Педагогі-касцы

Некалькі дзесяцігоддзяў назад на плошчы 19 384 га быў створаны экалагічны заказнік “Спораўскі”. Знаходзіцца ён на тэрыторыі чатырох раёнаў: Бярозаўскага, Драгічынскага, Івацэвіцкага і Іванаўскага. Што ўяўляе сабой заказнік? Гэта рэліктавае балота, багатае на флору і фаўну, мноства рэдкіх відаў, што знікаюць, у ліку якіх вяртлявая чарацянка, арлан-белахвост, венерын чаравічак і іншыя.

Заказнік “Спораўскі” — гэта не толькі славутасць, але і жамчужына прыроды еўрапейскага маштабу, вядомы пункт экалагічнага турызму. У гэтым цудоўным, некранутым кутку прыроды, недалёка ад вёскі Высокае Бярозаўскага раёна, штогод праводзіцца экалагічны фестываль “Спораўскія сенакосы”. Чарговы, 12-ы па ліку, адбыўся ў другой дэкадзе жніўня.

У спаборніцтве на тэмпы касьбы балотнай, сухой травы і якасці пракоса ўдзельнічалі 22 каманды. Адна з іх — ад аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама. Каманда складалася з дырэктараў Малецкага ясляў-сада Анатоля Уладзіміравіча Кавалевіча і Першамайскага ясляў-сада Ігара Аляксандравіча Зелянко.

У такіх спаборніцтвах кіраўнікі школ удзельнічаюць не ўпершыню: Анатоль Уладзіміравіч — трэці раз, а Ігар Аляксандравіч — пяты. Абодва ў свой час скончылі Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Вучыліся на розных факультэтах. Яны па некалькі гадоў працавалі радавымі настаўнікамі, потым былі вылучаны кіраўнікамі сярэдніх школ.

Анатоль Уладзіміравіч і Ігар Аляксандравіч з дзяцінства прывучаны да ручной касьбы, не па чутках ведаюць пра гэтую нялёгкую сялянскую працу. І вырашылі памерацца сіламі. Ім, як і ўсім камандам, трэба было скасіць сто метраў травы шырынёй захопу тры метры. Калі ў іх былі тэмпы крыху ніжэйшыя, чым у іншых каманд, то якасць вельмі высокая. Абодва педагогі-кіраўнікі засталіся задаволены вынікамі. Яны даказалі, што не забылі ручное кашэнне.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.