Педагогі-партнёры

- 10:24Апошнія запісы, Якасць адукацыі

Вадзім і Віталь Матулісы — асобы вядомыя як у педагагічным, так і ў навуковым асяроддзі. Былыя навучэнцы Ліцэя БДУ, а цяпер дацэнты БДУ, 15 гадоў з’яўляюцца паспяховымі выкладчыкамі хіміі ў родным ліцэі. У сферу іх педагагічных інтарэсаў уваходзіць падрыхтоўка да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання. У метадычнай скарбонцы гэтых педагогаў — аўтарскія падыходы да рашэння самых складаных задач, якімі яны ахвотна дзеляцца з настаўнікамі ўсёй краіны (іх курсы вельмі запатрабаваныя слухачамі АПА). Квантавыя хімічныя разлікі ўваходзяць у сферу навуковых інтарэсаў педагогаў-хімікаў. Вадзім Эдвардавіч займаецца малекуламі, а Віталя Эдвардавіча цікавяць наначасціцы. Свае навуковыя амбіцыі яны рэалізоўваюць у НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. Але наша размова была прысвечана асновам іх аўтарскай методыкі, патрэбам настаўнікаў хіміі і асаблівасцям работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.

Вадзім Эдвардавіч. Абсалютна ўніверсальную методыку выкладання (тая, якая на ўсе выпадкі жыцця) прыдумаць немагчыма, ды і не трэба, бо ёсць розныя катэгорыі навучэнцаў. Адны больш моцныя, другія — менш. Увогуле, перад кожным старшакласнікам стаіць свая задача. Напрыклад, у нашых класах з хіміка-біялагічным і хіміка-матэматычнымі профілем дзеці рыхтуюцца да алімпіяд, да паступлення ва ўніверсітэт, каб працягваць займацца хіміяй ужо на іншым узроўні. Яны высокаматываваныя менавіта ў гэтым напрамку. А ёсць дзеці, якія вывучаюць хімію ў рамках школьнай праграмы для агульнага развіцця. Зразумела, методыка выкладання для гэтых катэгорый навучэнцаў будзе розная.
Віталь Эдвардавіч. Мы не вучым методыцы арганізацыі ўрока. Тут ужо кожны настаўнік здольны праявіць сябе сам. Мы вучым рашаць задачы, прапаноўваючы свае, аўтарскія, падыходы. Алімпіядным рухам ахоплены практычна ўсе нашы школы, і падчас цэнтралізаванага тэсціравання хімія даволі запатрабаваны прадмет. Пры падрыхтоўцы да алімпіяд і ЦТ неабходна рашаць многа складаных задач. Каб рашаць такія задачы хутка і эфектыўна (і на тэсціраванні, і на алімпіядзе час абмежаваны), трэба вучыцца. У прыватнасці, на ЦТ у частцы В даюцца складаныя задачы, але складанымі яны з’яўляюцца толькі па падыходах у рашэнні. Калі знайсці аптымальны падыход, то рашэнне будзе і не такім ужо складаным (усяго ў некалькі дзеянняў) і без грувасткіх рашэнняў.
Наша методыка рашэння задач з’яўляецца запатрабаванай у настаўнікаў. Пасля, пры рашэнні іншых задач, яны ўжо шукаюць аналогіі, бо сярод задач існуе безліч варыяцый. У цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі задачы маюць простыя і кароткія метады рашэння. Настаўнікі, як правіла, з такімі метадамі рашэння не знаёмы. Не, яны могуць рашыць самую складаную задачу з ЦТ, але рашаюць яе, як правіла, працаёмкімі класічнымі спосабамі, якія могуць заняць некалькі старонак сшытка. А калі ім паказваеш, што такі самы вынік можна атрымаць у тры дзеянні, то здзіўляюцца. Канечне, усе настаўнікі вельмі розныя: у іх розная катэгорыя, магчымасці і матывацыя. Але ўсіх аб’ядноўвае пошук аптымальнага рашэння задачы.
Вадзім Эдвардавіч. Любую задачу па хіміі можна рашаць рознымі шляхамі. У матэматыцы ёсць такі выраз — “рашаць у лоб”, калі ты прачытаў умову, ведаеш пэўную тэарэму, формулу, правіла і можаш гэта адразу прымяніць пры рашэнні задачы. А можна прыгледзецца да ўмовы больш пільна, успомніць нешта падобнае і рашыць прапанаваную задачу іншым спосабам. Гэта азначае, што да рашэння вы падыходзіце зусім з іншага боку. На ЦТ аптымальнае рашэнне з’яўляецца прынцыповым, бо за 2 гадзіны трэба выканаць 50 заданняў. Атрымліваецца, што на адно заданне ў сярэднім можна патраціць 2,5 хвіліны. На ЦТ старшакласнікі пішуць толькі адказ, а вось як яны яго атрымалі, падчас тэсціравання не правяраецца.
Пэўная колькасць задач на ЦТ у частцы В з’яўляецца стандартнай (задачы звязаныя з сумесямі рэчываў, выхадам прадукту, лішкам, недахопам). А ёсць камбінаваныя задачы, у якіх шаблоннага рашэння няма. Такіх заданняў не вельмі многа, і яны лічацца складанымі. Калі вы збіраецеся паступаць на самыя прэстыжныя спецыяльнасці, то вам неабходна рашаць менавіта такія задачы. Пры іх рашэнні можна толькі спачатку абазначыць пэўны алгарытм, але зноў-такі ён будзе мець агульны характар. Напрыклад, мы на сваіх семінарах, гаворачы пра спосабы рашэння такіх задач, пачынаем з парады намаляваць малюнак, зыходзячы з даных задачы, абазначыць на ім рэчывы, намаляваць растворы і падумаць, што куды перайшло. Такія агульныя прынцыпы дапамогуць раскруціць задачу далей. Тут складанне ўраўненняў не дапаможа.
Віталь Эдвардавіч. Алімпіядныя задачы перш за ўсё адрозніваюцца сваім характарам і выхадам за межы школьнай праграмы. На прыкладзе хіміі, канечне, цяжка патлумачыць ступень складанасці, таму можна звярнуцца да матэматыкі. Калі, напрыклад, вывучаецца трохвугольнік, то задачы на гэтую тэму могуць быць як і вельмі простыя, так і вельмі складаныя. Тое самае можна сказаць і пра хімію, калі ў межах пэўнай тэмы ва ўмове задачы можна накруціць ого-го якіх вылічэнняў! Але ж алімпіядная задача па сваім характары даследчая. Канечне, без валодання базавай школьнай хіміяй вельмі няпроста дасягнуць поспеху ў алімпіядным руху, але школьная праграма — гэта толькі аснова, у той час як задача на ЦТ так ці інакш упісваецца ў школьную праграму і з’яўляецца адной з варыяцый тыпавых задач. І калі вы добра знаёмы з усімі тыпамі задач, то поспех на тэсціраванні вам гарантаваны.
Алімпіядныя задачы адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю, таму падрыхтоўка да алімпіяды і да ЦТ несувымерная. Алімпіяда — гэта шмат літаратуры і многа гадзін рашэння самых розных задач. Тут патрабуецца намнога больш хімічных ведаў, чым пры падрыхтоўцы да тэсціравання. Алімпіяднікам трэба засвойваць матэрыял першых курсаў хімфака, напрыклад, трэба ведаць фізічную хімію, аналітычную хімію. Бываюць задачы з элементамі квантавай хіміі. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды вельмі важнай з’яўляецца сістэма падрыхтоўкі, якая павінна закладвацца ледзь не з 8 класа, каб у вучня была магчымасць нарошчваць свае веды паступова. Акрамя таго, усе алімпіядныя заданні неабходна класіфікаваць (разбіць па тэмах і класах).
Вадзім Эдвардавіч. У нас у ліцэі ёсць дадатковыя заняткі для навучэнцаў, якія займаюцца алімпіядамі. Акрамя таго, у нас ёсць завочная алімпіяда. Штотыдзень навучэнец атрымлівае заданне, якое за тыдзень неабходна рашыць і здаць. Ёсць сайт завочнай алімпіяды, куды лепшыя рашэнні сканіруюцца і выкладваюцца разам з фотаздымкам ліцэіста.
Акрамя таго, мы распрацавалі пакет алімпіядных заданняў па ўсіх тэмах. Яны ёсць на сайце ліцэя. Ёсць у нас і дыстанцыйны курс па падрыхтоўцы да ЦТ, на які можна падпісацца і займацца праз інтэрнэт. Заданні і рашэнні, якія там прапаноўваюцца, структураваны, што дазваляе вучыцца практычна з нуля. Часта гавораць, што заданні ЦТ вельмі складаныя. Насамрэч гэта не так, бо калі настаўнікам паказваеш, што складаная тэставая задача рашаецца ў некалькі хадоў, то яны ўпэўніваюцца: не ўсё так страшна і складана, як можа падацца на першы погляд. Неабходна развіваць логіку і мысленне. І, акрамя таго, усё залежыць ад памкненняў вучняў: калі яны ставяць перад сабой высокія мэты, то і працаваць неабходна ў адпаведным рэжыме. Камусьці будзе дастаткова ўмення рашаць шаблонныя задачы, а некаму трэба развівацца ва ўменнях рашаць складаныя задачы. У ліцэі мы працуем з высокаматываванымі дзецьмі, якія перад сабой ставяць самыя высокія мэты, таму і працуем з імі згодна з акрэсленымі планамі. Мы вучым іх думаць, умець арыентавацца ў непрадбачаных сітуацыях.
Віталь Эдвардавіч. Паколькі ліцэй з’яўляецца своеасаблівым мастком да паступлення ва ўніверсітэт, то заняткі тут будуюцца па сістэме, адаптаванай да ўніверсітэцкай. Заняткі, як вядома, у нас праходзяць парамі, як ва ўніверсітэце. Гэта толькі знешняя форма арганізацыі. І паколькі навучэнцы профільных класаў высокаматываваныя, то нам практычна не трэба займацца пошукам дадатковых стымулаў. Акрамя таго, такім вучням непатрэбен дадатковы кантроль, хаця, безумоўна, мы кантралюем выкананне і дамашняга задання, і дадатковых задач. Канечне, мы з імі вывучаем больш, чым патрабуе вучэбная праграма. Гэта неабходна для далейшага развіцця ліцэістаў, каб яны не губляліся, трапляючы ў складаныя сітуацыі, якія насамрэч таксама маюць вучэбны эфект. Увогуле, эфектыўнае навучанне заключаецца ў тым ліку і ў пераадольванні цяжкасцей.
Вадзім Эдвардавіч. Калі ва ўніверсітэтах дадатковы вучэбны матэрыял даецца ў асноўным падчас лекцый, то мы не звяртаемся да такога віду вучэбнай дзейнасці, бо гэта не эфектыўна. Куды большы эфект маюць семінары або заняткі па рашэнні задач. Разам з тым і вучэбны матэрыял засвойваць трэба. Мы размясцілі яго на спецыяльным серверы, каб можна было вывучаць дыстанцыйна. Прычым звяртацца да тэарэтычнага матэрыялу могуць не толькі ліцэісты, але і вучні з іншых школ. Для гэтага трэба зарэгістравацца. Матэрыял даецца ў выглядзе прэзентацый. Усё вельмі прыгожа і відовішчна. Шмат інтэрактыву. А ў класе мы тлумачым толькі самае складанае. Можам паставіць прэзентацыю і пагаварыць з ліцэістамі пра тое, што яны бачаць. Або яны могуць загадзя пазнаёміцца з тэмай, а на занятках мы толькі звернемся да незразумелых для іх момантаў. Такім чынам, у нас заўсёды арганізавана зваротная сувязь.
Мы працуем у інтэрактыўным класе, таму, каб, напрыклад, арганізаваць работу кожнага на занятках і праверыць ступень засваення матэрыялу, раздаём усім спецыяльныя пульты, якія трансліруюць на інтэрактыўную дошку варыянты адказаў кожнага ў класе. Так можна ўбачыць і пракантраляваць усіх вучняў класа.
Нам часта гавораць, што працаваць з ліцэістамі проста і адно задавальненне. З аднаго боку, гэта сапраўды так, але з другога, работа з такімі высокаматываванымі дзецьмі патрабуе ад педагога пастаяннага самаўдасканалення, выдатнай арыентацыі ў прадмеце і ведання псіхалогіі такіх дзяцей. Калі ўзяць тыя ж алімпіядныя заданні, то іх спакойна можа выканаць добры студэнт 1—2 курса, бо псіхаэмацыянальны і фізічны стан студэнтаў дазваляе ўспрымаць і рашаць такія задачы без асаблівага напружвання. А са старшакласнікамі складаней. Яны яшчэ не дараслі да ўспрымання ўніверсітэцкага матэрыялу, але патлумачыць яго і данесці да ліцэістаў нам неабходна. Тут ужо многае залежыць ад выкладчыка, яго ўменняў трансліраваць складаны матэрыял, адаптуючы да ўзроставых асаблівасцей вучняў 10—11 класаў. Адна справа — проста пераказаць універсітэцкі падручнік, і зусім іншая — зрабіць так, каб цябе зразумелі. Але гэта не азначае спрасціць матэрыял. Трэба расказаць праўду, але зрабіць гэта на зразумелай для навучэнцаў мове, каб пасля яны змаглі прымяніць новыя веды пры рашэнні задач.
Віталь Эдвардавіч. Вучыцца і працаваць у ліцэі складана, але цікава. Акрамя таго, дапамагае той фактар, што ў класе вучацца дзеці з прыкладна адным узроўнем. Гэта аб’ядноўвае і стымулюе адначасова. Нашы ліцэісты не замыкаюцца ў сабе, бо яны разам. Яны — аднадумцы. Выдатна, што для адораных дзяцей арганізоўваюцца асобныя навучальныя ўстановы. Гэта дапамагае ім не толькі развівацца, але і адаптавацца да навакольнага асяроддзя.
Хімія — навука шматгранная. Тэарэтычная хімія дае адны навыкі, эксперыментальная — зусім іншыя. Часта здараецца, што дзіця, якое выдатна робіць эксперымент, можа не справіцца з тэорыяй і не рашыць адпаведную задачу. А бывае і наадварот. Эксперымент патрабуе нетаропкага, удумлівага падыходу, а пры рашэнні задач думаць трэба хутка. У любым выпадку логіку і мысленне неабходна развіваць. У гэтым плане хімія падобна да матэматыкі і фізікі. Адрозніваецца толькі тым, што патрабуе ведання вялікай колькасці фактычнага матэрыялу.
Мы з ліцэістамі працуем як партнёры і аднадумцы. Такая атмасфера стала магчымай адразу пасля адкрыцця ліцэя, бо сюды паступаюць дзеці, якія хочуць вучыцца і развівацца. Прымушаць іх нам яшчэ не даводзілася. Думаем, што не давядзецца. Па гэтай жа прычыне ў нас няма праблем з дысцыплінай.
Вадзім Эдвардавіч. У мяне быў выпадак, калі пасля нейкай кантрольнай работы да мяне падышла вучаніца з прэтэнзіяй да завышанай адзнакі. Яна ўбачыла памылку, якую я не заўважыў і папрасіла знізіць адзнаку. Ліцэістам важней атрымаць веды, а не адзнаку, бо яны разумеюць, што іх далейшы лёс будзе вызначацца метавіта ўзроўнем ведаў, а не колькасцю “дзясятак”. Такі настрой фарміруе адпаведную адказнасць выкладчыка, які проста не мае права прыйсці непадрыхтаваным. Нават калі ты рыхтуешся да абароны дысертацыі, то падрыхтоўка да ўрока не можа быць аслаблена. На абароне цябе будуць слухаць члены савета, а на ўрок за ведамі прыйдуць дзеці. Рыхтавацца трэба да ўсіх. Акрамя таго, у ліцэі немагчыма з году ў год паўтараць адзін і той жа курс. Дзеці прыходзяць розныя, ды і час не стаіць на месцы.
Віталь Эдвардавіч. Каб падрыхтаваць добрую прэзентацыю, неабходна гадзіны 4. Гэта пры ўмове добрага валодання ўсімі камп’ютарнымі праграмамі. Неабходна адабраць патрэбны матэрыял, структураваць яго. Часта даводзіцца мяняць задачы, радзей — тэарэтычны матэрыял. Нашы лекцыі-прэзентацыі вельмі мабільныя. Калі ў класе адчуваеш, што нечага не хапае, то вельмі хутка можна дабавіць неабходны матэрыял. Дзеці нас таксама матывуюць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.