Педагогіка пазітыву

Падзяліся ўсмешкай і цяплом

“Кожны чалавек унікальны, як адбітак яго далоні, як жылкі ліста на дрэве, — лічыць педагог-псіхолаг санаторнага ясляў-сада № 375 Мінска Ірына Рышардаўна Нарановіч. — І мой падыход да работы з кожным дзіцем індывідуальны”. Сертыфікаваны спецыяліст у сферы сямейнай тэрапіі, кансультавання, арт-тэрапіі, казкатэрапіі, цялесна-арыентаванай і пясочнай тэрапіі Ірына Рышардаўна ў 2017 годзе атрымала прэмію Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту работы па тэме “Інтэгратыўная арт-тэрапія як сродак фарміравання пазітыўнай Я-канцэпцыі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту”. Педагог з’яўляецца аўтарам адпаведнай карэкцыйна-развіццёвай праграмы.

“На парозе дарослага жыцця асэнсавала, што мой прафесійны шлях павінен быць звязаны з выхаваннем дзяцей, — сказала Ірына Рышардаўна. — Не кожны чалавек можа быць педагогам, але я адчула, што гэта маё. У 1992 годзе скончыла дашкольны факультэт педінстытута імя М.Горкага па спецыяльнасці “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”. У 2002 годзе прайшла перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Практычны псіхолаг ва ўстановах адукацыі”. Папрацавала выхавальнікам, намеснікам загадчыка дзіцячага сада, нават метадыстам МГІРА, але зразумела, што сапраўдным маім прызваннем з’яўляецца псіхалогія. Зноў вярнулася на работу ў дашкольную ўстанову. І ніколі аб гэтым не пашкадавала. Ведалі б вы, колькі радасці, новых эмоцый дораць шчырыя дзіцячыя ўсмешкі, які зарад бадзёрасці штодня атрымліваю”.

Ірына Рышардаўна адчувае сябе добрай чараўніцай, якая дапамагае выхаванцам у іх імкненні быць любімымі, паспяховымі і шчаслівымі. “Хто я? Які я?”, “Я — дрэнны або добры?” — не ўсе малышы ведаюць адказы на гэтыя пытанні. Педагог пачынае разважаць разам з дзецьмі. Хтосьці з іх выказвае меркаванне, што ён добры, таму што не перашкаджае размаўляць маме з татам, ціхенька гуляе з цацкамі або разглядвае малюнкі ў сваіх кніжках. Ірына Рышардаўна лічыць, што ў такога дзіцяці можа быць скажонае ўяўленне аб сваёй дабрыні. Для таго каб яно расло ўпэўненым у сваіх сілах і магло ў будучыні пераадольваць цяжкасці, яму неабходна мець станоўчае ўяўленне аб самім сабе. Сістэма ўяўленняў, на аснове якіх дзіця будуе паводзіны і адносіны да сябе (што я думаю, ведаю пра сябе, як адчуваю, паводжу сябе) — гэта і ёсць Я-канцэпцыя, фарміраваннем якой у выхаванцаў займаецца Ірына Рышардаўна. Хто перш за ўсё ў полі зроку педагога-псіхолага? Дзеці, якія маюць павышаную трывожнасць, выхаванцы з агрэсіўнымі паводзінамі (у тым ліку самаагрэсіяй), з паталагічнымі звычкамі, заіканнем (псіхалагічнага паходжання).

“Адно дзіця ціхенька сядзіць у куточку і ўвесь час стрымлівае эмоцыі, а другое не можа стрымацца і праяўляе агрэсію да тых, хто побач, або мае паталагічныя звычкі (смокча пальцы, грызе пазногці) ці, што радзей, дэманструе агрэсію ў адносінах да самога сябе. Хтосьці з дзяцей адмаўляецца ўдзельнічаць у садаўскіх мерапрыемствах. Усе па-рознаму праяўляюць свае пачуцці і эмоцыі — і гэта нармальна. Задача педагога — накіроўваць дзеянні дзяцей у канструктыўны бок, — адзначае Ірына Рышардаўна. — У раннім узросце дзіця паступае ў сад, пачынаецца перыяд яго адаптацыі да ўстановы. Гэта моцны стрэс як для малыша, так і для яго родных. Я праводжу прафілактычную кансультацыйную работу з бацькамі “навабранцаў” (выступаю на бацькоўскіх сходах, даю індывідуальныя кансультацыі) для таго, каб зняць іх трывожнасць, расказаць ім пра працэс адаптацыі, даць карысныя парады. Наступны этап — мая сумесная работа з выхавальнікамі па правядзенні адаптацыйных мерапрыемстваў і гульняў для дзяцей. Калі дзіця актыўна ўключылася ў жыццё ўстановы і новых праблем з ім не ўзнікае, далейшая работа педагога-псіхолага мае прафілактычны характар. Калі выяўляюцца новыя праблемы (праз назіранне або тэсціраванне, пры звароце бацькоў), карэкцыйна-развіццёвая работа з малышом працягваецца. Заняткі з педагогам-псіхолагам рэкамендаваны выхаванцам, якія наведваюць групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”.

У залежнасці ад праблемы, якую трэба вырашыць, Ірына Рышардаўна праводзіць індывідуальныя або групавыя заняткі з дзецьмі, а таксама працуе з бацькамі. Парушэнне ўяўленняў аб сабе і самаацэнка выхаванцаў часта звязаны з асаблівасцямі дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Бацькі звяртаюцца да псіхолага з самымі рознымі пытаннямі, адно з іх — аб спажывецкіх адносінах у сям’і. Напрыклад, што рабіць, калі дарослыя купляюць дзіцяці ўсё, што тое пажадае, а яго патрабаванні толькі ўзрастаюць. Ірына Рышардаўна лічыць, што ў псіхалогіі не бывае гатовых рэцэптаў і адназначных адказаў. Не заўсёды ў рэзкай форме трэба адмаўляць дзіцяці ў чарговай пакупцы. Трэба даць яму нешта ўзамен, прычым нематэрыяльнае.

“Нядаўна я чытала дзецям казку, у якой сланяня папрасіла маму падарыць яму шмат паветраных шарыкаў, — расказала Ірына Рышардаўна. — Чым больш малыш атрымліваў шарыкаў, тым больш яму хацелася мець іх. Маці ўжо выбілася з сіл у пошуках шарыкаў і грошай на іх. Яна шмат працавала, перастала гуляць са сваім сынам, эмацыянальны кантакт паміж імі знік. А сын усё прасіў і прасіў новых шарыкаў… Паслухаўшы казку, мае выхаванцы абурыліся: “Навошта сланяняці столькі шарыкаў, яму дастаткова і двух, лепш з мамай пагуляць!” А на наступных занятках дзеці з задавальненнем расказвалі, чым яны радуюць сваіх мам і татаў”.

Для таго каб дапамагчы выхаванцам сфарміраваць пазітыўнае ўяўленне аб сабе і сваёй дзейнасці, пераадолець негатыўнае стаўленне да ўласных паводзін, выпрацаваць упэўненасць і імкненне да поспеху, Ірына Рышардаўна распрацавала карэкцыйна-развіццёвую праграму (курс заняткаў) па фарміраванні пазітыўнай Я-канцэпцыі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі інтэгратыўнай арт-тэрапіі “Які я?”. Праграма пабудавана такім чынам, каб ахапіць усе кампаненты Я-канцэпцыі. Гэта значыць, адказаць на пытанні: што я ведаю, думаю пра сябе, што адчуваю ў адносінах да сябе, як я паводжу сябе і інш. Рэалізоўваецца праграма ў трох кірунках: “Я і Я” (фарміраванне ўяўленняў дзіцяці аб сваім “Я” і асобасных якасцях, сваіх магчымасцях і дасягненнях), “Я і мае пачуцці” (пазнанне свету пачуццяў і навучанне навыкам самакантролю і самарэгуляцыі), “Я і іншыя” (развіццё навыкаў як вербальных, так і невербальных зносін).

“Самым любімым інструментам у маёй рабоце, яе асновай з’яўляецца інтэгратыўная арт-тэрапія, якая ўключае гульнявы метад і тэрапію мастацкай творчасцю (выяўленчую тэрапію, казкатэрапію, пясочную тэрапію), — гаворыць Ірына Рышардаўна. — У комплексе такі падыход садзейнічае больш хуткаму вырашэнню псіхалагічных праблем дзяцей. Перавага арт-тэрапіі ў тым, што ў ёй адсутнічае акцэнт на вербальных зносінах. Малыш пагружаецца ў свой унутраны свет і выказвае свае пачуцці так, як пажадае. Напрыклад, выконвае малюнак на лісце паперы. Якую б форму яго творчасць ні набыла, у ёй не будзе правільнага або няправільнага, бо ўсё будзе правільным, не будзе і негатыўнай ацэнкі творчасці дзіцяці з боку педагога. Нават калі малыш выкарыстоўвае ў малюнку толькі чорны колер. Магчыма, ён падабаецца дзіцяці, таму што ў яго бацькоў чорная машына, на якой штодня яго прывозяць у дзіцячы сад, або таму, што дома жыве чорны коцік, і г.д. Але часам чорны колер у дзіцячых работах — знак трывогі, асабліва калі дзіця малюе страшныя карцінкі. Гэтыя негатыўныя матывы не знікнуць з яго работ, пакуль яно будзе знаходзіцца ў трывожным стане. Віной такога стану могуць з’яўляцца камп’ютарныя гульні агрэсіўнай тэматыкі, фільмы жахаў (біч ХХІ стагоддзя), якія нават мімаволі трапляюцца на вочы маленькім дзецям і правакуюць узнікненне ў іх розных фобій. Колькі б псіхолаг ні працаваў з дзіцячай трывогай, калі бацькі не засцерагуць малыша ад падобнай інфармацыі дома, станоўчага выніку не будзе”.

Кожныя заняткі з выхаванцамі Ірына Рышардаўна праводзіць у гульнявой форме. Першая іх частка — уводная, калі неабходна стварыць спрыяльную псіхалагічную і эмацыянальную атмасферу даверу і прыняцця ў групе, настрою на калектыўную творчасць. Другая частка — асноўная. Яе мэта — набыццё новых ведаў і вопыту, развіццё і фарміраванне псіхалагічных і сацыяльных навыкаў у дзяцей, работа з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках — псіхалагічныя эцюды, практыкаванні, гульні, арт-тэхнікі, накіраваныя на развіццё і карэкцыю эмацыянальна-асобаснай сферы дзіцяці, фарміраванне пазітыўнай Я-канцэпцыі. Трэцяя частка — заключная. Яе мэта — усведамленне праведзенай работы, тых пачуццяў, якія ўзніклі падчас заняткаў. У гэтай частцы ідзе замацаванне станоўчых эмоцый, дзеці вучацца прыёмам самарасслаблення і самарэгуляцыі. Каб захаваць у дзіцяці адчуванне цэласнасці і завершанасці заняткаў, іх пачатак і заканчэнне носяць стандартны характар: напрыклад, уваход і выхад з казкі праз чароўны тунэль. Групавыя заняткі з педагогам-псіхолагам праводзяцца 2 разы на тыдзень працягласцю 25—30 хвілін.

Ірына Рышардаўна прадэманстравала мне фрагмент заняткаў з дзецьмі 5—6 гадоў. Практыкаванне “Камплімент”, напрыклад, яна практыкуе вельмі часта з мэтай развіцця ў выхаванцаў здольнасці бачыць станоўчыя бакі як свае, так і равеснікаў, пачуцця блізкасці адно да аднаго. Седзячы паўкругам, дзеці перадаюць мячык таму, хто побач, з усмешкай называюць яго ласкава па імені і гавораць прыемныя словы. Пачынае практыкаванне і задае тон выхавальнік: “Сямён, ты вельмі хуткі, прыгожы і разумны”. Дзіця дзякуе і працягвае эстафету добрых слоў. Затым дзеці расказваюць пра тое, якія яны добрыя, моцныя, ласкавыя і г.д.

Практыкаванне “Чароўная краіна” прадугледжвае выкарыстанне пясочнай тэрапіі. Усе цацкі жывуць у пясочніцы, нібыта ў адной вялікай і прыгожай краіне. Кожнае дзіця выбірае цацку, якая яму спадабалася. Задача малышоў — зрабіць так, каб жыхары краіны пасябравалі адно з адным і каб у кожнага з іх з’явіўся свой домік з пяску.

Практыкаванне па ажыўленні маскі (арт-тэхніка “Маскі”) Ірына Рышардаўна выкарыстоўвае для замацавання ў выхаванцаў умення адрозніваць пачуцці, для развіцця цікавасці да сваёй асобы. Дзеці сядаюць за столікі, перад імі знаходзяцца выразаныя з паперы белыя маскі. “Вы, нібыта чараўнікі, зробіце вашы маскі пачуццёвымі, прыгожымі, расфарбуеце і ажывіце іх. У вашай масцы могуць спалучацца некалькі пачуццяў, а можа быць і адно — радасць, злосць, здзіўленне, страх, сум ці захапленне. Выбірайце колер, які вам падабаецца. Чараўніцтва пачынаецца!” Калі работа завершана, дзеці называюць пачуцці, якія адлюстроўваюць іх маскі, і адказваюць на пытанні выхавальніка “Што б ты хацеў(ла) сказаць сваёй масцы”, “Што б ты хацеў(ла) пачуць ад яе?”.

Ірына Рышардаўна вельмі любіць праводзіць практыкаванне “Сонечныя праменьчыкі”. Яго мэта — гарманізаваць эмацыянальны стан малышоў, развіць пачуццё прыналежнасці да групы. Выхаванцы становяцца ў круг, працягваюць рукі наперад, затым злучаюць іх у цэнтры круга і ціха стаяць, спрабуючы адчуць сябе цёплым сонечным праменьчыкам. “Зробім адно вялікае сонейка і перададзім адно аднаму цяпло і ўсмешку”, — на гэтыя словы Ірыны Рышардаўны, як сонечныя праменьчыкі, радасна адгукаюцца ўсе дзеці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.