“Сусветнае кафэ” — тэхналогія сфакусіраванага нефармальнага абмеркавання канкрэтнай тэмы. Яна прымяняецца для вырашэння комплексных праблем, прыняцця нестандартных рашэнняў, узгаднення некалькіх пунктаў гледжання, планавання групавой работы, падвядзення вынікаў, абмену вопытам.
Для рэалізацыі тэхналогіі “Сусветнае кафэ” арганізоўваецца работа некалькіх груп, якія размяшчаюцца за сталамі і разглядаюць розныя аспекты агульнай тэмы. Каардынуе дзейнасць удзельнікаў за кожным сталом гаспадар. Усю інфармацыю, атрыманую ў працэсе работы, групы фіксуюць у пісьмовым выглядзе (тэкст, схема, табліца і да т.п.). Пасля заканчэння вызначанага часу групы мяняюцца месцамі такім чынам, каб у ходзе сустрэчы ўдзельнікі папрацавалі за кожным сталом (абмеркавалі ўсе аспекты прапанаванай тэмы). Потым падводзяцца вынікі.
З дапамогай тэхналогіі “Сусветнае кафэ” можна за кароткі прамежак часу аб’яднаць зусім розных людзей, пазбегнуць непаразумення, пераадолець нежаданне працаваць сумесна. Нефармальная, дружалюбная атмасфера садзейнічае адкрытаму выказванню ідэй, дазваляе зняць трывожнасць і скаванасць. Менавіта гэта вельмі важна для маладых спецыялістаў, якім неабходна сур’ёзная метадычная і псіхалагічная падтрымка вопытных калег. Прапаноўваем вашай увазе заняткі школы маладога спецыяліста “Формула педагагічнага поспеху”, арганізаваныя з дапамогай тэхналогіі “Сусветнае кафэ”.
З мэтай стварэння творчай атмасферы, гульнявой сітуацыі выкарыстоўваецца прыём тэатралізацыі. Пад музыку на сцэне з’яўляецца Баба Яга на мятле і ўступае ў дыялог з Кашчэем Бессмяротным. Яны вырашаюць украсці ў настаўнікаў формулу педагагічнага поспеху і паглядзець, ці здолеюць яны яе знайсці.
Вядучы знаёміць удзельнікаў з асаблівасцямі тэхналогіі “Сусветнае кафэ”, гісторыяй яе стварэння, а таксама правіламі этыкету (факусіравацца на самым важным, дзяліцца сваімі ідэямі, гаварыць тое, што думаеш, уважліва слухаць іншых, рабіць заметкі). Затым арганізоўваецца групавая работа, якую каардынуюць вопытныя настаўнікі — гаспадары сталоў.
Стол “Педагагічныя пазлы”
Тут прапаноўваецца скласці з пазлаў табліцу (схему) “Асноўныя этапы сучаснага ўрока”. Пры неабходнасці можна выкарыстоўваць даведачную інфармацыю.
Арганізацыйны этап
Задачы: прывітанне, фіксацыя адсутных. Праверка падрыхтаванасці памяшкання да заняткаў. Арганізацыя ўвагі школьнікаў. Раскрыццё агульнай мэты ўрока і плана яго правядзення.
Метады, прыёмы, формы работы: “Далонька да далонькі”, займальны матэрыял, гульнявыя прыёмы.
Этап праверкі дамашняга задання
Задачы: выяўленне ступені засваення зададзенага вучэбнага матэрыялу. Высвятленне прычын невыканання дамашняй работы асобнымі вучнямі. Вызначэнне тыповых недахопаў у ведах і спосабах дзеянняў і іх прычын. Ліквідацыя выяўленых недахопаў.
Метады, прыёмы, формы работы: выкананне вучнямі заданняў, падобных да дамашніх, тэставыя заданні (закрытай і адкрытай форм, на адпаведнасць і вызначэнне правільнай паслядоўнасці), праверка д/з пад капірку, “Працягні адказ”, рознаўзроўневыя самастойныя работы, метад навучання з апорай на памылкі, “Торт рашэнняў” (фіксацыя сваіх цяжкасцей), “Гірлянда асацыяцый”, “Кубікі”, дадатковыя пытанні.
Стол “Педагагічныя ідэі”
Для павышэння эфектыўнасці работы з тэкстам (мастацкім, навуковым), засваення матэрыялу вучню важна ўмець сціснуць тэкст, атрымаць неабходную інфармацыю. З мэтай развіцця гэтых уменняў педагог можа выкарыстоўваць цікавую для школьнікаў форму работы — стварэнне воблака слоў. Напрыклад, на ўроку біялогіі дзецям прапаноўваецца выпісаць з тэксту параграфа назвы груп, відаў, прадстаўнікоў птушак, характэрныя прыметы, месцы гнездавання і размясціць іх на папяровых контурах птушак. Ключавыя словы вылучаюцца пэўным памерам шрыфту ці колерам. Руцінная работа з тэрміналогіяй такім чынам ператвараецца ў цікавую гульню (асабліва для візуалаў).
Заданне. Складзіце воблака слоў на тэму “Школа” (падтэмы: “Настаўнік”, “Класны кіраўнік”, “Вучань”, “Урок”).
Стол “Педагагічны дайджэст”
Як зрабіць стандартны ўрок цікавым і займальным? У кожнага настаўніка ёсць свае знаходкі, сакрэты, але, думаю, усе пагодзяцца з тым, што ў аснове вырашэння гэтай задачы — выкарыстанне актыўных форм навучання, сярод якіх найбольш эфектыўнай з’яўляецца гульня. Чаму? Гульня патрабуе кемлівасці, увагі, вучыць вытрымцы, настойлівасці, у дзяцей развіваюцца ўяўленне, дапытлівасць, выпрацоўваюцца ўменні хутка арыентавацца ў новых абставінах, знаходзіць правільныя рашэнні.
Педагогі знаёмяцца з рознымі гульнямі, выступаючы ў ролі вучняў, вызначаюць дыдактычныя мэты гэтых гульняў і магчымасці іх прымянення на розных этапах урока. Можна таксама прапанаваць удзельнікам абмяняцца вопытам, г.зн. прадставіць калегам свае ідэі.
Стол “Педагагічны залік”
Абавязковым кампанентам працэсу навучання і яго завяршальным этапам з’яўляецца кантроль (праверка вынікаў). На аснове зваротнай сувязі настаўнік ажыццяўляе шэраг блізкіх дзеянняў і аперацый, якія ўсё ж адрозніваюцца (праверка, кантроль, улік, ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці). Залік — адна з форм кантролю. Ён можа праводзіцца ў форме тэста.
Цяпер правядзём педагагічны залік. Вашай увазе прапаноўваюцца заданні. Выберыце варыянты адказу, зверцеся з ключом.
Заданні
- Адукацыя — гэта:
а) мэтанакіраваны працэс выхавання і навучання;
б) працэс узаемадзеяння педагога і навучэнца;
в) сістэма дзяржаўных устаноў.
- Функцыі навучання:
а) развіццёвая, адукацыйная, прагнастычная;
б) выхаваўчая, прагнастычная, праекціровачная;
в) адукацыйная, развіццёвая, выхаваўчая;
г) адукацыйная, выхаваўчая, тлумачальная.
- У плане ўрока незалежна ад яго афармлення павінна быць прадстаўлена наступная інфармацыя:
а) змест вучэбнага матэрыялу;
б) тлумачальная запіска;
в) размеркаванне гадзін на кожную вучэбную тэму;
г) структура ўрока;
д) узоры вырашэння вучэбных задач.
- Нарматыўны дакумент, у якім пазначаны формы і колькасць кантрольных работ па прадметах:
а) Тыпавы вучэбны план агульнай сярэдняй адукацыі;
б) Метадычныя рэкамендацыі па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі;
в) Санітарныя нормы, правілы і гігіенічныя нарматывы “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.
- Нарматыўны дакумент, у якім змяшчаюцца патрабаванні да ацэнкі вусных і пісьмовых адказаў вучняў:
а) Нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў па вучэбных прадметах;
б) вучэбныя праграмы па прадметах;
в) адукацыйныя стандарты агульнай сярэдняй адукацыі.
- Вучэбная праграма па прадмеце ўключае:
а) тлумачальную запіску;
б) змест вучэбнага прадмета, колькасць гадзін на вывучэнне тэмы;
в) асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў;
г) віды памылак у работах навучэнцаў.
- Колькасць гадзін на вывучэнне тэмы з’яўляецца:
а) абавязковай; б) прыкладнай.
- Планаванне па вучэбным прадмеце ўключае ў сябе:
а) каляндарна-тэматычнае планаванне (на навучальны год);
б) вучэбна-метадычныя комплексы;
в) паўрочнае планаванне (на кожныя вучэбныя заняткі).
- Заданні павышанага ўзроўню складанасці могуць прапаноўвацца для самастойнага выканання:
а) толькі па жаданні навучэнцаў;
б) па патрабаванні настаўніка.
- Ці можна задаваць дамашнія заданні на канікулы?
а) так; б) не.
Ключ: 1. а; 2. в; 3. г, д; 4. б; 5. а; 6. а, б, в; 7. б; 8. а, в; 9. а; 10. б.
Стол “Педагагічная скарбонка”
Мэта арганізацыі актыўнага ўзаемадзеяння навучэнцаў — фарміраванне такіх метапрадметных уменняў, як уменні арыентавацца ў сітуацыі зносін, ствараць звязныя вусныя выказванні для перадачы інфармацыі, актыўна слухаць суразмоўніка, праяўляць цярпімасць да яго пункту гледжання і г.д. Дасягнуць гэтага можна пры дапамозе розных прыёмаў, сярод якіх — шасцівугольнае навучанне. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што навучэнцы засвойваюць прапанаваны матэрыял у працэсе работы з шасцівугольнымі карткамі, на якіх размяшчаецца пэўная інфармацыя. Шасцівугольнікі злучаюцца адзін з адным на аснове лагічных сувязей. Работа можа быць арганізавана як індывідуальна, так і ў пары ці групе.
Ёсць некалькі варыянтаў выкарыстання гэтага прыёму.
- Упісаць вучэбны матэрыял у шасцівугольнікі і прапанаваць вучням сабраць мазаіку.
- Пакінуць шасцівугольнікі пустымі для запаўнення вучнямі. У гэтым выпадку неабходна даць ім час для падрабязнага вывучэння тэксту, паглыблення ў вучэбную праблему. Магчыма, вы здзівіцеся тым высновам, якія дзеці зробяць самастойна. Гэта і ёсць мэта прыёму шасцівугольнага навучання.
- Зрабіць шасцівугольнікі рознакаляровымі ў залежнасці ад характару вучэбнага матэрыялу. Задача вучняў — злучыць шасцівугольнікі, прычым для гэтага можа быць прыменена шмат спосабаў.
Заданне. Выкарыстоўваючы шасцівугольнікі, складзіце схему (табліцу) “Асноўныя патрабаванні да сучаснага ўрока” і растлумачце яе. Упішыце ў шасцівугольнікі адсутную інфармацыю.
У блоку “Дыдактычныя патрабаванні” ўдзельнікам прапаноўваецца 8 картак:
дакладнае фармуляванне адукацыйных задач у цэлым, іх сувязь з развіццёвымі і выхаваўчымі задачамі;
вызначэнне месца ў агульнай сістэме ўрокаў;
вызначэнне аптымальнага зместу ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы і мэтамі ўрока, з улікам узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў;
прагназаванне ўзроўню засваення навучэнцамі навуковых ведаў, сфарміраванасці ўменняў і навыкаў як на ўроку, так і на яго асобных этапах;
выбар найбольш рацыянальных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання, стымулявання і кантролю на кожным этапе ўрока;
спалучэнне розных форм калектыўнай і індывідуальнай работы на ўроку;
рэалізацыя на ўроку ўсіх дыдактычных прынцыпаў;
стварэнне ўмоў для паспяховага навучання школьнікаў.
Блок “Выхаваўчыя патрабаванні” ўключае 5 картак, з якіх 3 часткова запоўненыя:
фарміраванне … стаўлення да жыцця;
фарміраванне любові да Радзімы, высокіх маральных якасцей, . . . ;
фарміраванне грамадзянскасці… .
На картках для работы з блокам “Гігіенічныя патрабаванні” прадстаўлена наступная інфармацыя:
выкананне тэмпературнага рэжыму;
праветрыванне;
выкананне норм асвятлення;
прадухіленне стамлення і ператамлення;
чаргаванне відаў дзейнасці;
своечасовае якаснае правядзенне фізкульт-
хвілінак;
кантроль за правільнай рабочай позай навучэнца;
адпаведнасць класнай мэблі росту школьніка.
У блоку “Псіхалагічныя патрабаванні” прапаноўваецца 6—7 картак; інфармацыю ўдзельнікі падбіраюць самастойна.
Блок “Патрабаванні да тэхнікі правядзення ўрока” ўключае 6 картак (з пропускамі):
урок павінен быць …, выклікаць цікавасць да навучання і выхоўваць патрэбу ў …;
… урока павінны быць аптымальнымі, дзеянні настаўніка і навучэнцаў …;
неабходны поўны кантакт настаўніка і навучэнцаў;
дамінаваць павінна атмасфера … і актыўнай творчай працы;
па магчымасці варта мяняць … навучэнцаў, аптымальна спалучаць розныя … навучання;
неабходна выкананне адзінага арфаграфічнага рэжыму.
Падчас фізкультхвілінкі даецца тэарэтычная інфармацыя па правядзенні фізкультхвілінак і арганізоўваецца выкананне некалькіх практыкаванняў.
Затым вядучы прапаноўвае ўдзельнікам вярнуць украдзеную формулу педагагічнага поспеху. Для гэтага трэба, улічваючы атрыманую ў межах тэхналогіі “Сусветнае кафэ” інфармацыю, падабраць на кожную літару слова “поспех” словы, словазлучэнні, сказы.
Людміла МАРШАЛКІНА,
Наталля СІДОРКА,
настаўніцы рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 10 Пінска