Педагогі Купяціцкага дзіцячага сада Пінскага раёна развіваюць метапрадметныя кампетэнцыі ў выхаванцаў з дапамогай праектнай тэхналогіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Метапрадметны падыход дазваляе перайсці ад драбнення ведаў на прадметы да цэласнага вобразнага ўспрымання свету, — гаворыць выхавальніца Людміла Лапушка. — Дзякуючы гэтаму, дзеці вучацца планаваць сваю дзейнасць, працаваць у калектыве, спазнаваць навакольную рэчаіснасць, а таксама развіваюць экалагічнае мысленне.
Педагог рэалізавала кароткатэрміновы творча-інфармацыйны праект “Карта Беларусі”, накіраваны на фарміраванне павагі да нацыянальна-культурных каштоўнасцей шляхам вывучэння карты краіны. Удзельнікамі праекта сталі выхавальнікі, дзеці і іх бацькі.
— Дашкольнікі змалку павінны ўсведамляць прыналежнасць да вялікай і малой радзімы, пашыраць свае веды пра прыроду і славутасці Беларусі, арыентавацца на геаграфічнай карце, чытаць яе сімвалы і знакі, — працягвае Людміла Васільеўна. — Асноўная праблема, якую давялося вырашаць на падрыхтоўчым этапе праекта, тычылася невялікага вопыту падарожжаў у выхаванцаў. Акрамя таго, патрабаваліся наглядныя матэрыялы, каб лепш засвоіць пэўныя геаграфічныя тэрміны і навучыцца арыентавацца на карце. Для гэтага быў распрацаваны гульнявы дапаможнік “Карта Беларусі”, які абапіраецца на тэхналогію візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, у прыватнасці, на інтэлект-карту. Дапаможнік уяўляе сабой чорна-белую карту краіны, якая запаўняецца па меры рэалізацыі розных этапаў праекта.
Паколькі выхаванцы з-за ўзроставых асаблівасцей не могуць яшчэ самастойна знаходзіць супярэчнасці ў навакольным свеце, вылучаць гіпотэзы, фармуляваць праблемы і выступаць арганізатарамі праектаў, уся дзейнасць носіць характар трохбаковага супрацоўніцтва: дзяцей, бацькоў і педагогаў.
Па словах Людмілы Васільеўны, дапаможнік дазволіў павысіць узровень самастойнасці дашкольнікаў на этапе атрымання ведаў, паколькі метадалагічны апарат грунтуецца на ўжо вядомых спосабах кадзіравання інфармацыі — лічбавым і каляровым.
Кожная вобласць абазначана сваім колерам і лічбавым сімвалам. Роля педагога заключаецца ў тлумачэнні алгарытму работы і апарату арыенціроўкі (сімвалаў і знакаў).
Для гэтага выкарыстоўваюцца як традыцыйныя (тлумачэнне, практыкаванне), так і інтэрактыўныя метады і прыёмы (“Карагод”, “Ланцужок”, “Карусель”), калі аднародныя дзеянні выконваюцца па ланцужку. Спачатку дарослы выступае ў ролі вядучага: з дапамогай пэўнага прадмета вучыць дзяцей выконваць заданне па чарзе, фарміруючы тым самым уменне выслухоўваць адказы іншых і не перапыняць адно аднаго.
У сваёй рабоце Людміла Васільеўна актыўна выкарыстоўвае міжпрадметныя сувязі: знаёміць выхаванцаў з легендамі пра родны горад, прапаноўвае разгледзець ілюстрацыі карцін і праслухаць песні, расказвае пра разнастайнасць жывёльнага свету ў Беларусі… Гэтыя веды дазваляюць асэнсавана прымяняць сімвалы і абазначэнні на карце.
Навучыўшы дзяцей арыентавацца на карце і атрымліваць адтуль неабходную інфармацыю, педагог звяртаецца да гульнявога метаду, каб замацаваць яе. На дапамогу прыходзяць дыдактычныя (“Назаві свой адрас”) і сюжэтна-ролевыя (“Аграсядзіба “Купяцічы”, “Правільна — няправільна”, “Хто больш?”, “Складзі карту”, “Назаві вобласці правільна”, “Назаві абласныя цэнтры”, “Назаві жыхароў горада”) гульні, якія дазваляюць не толькі прымяніць набытыя веды на практыцы, але і пашырыць слоўнікавы запас.
На гэтым этапе Людміла Лапушка арганізоўвае работу ў парах і мікрагрупах, аб’ядноўваючы дзяцей з рознымі адукацыйнымі патрэбамі, што стварае сітуацыю поспеху, дае вопыт каманднай дзейнасці, стымулюе зносіны паміж дзецьмі, якія ўспрымаюць равеснікаў як адну з крыніц інфармацыі.
— Метад “Інтэрв’ю” дазваляе выхаванцам выступіць у ролі знаўцаў пэўнай вобласці падчас размовы з “журналістам”, што асабліва важна для дзяцей з АПФР, у якіх такім чынам развіваюцца камунікатыўныя ўменні, паляпшаецца канцэнтрацыя ўвагі, павышаецца самаацэнка і пазнавальная актыўнасць, — заўважае педагог. — У выніку ў канцы другога этапу праекта дашкольнікі валодаюць дастатковым слоўнікавым запасам па тэме і актыўна карыстаюцца атрыманымі ведамі. А вось трэці этап звязаны з іх творчым прымяненнем. Дзеці выконваюць розныя заданні (складаюць карту экскурсіі “Прадпрыемствы Беларусі”, расказваюць пра Брэстчыну свайму ўмоўнаму сябру з Афрыкі, пішуць лісты, выкарыстоўваючы сімвалы) і ўдзельнічаюць у сюжэтна-ролевых гульнях (“Школа”, “Турыстычнае агенцтва”, “Даследчыкі-геолагі”).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ