Педагогі пачатковай школы № 7 Брэста ведаюць, як стварыць камфортныя ўмовы для вучобы і творчасці

- 11:07Знак качества, Образование

Педагогі пачатковай школы № 7 Брэста ведаюць, як стварыць камфортныя ўмовы для вучобы і творчасці маленькіх чамучак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Пачатковая адукацыя — надзвычай важны этап у станаўленні чалавека, бо менавіта ў гэты час фарміруюцца яго маральныя прынцыпы, эстэтычныя густы, жыццёвыя зацікаўленасці і светапоглядныя арыенціры, праяўляюцца таленты і здольнасці, — гаворыць дырэктар установы Ганна Амельянчук. — Менавіта таму выхаванню і навучанню дзяцей мы ўдзяляем вельмі вялікую ўвагу.

У школе ўсё прадумана да дробязей, пачынаючы ад добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы і дамашняй утульнасці і заканчваючы ўвагай, клопатам і любоўю педагогаў, якія ўмела спалучаюць у рабоце традыцыйныя і інавацыйныя падыходы.

— Наша школа — установа камбінаванага тыпу, якую наведваюць каля 100 дашкольнікаў і крыху больш за 400 пачаткоўцаў, — працягвае дырэктар. — Такая структура цалкам апраўданая: малодшы школьны ўзрост валодае магутнымі рэзервамі развіцця, схаванымі да пэўнага часу ў дзецях, а пераемнасць паміж адукацыйнымі звёнамі дазваляе выя­віць і раскрыць іх.

Паспяховасць гэтага залежыць ад прафесіяналізму педагогаў і супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў. Школе пашанцавала і з адным, і з другім. 78% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 3 узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. А ўзначальвае творчы і згуртаваны калектыў кавалер медаля Ф.Скарыны Ганна Амельянчук, за плячыма якой 32 гады педагагічнага і 19 гадоў кіраўніцкага стажу.

Не адстаюць ад таленавітага кіраўніка і падначаленыя, чыя прафесійная дзейнасць уганаравана рознымі ўзнагародамі: Наталля Мурзіна, Таццяна Машэўская, Лілія Цішко, Вольга Грэчная, Святлана Жупікава і Луіза Варшыцкая. Вопыт работы класнага кіраўніка Жанны Герц па грамадзянска-патрыятычным выхаванні адзначаны дыпломам ІІ ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Я — грамадзянін Беларусі”. Інструментальны калектыў педагогаў — дыпламант конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

— Нашы педагогі — выдатны ўзор для выхаванцаў, а іх праекты “Мы — нашчадкі Перамогі” (Святлана Яроміч), “Збяры макулатуру — захавай дрэва!” (Варвара Мяркулава), “Культурная субота” (Ірына Гляд) і “Залатыя іскаркі здароўя” (Аліна Дубінка) — наглядны прыклад рэалізацыі творчых здольнасцей, — заўважае Ганна Амельянчук.

У школе створаны належныя ўмовы для асобаснага развіцця дзяцей. На гэта скіравана сістэма дадатковай адукацыі, арганізаваная ў музычным, харэаграфічным, тэатральным і мастацкім рэчышчы. Выхаванцы з задавальненнем займаюцца ў тэатральнай студыі “Экспромт” пад кіраўніцтвам Ліліі Цішко, калектыве дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Натхненне” пад кіраўніцтвам Святланы Жупікавай, вакальнай студыі “7 нот” пад кіраўніцтвам Наталлі Мурзінай і танцавальным калектыве “Канфеці” пад кіраўніцтвам Наталлі Таргонскай, а таксама наведваюць заняткі, дзе вучацца іграць на цымбалах, фартэпіяна, скрыпцы, баяне, акардэоне і гітары.

— Эстэтычны кірунак вельмі запатрабаваны сярод бацькоў і дзяцей, — расказвае Ганна Амельянчук. — Менавіта ён прынёс школе за апошнія 4 гады больш за 150 узнагарод абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Высокія вынікі — магутны стымул для далейшага творчага развіцця дзяцей, у тым ліку на аснове патрыятычнага выхавання. Так, вучні ўдзельнічаюць у тэматычных канцэртах “Мы — нашчадкі Перамогі”, “Дзеці пра Радзіму” і “Беларусь мая сінявокая”, персанальных выставах “Цішыня прыроды” і “Радасць творчасці”, майстар-класах па выяўленчым мастацтве, навуковым таварыстве “УникУМ” і навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку”. Фарміраваць асобу выхаванцаў дапамагаюць класныя гадзіны “Я пазнаю сябе”, “Мая дарога да сябе і іншых”, “Шчырая размова пра нас” і інш. Школьная каманда акцябрат “Чараўнікі дабра” — прызёр мінулагодняга абласнога конкурсу “Акцябрацкі квіз”.

Кожны навучальны год ва ўстанове завяршаецца вялікім святам “Вучань года”, дзе ўшаноўваюцца пераможцы алімпіяд і конкурсаў у розных намінацыях.

Амаль 20 гадоў ва ўстанове паспяхова развіваецца ІТ-кірунак. Так, у школе рэалізуецца шэраг праектаў Парка высокіх тэхналогій: “Лабараторыя адкрыццяў” (Марына Брыштэн), “Інфарматыка без разеткі” (Галіна Пікалюк), “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” і “Робататэхніка і інтэ­лектуальныя тэхналогіі” (Вольга Грэчная). Ірына Гляд выкарыстоўвае ў рабоце методыку гарманічнага развіцця інтэлекту “Ментальная арыфметыка”. Адпаведны вопыт, у тым ліку ў галіне нейрапедагогікі, сістэматычна размяшчаецца на рэспубліканскім педагагічным партале.

— На факультатыўных занятках дзеці з дапамогай ІТ-тэхналогій ствараюць мультфільмы, квесты, віктарыны, інтэрактыўныя гісторыі і вучэбныя гульні, — расказвае Ганна Амельянчук. — Дзякуючы прафесіяналізму педагогаў, нават сарамлівыя і пасіўныя школьнікі незаўважна далучаюцца да гэтага. Больш за тое, вучні актыўна ўдзельнічаюць у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах па праграмаванні, дзе паспяхова прэзентуюць аўтарскія праекты: “Беларускія традыцыі” (чац­вёртакласнік Данііл Грэчны), “Энергазберагоша” (трэцякласніца Марына Яроміч), “Табліца множання” (чацвёртакласніца Марына Сцепанюк) і “Гісторыя касманаўтыкі” (чацвёртакласнік Валерый Харытонаў).

Шматлікія дасягненні выхаванцаў брэсц­кіх педагогаў цалкам заканамерныя, калі ўлічыць, што іх крэда — “Творчасць — не выключэнне, а норма дзіцячага развіцця”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА