Педагогі школы № 1 г.п.Акцябрскі паказваюць вучням, наколькі важна берагчы гістарычную і культурную спадчыну

- 12:17Видеосюжет, Новости

Педагогі сярэдняй школы № 1 г.п.Акцябрскі імя А.Р.Салаўя паказваюць навучэнцам, наколькі важна шанаваць і берагчы гістарычную і культурную спадчыну. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове ў рамках праекта “Музей і школа” пры садзейнічанні Цэнтра гісторыі і культуры створаны клуб “Юны экскурсавод” і атрад “Нашчадкі традыцый”. Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Ліліі Лаўрушчык хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі гісторыю школы, гераічнае мінулае Акцябрскага раёна, а зараз самі паспяхова праводзяць экскурсіі для гасцей легендарнага пасёлка.

— Ініцыятыва стварэння клуба юных экскурсаводаў зыходзіла ад дзяцей, — расказвае Лілія Уладзіміраўна. — Падчас работы летняга школьнага аздараўленчага лагера выхаванцы, азнаёміўшыся з гісторыяй і традыцыямі ўстановы адукацыі, самастойна праводзілі зай­мальныя экскурсіі для аднагодкаў, якім вельмі спадабаўся такі фармат. Таму 1 верасня 2023 года быў створаны клуб, а 15 снежня 2023 года ў гонар 160-годдзя школы вырашылі ўра­чыста адкрыць атрад.

У кожнага юнага экскурсавода свой фронт работы. Гасцям яны расказва­юць не толькі пра школу, але і пра памятныя мясціны, герояў Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, пра аднаго з вядомых партызанскіх камандзіраў раёна Героя Савецкага Саюза Ціхана Піменавіча Бумажкова, помнік якому ўзвышаецца ў цэнтры пасёлка. Яшчэ адзін помнік “Ра­дзіма — маці” з’яўляецца напамінам пра страшныя падзеі 2 красавіка 1942 года, калі фашысцкія карнікі спалілі каля 700 жыхароў вёскі Карпілаўка. Падчас абласнога фестывалю-кірмашу працаў­нікоў вёскі “Дажынкі-2023” у гонар герояў была закладзена алея. Тут увекавечылі памяць тых, хто змагаўся за мірнае неба, свабоду і незалежнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. На беласнежных стэлах — барэльефы Герояў Савецкага Саюза. Вучні з атрада экскурсаводаў падрабязна могуць расказаць пра кожнага. І ўсё дзякуючы плённай рабоце па вывучэнні гісторыі роднага краю, якая праводзіцца з дзецьмі ў школе.

 

Сёння ў клубе “Юны экскурсавод” 30 навучэнцаў, у атрадзе — 12. І самае важнае, што школьнікі настойліва про­сяць прыняць у шэрагі юных экскурсаводаў і іншых вучняў. Моладзь не баіцца, што трэба запамінаць шмат інфармацыі, яна імкнецца ведаць калі не ўсё, то многае пра гісторыю, традыцыі, культуру. І гэта, мабыць, галоўны знак якасці ра­боты па патрыятычным выхаванні.

— Больш за тое, дзеці праяўляюць ініцыятыву ў самастойным пошуку гістарычных звестак. Карыстаюцца не толькі інтэрнэтам, але і кнігамі Памяці, архіўнымі дакументамі, — адзначае Лілія Лаўрушчык. — За час дзейнасці клуба і атрада назіраю, як яны змяніліся і сталі больш сур’ёзнымі, як трапятліва ставяцца да захавання гістарычнай памяці.

Лілія Уладзіміраўна прыкладае шмат намаганняў, каб запаліць агеньчык цікавасці ў выхаванцах, каб выхаваць у іх гордасць за свой народ і малую радзіму, сфарміраваць маральныя арыенціры. Дарэчы, сёлетнія выпускнікі настолькі пранікліся музейнай педагогікай, вывучэннем мінулага, што вырашылі звя­заць з гэтым напрамкам сваю прафесійную дзейнасць. Напрыклад, камандзір атрада Яўгенія Асадчая плануе паступаць на гістарычны факультэт.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота і відэа аўтара