работы зацікавіў педагогаў іншых устаноў адукацыі і ў 2017 годзе ў ліцэі прыступілі да рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсю­джвання станоўчага педагагічнага вопыту”. Да пінчан далучыліся калегі з Бярозаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя геалогіі, Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, Салігорскага дзяржаўнага каледжа. Усе ўдзельнікі праекта мараць аб адзінай рэспубліканскай сеткавай супольнасці педагогаў прафесійнай адукацыі і заклікаюць калег да яе стварэння.

Безумоўна, падчас работы ў блогасферы вызначылі і некаторыя цяжкасці. Адна з праблем, якая ўскладняе выкарыстанне інфармацыйных і інтэрнэт-рэсурсаў — гэта недахоп ведаў і вопыту работы з сучаснымі тэхналогіямі. Яшчэ адна праблема — успрыманне інтэрнэту як выключна забаўляльнай прасторы, “спажывецкае” стаўленне да блогаў. Многія карыстальнікі наведваюць блогі толькі каб знайсці і спампаваць неабходныя матэрыялы, хоць блогасфера прадугледжвае ўзаемадзеянне, вядзенне дыялогу.

 Педагогі не заўсёды псіхалагічна гатовы да зносін у сетцы. Некаторыя не хочуць дэманстраваць вынікі сваёй працы, бо адчуваюць дыскамфорт, калі іх работу абмяркоўваюць, а тым больш крытыкуюць. Нярэдка нежаданне дзяліцца напрацоўкамі тлумачыцца сарамлівасцю і няўпэўненасцю ва ўласных сілах. Акрамя таго, ёсць яшчэ і інтэрнэт-тролі, ды і проста людзі, якія не ўмеюць карэктна выкладаць свае думкі.

Насамрэч, гэтыя праблемы не з’яўляюцца невырашальнымі. Сучасныя тэхналогіі становяцца ўсё больш зручнымі і простымі для ўспрымання. Калі разабрацца, то абавязкова знойдзецца варыянт, які не патрабуе сур’ёзных навыкаў і ўменняў. Ёсць мноства матэрыялаў, якія вучаць, як абараніць сябе і свой спакой у інтэрнэце. А каб перамагчы сваю сарамлівасць, варта толькі паспрабаваць — першыя ж добрыя водгукі (а яны абавязкова будуць) нададуць упэўненасці. І тыя, хто паспрабаваў, ужо ведаюць, што справа гэтая вартая намаганняў. Бо праз сеткавае ўзаемадзеянне можна ўбачыць узровень уласнага вопыту і, вядома, дапоўніць яго чымсьці новым, эфектыўным.

Дар’я РЭВА.