У Беларусі 2024 год аб’яўлены Годам якасці. Як для сябе вызначаюць паняцце “якасная адукацыя” прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Наталля ГРЫШАНАВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Магілёва імя М.Ц.Раманава:
— Якасная адукацыя — даволі складаная катэгорыя, звязаная з рознымі аспектамі педагагічнага працэсу. Гэта камфортнасць навучання і даступнасць вучэбнага матэрыялу для ўспрымання вучнямі, наяўнасць вучэбных дапаможнікаў, матэрыялаў і дастойныя ўмовы працы для педагогаў. А самае галоўнае — гэта магчымасць далейшага прафесійнага росту для кожнага, бо пры наяўнасці добрай адукацыі з’яўляецца магчымасць выбіраць розныя сферы дзейнасці і тым самым атрымліваць задавальненне ад работы. Калі чалавек зацікаўлены ў сваёй дзейнасці, то ён выконвае яе ў разы лепш, што станоўча адбіваецца на развіцці краіны. Таму для сябе вызначаю якасную адукацыю як авалоданне асноўнымі якасцямі высокаадукаванай асобы. Я пераканана, што без якасна арганізаванага адукацыйнага працэсу немагчымы добры вынік. Ключавой фігурай у гэтым працэсе з’яўляецца педагог. Толькі сапраўдныя прафесіяналы здольны забяспечыць высокую якасць і ўзяць на сябе адказнасць за дабрабыт кожнага вучня. Дарэчы, самы важны крытэрый прафесіяналізму педагога выяўляецца ў адносінах да дзяцей. Маюцца на ўвазе ўменні знаходзіць агульную мову з кожным вучнем, праяўляць эмпатыю, удзяляць асаблівую ўвагу інтарэсам навучэнцаў.
Святлана МАЛАХАВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна (Гомельская вобласць):
— Якасць у адукацыі — гэта шматграннае паняцце, бо школа не толькі храм навукі, у якім вывучаюцца розныя прадметы. У школе чалавек вучыцца паводзіць сябе ў грамадстве, будаваць адносіны з іншымі людзьмі, узаемадзейнічаць з прыродай, а таксама ўбірае ў сябе нацыянальныя і сямейныя каштоўнасці. Школа — падрыхтоўка чалавека да жыцця. Вядома, каб дасягнуць якаснай адукацыі, патрэбны сапраўдныя спецыялісты. Таму педагогі пастаянна клапоцяцца пра сваё развіццё. Немалаважнай з’яўляецца і матэрыяльна-тэхнічная база. Для нашай установы Год якасці пачаўся з адкрыцця сучаснага корпуса, які пашырыць магчымасці ў павышэнні якасці адукацыі нашых вучняў. Кабінеты хіміі і біялогіі цяпер прыстасаваны для заняткаў аграрных груп, што дазволіць больш якасна рыхтаваць навучэнцаў да паступлення на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Новая спартыўная зала таксама мае вялікае значэнне, паколькі наша ўстанова займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне, мае ўзнагароды на абласным і рэспубліканскім узроўні. Да таго ж вучні займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, часта выступаюць на сцэне, таму актавую залу можна лічыць паказчыкам якасці нашай пазакласнай работы. А яшчэ ў нас самы сучасны харчаблок, а гэта ўжо якасць школьнага харчавання.
Святлана ЦАПЛІНА, дырэктар сярэдняй школы № 3 Брэста:
— Якаснай адукацыяй называю адукацыю, якая гарантуе паспяховасць усім нашым вучням у будучым прафесійным асяроддзі і ў грамадстве. На мой погляд, дасягнуць гэтага можна толькі пры сінергіі лепшых традыцый адукацыі і інавацый, разумнае выкарыстанне якіх дыктуе лічбавая эпоха. Сёння актуальныя мультымадальныя тэхналогіі навучання, якія заснаваны на выкарыстанні розных рэжымаў або спосабаў камунікацыі ў адукацыйным працэсе. Словы, малюнкі, жэсты, гукі — усё ідзе ў ход для аблягчэння навучання. З’яўляецца больш тэхналагічных магчымасцей для раскрыцця індывідуальных патрэб навучэнцаў. За 80 гадоў існавання нашай школы галоўнай яе асаблівасцю з’яўляецца музычная накіраванасць. З 2020 года да музыкі былі паспяхова далучаны SMART-кірунак (робататэхніка, логіка, праграмаванне) і білінгвальнае вывучэнне моў праз камунікатыўную накіраванасць творчых праектаў. Лічу, што міждысцыплінарнасць і ўзаемадзеянне ўсіх аб’ектаў і суб’ектаў адукацыйнага працэсу могуць служыць крэатыўным падмуркам паспяховасці ў будучыні. Так, музыку можна вывучаць праз стварэнне праграмы для музычнага робата, а мультыплікацыйны ролік у асяроддзі Scratch цікавей ствараць на англійскай мове. Варта таксама ўлічваць, што камунікатыўныя ўменні вучняў фарміруюцца пры магчымасці калектыўнага ўзаемадзеяння. Для гэтага падыходзяць бінарныя ўрокі педагогаў розных паралелей, урокі ўзаеманавучання ў 1—4 класах, бацькоўскія ўрокі. Прадбачыць будучыню мы можам толькі праз усебаковае развіццё навыкаў падрастаючага пакалення, якое будзе здольна смела планаваць, аналізаваць, фантазіраваць і марыць.
Таццяна ПІУТА, дырэктар сярэдняй школы № 10 Ліды імя А.А.Клімко (Гродзенская вобласць):
— Даць дзецям якасную адукацыю — гэта значыць навучыць іх прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Такі падыход дапаможа вучням знайсці сваё месца ў соцыуме, самасцвердзіцца і развіць творчы патэнцыял. Праз адукацыю ў нашай установе мы стараемся выхаваць духоўна-маральнага чалавека, законапаслухмянага грамадзяніна, які шануе традыцыі, культуру і гісторыю свайго народа. У снежні 2023 года нашай школе прысвоена імя А.А.Клімко, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Лідскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасмяротна ўзнагароджанага ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Для нас, педагогаў, навучэнцаў і бацькоў, гэта прыклад самаахвярнага служэння сваёй Айчыне і знакавая падзея, якая сведчыць пра якасную адукацыю ў нашай школе.
Настасся ЧАРКАНАВА