У спецыяльнай школе-інтэрнаце Навагрудка, якая ўдастоена гонару насіць імя Леаніда Фёдаравіча Пашынскага, былога кіраўніка ўстановы, выдатніка народнай адукацыі, заслужанага настаўніка БССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, захоўваюць памяць пра знакамітага земляка і выхоўваюць маладое пакаленне на традыцыях патрыятызму і любові да сваёй зямлі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
За перыяд існавання Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната (са снежня 1944 года і па сённяшні дзень) яе ўзначальвалі дванаццаць дырэктараў. Сярод іх не было людзей выпадковых, абыякавых. Але асоба Леаніда Фёдаравіча Пашынскага сярод усіх выдзяляецца сваёй маштабнасцю і грунтоўнасцю.
— Мы паставілі перад сабой задачу ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя стварэння школы ўвекавечыць памяць чалавека, чый уклад у развіццё рэгіянальнай адукацыі на Навагрудчыне, на Карэліцкай зямлі быў вельмі значны, — адзначыў дырэктар спецыяльнай школы-інтэрната Навагрудка Алег Аркадзьевіч Анікевіч. — Леанід Фёдаравіч Пашынскі стаяў ля вытокаў адраджэння адукацыі пасля вайны. Ён займаў пасады настаўніка, дырэктара школы, загадчыка раённага аддзела адукацыі, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і больш за 10 гадоў аддаў нашай школе. Гэта быў настаўнік ад Бога, чалавек-легенда, якога вельмі любілі дзеці і паважалі калегі. Знамянальным для нас стаў дзень 15 красавіка 2024 года, калі школе было прысвоена імя Л.Ф.Пашынскага.
Педагогі і навучэнцы па крупінках збіралі інфармацыю пра былога кіраўніка ўстановы адукацыі. Яшчэ ў 2017 годзе піянерскай дружыне Навагрудскай спецшколы-інтэрната было прысвоена імя Л.Ф.Пашынскага. У школьным музеі “Памяць сэрца” адкрылі экспазіцыю, прысвечаную таленавітаму педагогу.
— Маючы пэўныя напрацоўкі, неяк задумаліся: а чаму б не стаць трэцяй школай у раёне, якая будзе насіць імя героя, — расказаў Алег Анікевіч. — Тым больш што ўсе падставы для гэтага былі. Леанід Фёдаравіч меў ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Вялікую дапамогу нам аказала яго дачка Таццяна Леанідаўна Сініца, якая раней працавала настаўніцай у нашай школе і жыве ў Навагрудку. Менавіта яна перадала ў музей асабістыя рэчы, узнагароды бацькі. І вось неяк на адным дыханні на працягу двух тыдняў мы падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы на прысваенне школе імя героя. Сёння яно абавязвае нас быць флагманам сярод устаноў адукацыі ў сваім рэгіёне, прыкладам не толькі ў вучобе, але і ва ўсіх астатніх напрамках дзейнасці.
Пасля таго як школа атрымала імя Л.Ф.Пашынскага, тут пачалі будаваць сістэму выхаваўчай работы так, каб школьнікі як мага больш даведаліся пра гэтага выдатнага чалавека. Першае, што зрабілі, запрасілі людзей, якія асабіста ведалі Леаніда Фёдаравіча, правялі цыкл сустрэч з імі, на якіх яны расказалі пра жыццё і дзейнасць героя.
Спадчына ўражвае маштабам. Па ініцыятыве Л.Ф.Пашынскага быў пабудаваны існуючы будынак школы. Была створана на той час самая сучасная ў рэспубліцы база для навучэння дзяцей з цяжкасцямі маўлення. Сфарміраваны калектыў.
Яго імя было на слыху не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. У Навагрудскую спецшколу-інтэрнат ехалі за вопытам з розных куткоў Беларусі і нават усяго Савецкага Саюза. Было вельмі прэстыжна трапіць працаваць сюды. І гэтыя традыцыі засталіся.
— Для педагогаў, якія прадаўжаюць справу Леаніда Фёдаравіча, вельмі важна, каб жылі закладзеныя ім традыцыі, захоўвалася памяць пра чалавека, які падняў планку работы на вельмі высокі ўзровень, — падкрэсліў Алег Анікевіч.
Экспазіцыя ў школьным музеі, прысвечаная Леаніду Фёдаравічу, адлюстроўвае яго жыццё, дзейнасць не толькі як настаўніка і кіраўніка, але і салдата, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым зале праводзіцца цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Перамозе, 80-годдзю вызвалення Беларусі.
Сёння, як і шмат гадоў назад, ва ўстанове адукацыі няма выпадковых людзей. Тут працуюць педагогі, гатовыя аддаваць не толькі свае веды, але і цеплыню душы дзецям, якія вымушаны вучыцца далёка ад сваіх бацькоў. Спецыфіка работы школы-інтэрната моцна адрозніваецца ад любой іншай установы адукацыі. Сюды прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі практычна з усёй рэспублікі, і не па сацыяльных паказчыках, а па медыцынскіх.
— Сярод нашых выхаванцаў сустракаюцца дзеці з вельмі складаным лёсам, да кожнага з іх павінен быць індывідуальны падыход, — заўважыў кіраўнік установы адукацыі. — Дастукацца да гэтых дзетак, прымусіць іх паверыць у добразычлівасць дарослых, у тую дапамогу, якую мы прапануем, у некаторых выпадках даволі складана. Таму штат нашых педагогаў мяняецца практычна толькі тады, калі людзі ідуць на заслужаны адпачынак. Чалавек, які прыходзіць працаваць у нашу школу, робіць асэнсаваны выбар. Ён разумее, што гэта работа 24 гадзіны ў суткі, калі не на месцы працы, то на тэлефоне, 7 дзён у тыдзень і 30 — у месяц. Кожны дзень перад табой вочы дзяцей, якія глядзяць з запытам, вераць табе. Не ўсім гэта падыходзіць, некаторыя, адпрацаваўшы год, пакідаюць школу, шукаючы, напэўна, больш камфортныя ўмовы. Але калі хто застаецца, то назаўсёды.
Такія яны педагогі — прадаўжальнікі слаўных традыцый, закладзеных Леанідам Фёдаравічам Пашынскім.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы
Таленавіты настаўнік і кіраўнік
Нарадзіўся Леанід Фёдаравіч у 1923 годзе ў вёсцы Дабрынь Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў рабочай сям’і. У 1938 годзе скончыў Дабрынскую няпоўную сярэднюю школу і адразу паступіў у Аршанскі настаўніцкі педагагічны інстытут на спецыяльнасць “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”. У 1941—1944 гадах пражываў з бацькамі на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі ў Дабрыні. Леанід быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў чэрвені 1944 года. Ваяваў на 3-м Беларускім фронце. 13 лютага 1945 года пад Кёнігсбергам быў паранены ў баі. Дэмабілізаваўся з войска ў 1947 годзе. Леанід Фёдаравіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй” і шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі.
Л.Ф. Пашынскі з калегамі
Аршанскі інстытут Леанід Фёдаравіч скончыў толькі ў 1949 годзе. Першым месцам працы маладога педагога стала Цырынская сярэдняя школа Карэліцкага раёна. Здольнага і таленавітага настаўніка ў хуткім часе запрасілі на пасаду інспектара аддзела народнай адукацыі Карэліцкага райвыканкама, якую ён сумяшчаў з пасадай старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі. У 1954 годзе Леанід Фёдаравіч быў узнагароджаны значком “Выдатнік народнай адукацыі”.
Некаторы час Л.Пашынскі працаваў інспектарам школ Навагрудскага райвыканкама. А ў 1962—1967 гадах узначальваў Навагрудскую агульнаадукацыйную школу-інтэрнат. У 1967 годзе яго прызначылі начальнікам аддзела народнай адукацыі Навагрудскага райвыканкама. Увага Леаніда Фёдаравіча ў гэты перыяд была скіравана на павышэнне якасці адукацыі і ўдасканаленне ідэйна-выхаваўчага кірунку ў рабоце педагогаў. Турбавалі яго і пытанні паляпшэння матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. З 1967 па 1972 год у раёне былі пабудаваны 3 школы за кошт дзяржаўных капіталаўкладанняў (Налібацкая, Лаўрышаўская і Гарадзечанская) і 10 школ за кошт мясцовага бюджэту.
На час кіраўніцтва Леанідам Фёдаравічам рэгіянальнай сістэмай адукацыі прыпадае перыяд пераходу да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Хуткімі тэмпамі тады адбываўся пераход на кабінетную сістэму навучання. Асаблівая ўвага ўдзялялася перагляду зместу адукацыі, змене праграм і вучэбных планаў, удасканаленню метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, забеспячэнню школьнікаў падручнікамі, павышэнню кваліфікацыі педагагічных кадраў.
У 1973 годзе Л.Ф.Пашынскі працягнуў прафесійную дзейнасць у Навагрудскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Маючы за спінай вышэйшую адукацыю (у 1954 годзе Леанід Федаравіч скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага), ён працягваў вучыцца і ў 1978 годзе скончыў дэфекталагічны факультэт таго ж інстытута. Атрыманыя веды дапамаглі дырэктару прывесці педагагічны калектыў да вяршынь прафесійнага майстэрства. Яго плённая педагагічная дзейнасць была адзначана на самым вышэйшым узроўні: у 1975 годзе Л.Ф.Пашынскаму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”.
Памёр Леанід Фёдаравіч у 1987 годзе, пахаваны ў Навагрудку.
Алег АНІКЕВІЧ,
дырэктар спецшколы-інтэрната Навагрудка;
Ірына ХУАН,
настаўніца спецшколы-інтэрната Навагрудка