Кожная група Судкоўскага дзіцячага сада Хойніцкага раёна вылучаецца нацыянальным каларытам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Загадчыца сада Святлана Назаранка гасцінна прапануе наведаць групы сельскай дашкольнай установы, з натхненнем расказваючы пра тое, як кожны чацвер юныя выхаванцы спяваюць гімн, мараць стаць ваеннымі і ўрачамі, настаўнікамі і трактарыстамі.
Кожная група сада вылучаецца нацыянальным каларытам, куткі патрыятычнай накіраванасці напоўнены тэматычнымі дапаможнікамі, у якіх прадстаўлены беларускія абрады, традыцыі, гульні, казкі. Усе дапаможнікі створаны рукамі ініцыятыўных педагогаў. Прыцягвае ўвагу Чырвоная кніга Беларусі, дзякуючы якой дзеці знаёмяцца з рэдкімі жывёламі, раслінамі, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Другая кніга знаёміць з беларускай кухняй, у ёй адлюстраваны нацыянальныя дранікі, бабка, калдуны, мачанка, клёцкі. На рознакаляровых картках прадстаўлены беларускі арнамент, славутасці краіны, прамысловы комплекс, народныя промыслы, музычныя інструменты. Дарэчы, нядаўна дзеці разам з педагогамі наведалі музычную школу, дзе не толькі ўбачылі інструменты з гэтых картак, але і пачулі, якія гукі яны ўтвараюць.
— Дзень беларускай кухні — традыцыйнае мерапрыемства ў нашым садзе, у ім удзельнічаюць і педагогі, і дзеці, і бацькі, — расказвае Святлана Назаранка. — Малышы даведваюцца шмат новага і цікавага аб гісторыі нацыянальнай кухні, аб стравах і іх гатаванні.
Выхаванцы Судкоўскага сада з ранняга ўзросту атрымліваюць інфармацыю пра родную краіну і яе працавіты народ, з вясёлымі песнямі, танцамі, караваем адзначаюць фальклорнае свята “Дажынкі”.
— З размахам праводзім гэтае свята завяршэння жніва: з дзецьмі прыходзім на мехдвор, выязджаем нават у поле, каб ушанаваць нашых камбайнераў, — працягвае Святлана Фядосаўна. — Выхаванцы бачаць, як аграрыі працуюць не шкадуючы сіл, ведаюць, што іх рабочы дзень пачынаецца з першымі промнямі сонца і заканчваецца пасля яго заходу. Кожнае зерне — на вагу золата. Выхаванцы разумеюць, якую тытанічную працу трэба выканаць, каб хлеб трапіў на стол.
Размову с загадчыцай сада нечакана дапаўняе хлопчык са старшай групы, які, напэўна, успомніў лета і падарожжа на поле. Ён кажа: “Калі я вырасту, таксама стану камбайнерам!” Як аказалася, многія дзеці бачаць сябе ў аграрнай сферы, а яшчэ мараць стаць ваеннымі. Нядаўна на пагранічнай заставе дашкалятам паказалі тэхніку, пазнаёмілі з сабакам Цыфра, які “служыць” там і выдатна паддаецца дрэсіроўцы.
Адукацыйная прастора сада здзіўляе мноствам цацак, якім няма аналагаў ні ў краіне, ні ў свеце, бо яны створаны рукамі таленавітых педагогаў. Усе лялькі ў адзіным экзэмпляры і зроблены з натуральных матэрыялаў. Яны знаёмяць дзяцей з тымі цацкамі, з якімі ў дзяцінстве гулялі іх бабулі і дзядулі. Выхавальніца Наталля Турчына разам з дашкольнікам Мікалаем Лук’яненкам правялі даследчую работу “Тайна анучнай лялькі”, якая атрымала прызнанне на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык” і адзначана дыпломам III ступені. Самая каларытная і любімая лялька ў дзяцей — Бульбашык, які дапамагае педагогам займальна праводзіць заняткі.
Выхаванцы і педагогі сада прадэманстравалі, як гуляюць у дыдактычныя гульні беларускай накіраванасці, як замацоўваюць веды па многіх тэмах, як развіваюць ручное ткацтва. У дзяўчынак выдатна атрымліваюцца сурвэткі з беларускімі ўзорамі. А самым кранальным момантам стаў танец: хлопчыкі і дзяўчынкі выстраіліся ў рад, каб здзівіць гасцей яшчэ і вакальна-танцавальнымі здольнасцямі. На міні-ранішніку малышы вельмі стараліся і душэўна выконвалі песню пра Беларусь.
Сёлета дашкольнай установе спаўняецца 55 гадоў. Святлана Фядосаўна карыстаецца вялікім аўтарытэтам не толькі ў сваім калектыве, але і ва ўсім Хойніцкім раёне. Калегі адзначаюць яе мэтанакіраванасць, добразычлівасць, справядлівасць, лічаць кіраўніком, які імкнецца да развіцця, заўсёды падтрымлівае і накіроўвае супрацоўнікаў да новых ідэй і дасягненняў.
— Калектыў у нас самы лепшы! А якія цудоўныя людзі працуюць з дзецьмі — захопленыя сваёй прафесіяй, з велізарным патэнцыялам і добрым сэрцам. Кожны з іх прымяняе інавацыйныя падыходы ў навучанні, укладвае ў выхаванне дзяцей часцінку сябе, — падсумоўвае суразмоўніца.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара