Педагогі і вучні Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна захоўваюць памяць пра земляка Аляксея Алесіка

- 14:20Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Да Дня Перамогі на будынку школы, якая з нядаўняга часу носіць імя Аляксея Алесіка, з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар ураджэнца вёскі Нікольскае, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адкрываючы дошку, старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж адзначыў, што нашчадкі пераможцаў павінны ганарыцца і шанаваць памяць пра герояў, якія аддалі жыццё за мірнае неба. У гэтым спісе годнае месца займае і Аляксей Алесік.

— Рэгулярна папаўняецца экспазіцыя школьнага музея, з’яўляюцца новыя старонкі ў Кнізе Памяці. Разам з вучнямі педагогі вывучаюць лёсы іх прадзедаў, а таксама землякоў, якія ваявалі з ворагам. Беражліваму захаванню гістарычнай памяці будзе дапамагаць і мемарыяльная дошка. Кожны, хто спыніцца каля яе, успомніць пра чалавека, прозвішча якога там увекавечана. Ён заслужыў гэта сваім гераізмам і самаахвярнасцю, — гаворыць дырэктар школы Алена Марук.

— Школьны музей, адкрыты ў 1979 го­дзе, з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання не толькі ва ўстанове, але і ў раёне, — працягвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Алесік. — Ля вытокаў музея стаяла Ганна Анішчук, у музеі праведзена маштабная рэканструкцыя. Асноўны музейны фонд налічвае каля 500 экспанатаў і столькі ж дапаможны. На іх аснове праводзяцца ўрокі мужнасці, інфармацыйныя і класныя гадзіны.

11 музейных экспазіцый знаёмяць з далёкім мінулым Маларытчыны і яе этнаграфічнымі асаблівасцямі, расказваюць пра мясцовую царкву, дзейнасць тутэйшага калгаса ў савецкі час і землякоў — ­удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дырэктарам і педагогам школы, а таксама людзям, якія стваральнай працай на роднай зямлі ўмацоўвалі яе дабрабыт.

Кожная экспазіцыя — гэта вынік доўгай і карпатлівай пошукавай работы многіх педагогаў. Сярод іх — кіраўнік музея, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, кандыдат гістарычных навук, сертыфікаваны экскурсавод, аўтар турыстычнага маршруту “Гісторыя і традыцыі Маларытчыны” Кацярына Алесік, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Вячаслаў Зезюкоў, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Алесік, настаўнік геаграфіі Іван Барташук і настаўнік інфарматыкі Аляксандр Пацяюк.

Але пахваліцца Олтушская сярэдняя школа, дзе атрымліваюць веды 116 вучняў і працуюць 24 педагогі, можа не толькі музеем. Ва ўстанове дзейнічаюць прававыя, аграрныя і педагагічныя класы. Па выніках раённага рэйтынгу школа тройчы станавілася лепшай, а па выніках работы за 2023 год была адзначана дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Акрамя таго, олтушскія вучні паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і навукова-даследчай дзейнасці, пра што сведчаць шматлікія дыпломы рознай вартасці.

— Мы актыўна далучаем школьнікаў да калектыўнай і грамадска карыснай працы, якая ляжыць у аснове патрыятычнага выхавання, — заўважае Алена Марук. — Пачынаем з малога — добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі. Вучні працуюць і на прышкольным участку, дзе вырошчваюць бульбу, цыбулю, буракі і іншыя культуры, якія выкарыстоўваюцца для патаннення харчавання ў сталовай. Летам арганізуецца другасная занятасць падлеткаў. Не застаецца школа ў баку і ад навя­дзення парадку на тэрыторыі аграгарадка. Удзельнічаем у акцыях “Чысты вадаём” і “Чысты лес”.

У 2023 годзе педкласаўцы разам з земляком — пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2001” Вадзімам Шпетным высадзілі алею лістоўніц і кедраў. Закладка хвойных дрэў розных відаў будзе працягвацца.

Асаблівая гордасць школы — прававы клас, арганізаваны першым у раёне. На яго базе нядаўна быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Патрыёт”, удзельнікі якога займаюцца валанцёрствам, даглядаюць помнікі і вайсковыя пахаванні на тэрыторыі сельсавета. Так, разам з супрацоўнікамі Маларыцкага РАУС вучні аднавілі помнік на месцы былой дыслакацыі партызанскага атрада.

— Наладжана супрацоўніцтва з СУП “Савушкіна”, адміністрацыя якога напрыканцы навучальнага года ўзнагароджвае пераможцаў прадметных алімпіяд, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і спаборніцтваў, а таксама штогод аказвае спонсарскую дапамогу ўстанове, — расказвае Алена Марук. — А ганарыцца нам ёсць кім і чым. На рахунку педагогаў і вучняў шматлікія дыпломы, атрыманыя па выніках абласных конкурсаў “Тыдзень лесу”, “Твая мінута славы”, “Будучыня пачынаецца сёння!”, “Юны натураліст” і “Сіла закона”, рэспубліканскіх конкурсаў “Зялёная школа”, “Экспанат для музея”, “Пасябруй са спортам”, “Радзімы спадчына — мой гонар”, “Нашчадкі традыцый”… Сярод сёлетніх дасягненняў — дыплом ІІ ступені абласнога конкурсу даследчых краязнаўчых работ і дыплом прызёра рэспубліканскага конкурсу на лепшыя практыкі і метадычныя інструментарыі ў патрыятычным выхаванні.

***

У час буржуазнай Польшчы Аляксей Алесік быў членам падпольнай арганізацыі, а пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі стаў участковым упаўнаважаным Маларыцкага раённага аддзела НКУС па Радзежскім сельсавеце. У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны ён пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію і да 1942 года знаходзіўся ў батальёне спецыяльнага назначэння НКУС СССР.

22 студзеня 1942 года 22 лыжнікі, сярод якіх быў і Аляксей Алесік, выконваючы заданне, уварваліся ў апорны пункт вёскі Хлуднева Калужскай вобласці, дзе знаходзіўся нямецкі гарнізон колькасцю да 400 чалавек з танкамі. Лыжны атрад знішчыў больш за 100 фашыстаў і, знаходзячыся ў акружэнні, вёў бой на працягу ўсёй ночы. У гэтым баі Аляксей Навумавіч, праявіўшы мужнасць і гераізм, загінуў. Пахаваны каля вёскі Хлуднева. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Імя Аляксея Алесіка занесена ў Кнігу народнай славы Маларыцкага раёна. На будынку райаддзела міліцыі, дзе ён працаваў да вайны, устаноўлена мемарыяльная дошка. З 1967 года ў Олтушскай сярэдняй школе дзейнічае піянерская дружына, названая ў гонар земляка. А ў школьным музеі яму прысвечана асобная экспазіцыя.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА