Педагогіка традыцыйнай культуры

Як фальклор і дэкаратыўна-прыкладная творчасць дапамагаюць сфарміраваць нацыянальную самасвядомасць юных беларусаў? Як творча-даследчая дзейнасць спрыяе папулярызацыі традыцыйнай беларускай культуры? Як на этнаграфічным матэрыяле выхоўваецца любоў да малой радзімы і як гульні дапамагаюць зразумець душу народа? Пра гэта ў сённяшнім матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучэнкі шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва» Магілёва.

Галасы маладых

Сучасныя настаўнікі і педагогі дадатковай адукацыі такіх кірункаў, як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музычны фальклор, фальклорны тэатр і інш., прапаноў­ваюць цікавыя ідэі захавання народных традыцый і з радасцю дзяляцца сваімі лепшымі напрацоўкамі з калегамі.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў арганізаваны медыяпраект “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё”. “Мы захаваем нашу традыцыйную культуру толькі тады, калі захаваем само асяроддзе пражывання чалавека. Бо ўсе ведаюць, што паняцце “навакольнае асяроддзе” трохкампанентнае і складаецца з экалагічнага, сацыяльнага і эканамічнага складнікаў. Сёння мы ўсё часцей гаворым пра неабходнасць экалагічнай адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, таму і наш медыяфестываль называецца “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё”. Ён арганізуецца ў Беларусі сёмы год, — расказала кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці БДУКМ Надзея Уладзіміраўна Самерсава. — У фестывалі прымаюць удзел не толькі студэнты, прадстаўнікі сістэмы фармальнай адукацыі (школ, ліцэяў, гімназій), але і дадатковай адукацыі. Навучэнцы самі вызначаюць пэўную актуальную праблему, якая характэрна для іх рэгіёна або ўстановы, а затым падаюць яе ў выглядзе медыяпрэзентацыі, самастойна запісаўшы відэаролікі”.

Затым гэтыя праекты размяшчаюцца на YouTube-канале, дзе можна не толькі паглядзець, але і прагаласаваць за лепшы, які найбольш цікава і крэатыўна адлюстроўвае экалагічную або сацыяльна-эканамічную праблему, што закранула яго юных стваральнікаў. Праз 3 месяцы экспертная група з кваліфікаваных спецыялістаў вызначае лепшыя работы. Часта тэмы, якія ўзнімаюць навучэнцы ў сваіх роліках, па-сапраўднаму ўражваюць членаў журы. “Сёлета мы прагледзелі мноства медыяпраектаў. Стваральнікі лепшых з іх пасля сталі ўдзель­нікамі вялікага фестывалю ў БДПУ імя Максіма Танка. Дарэчы, у гэтым го­дзе наш форум праводзіўся таксама і ў анлайн-фармаце, і яго гледачамі сталі прадстаўнікі шырокай грамадскасці. Варта адзначыць, што медыяпраекты з кожным годам становяцца ўсё больш цікавымі”, — дадала Н.Самерсава.

Навучэнцы сярэдняй школы №33 Брэста.

З любоўю да Радзімы

Па-ранейшаму адным з прыярытэтных напрамкаў застаецца патрыятычнае выхаванне. Педагогі ўсё больш папулярызуюць традыцыйную культуру беларусаў праз творча-даследчую дзейнасць навучэнцаў. А, напрыклад, аб’яднанні па інтарэсах аддзелаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці становяцца пляцоўкамі для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці вучняў праз арганізацыю пошукавай, даследчай і творчай работы па вывучэнні народнай мастацкай культуры.

“Навізна нашага пазнавальна-гульнявога праекта “З любоўю з Беларусі!” заключаецца ў яго культуралагічным падыхо­дзе, а менавіта ў стварэнні ўмоў для актыўнага і свядомага вывучэння легенд і міфаў, абрадаў і свят малой ра­дзімы, далучэння да каштоўнасцей беларускага народа. Вынікам работы над кожнай тэмай (“Падарожжа ў краіну легенд і міфаў”, “Беларусь самабытная”, “Беларусь святочная”) становіцца стварэнне сувеніра ў той тэхніцы, якой займаюцца дзеці ў аб’яднанні па інта­рэсах, — патлумачыла культарганізатар Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі Алена Фаміна. — Праект складаецца са стартавага мерапрыемства, дзе навучэнцы знаёмяцца з тэмай творча-даследчай работы, заняткаў з правядзеннем даследавання, “Творчай майстэрні”, у якой дзеці прыдумваюць і вырабляюць сувенір і рыхтуюць яго прэзентацыю, і заключны этап — фестываль-кірмаш “З любоўю з Беларусі!”, які становіцца вялікай творчай справаздачай і яркім канцэртам. Такая паслядоўнасць працы павышае творчы патэнцыял і пазнавальную цікавасць вучняў, дазваляе ім эксперыментаваць і паглыбляе веды па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, матывуе даследчую дзейнасць і самастойнасць. Такім чынам дзеці авалодваюць ведамі па духоўнай спадчыне продкаў”.

Казкі і гульні, батлейка і камішыбай

У кожным рэгіёне краіны педагогі імкнуцца не проста разнастаіць свае заняткі, каб іх выхаванцам было цікава, а і прывіць любоў да народных традыцый, стварыць умовы для творчай самарэалізацыі навучэнцаў, сфарміра­ваць навыкі праектна-даследчай дзейнасці, узбагаціць мову дзяцей трапнымі выразамі і фразеалагізмамі, пазнаёміць іх з атрыбутамі народнага побыту і пры гэтым адрадзіць і захаваць культурную і гістарычную самабытнасць мясцовых традыцый і рамёстваў. Нехта з педагогаў дзеля гэтага разам з выхаванцамі пачынае развуч­ваць народныя танцы, песні, гульні, казкі, а нехта — спалучаць усё разам, як гэта зрабілі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва. Там была арганізавана тэматычная змена “Беларуская казка” ў лагеры з дзённым знаходжаннем школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту. Беларуская казка радуе і дае веды, забяспечвае сувязь дзіцяці з традыцыямі продкаў, культурай малой радзімы. Спрадвеку для маленькіх беларусаў казка была крыніцай жыццёвага вопыту, асновай творчасці і лепшым баўленнем часу.

Прастора лагера на 18 дзён была ператворана ў казачную краіну. Паводле яе легенды, у старажытнай Беларусі жылі добрыя духі, якія дапамагалі чалавеку ў штодзённым жыцці, аберагалі народныя традыцыі і культуру. Але настала ХХІ стагоддзе, і пра іх пачалі забываць. Каб выратаваць вадзянікоў, лесавікоў і іншых казачных герояў, удзельнікі лагера павінны былі даведацца ўсё пра беларускую міфалогію і культуру, стварыць малюнкі і сувеніры, паставіць танцы і падрыхтаваць песні, удасканаліць веды па роднай мове, каб у канцы змены правесці фестываль народнага мастацтва. А слоганам змены стаў выраз “Зробім жыццё казкай”. Фактычна праграма змены была 2-профільнай: культурна-адпачынкавай з акцэнтам на народны танец і мастацкай з акцэнтам на народныя промыслы. Не забылі арганізатары змены і пра беларускія рухавыя гульні, якія з’яўляюцца найбольш даступным і эфектыўным метадам фізічнага выхавання дзяцей у кантэксце народных традыцый. Фізічная актыўнасць у спалучэнні з фальклорам дазваляе акцэнтаваць увагу на нацыянальных асаблівасцях гульнявой дзейнасці, выкарыстоўваючы малыя літаратурныя формы. Акрамя таго, адметнасцю лагернай змены стала рапрацоўка выхаванцамі настолкі на беларускай мове “Шляхціц Завальня” накшталт знакамітай гульні “Манчкін”. Так педагогі “Беларускай казкі” змаглі не толькі аздаравіць дзяцей, але і павысіць узровень іх самасвядомасці, развіць ініцыятыўнасць і даць новыя веды па беларускай міфалогіі, гісторыі і культуры.

А вось іх калегі са шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва выхоўваюць сваіх навучэнцаў на мясцовым этнаграфічным матэрыяле, распрацаваўшы этнакультурны праект “Домік у сэрцы”. Як паведаміла метадыст цэнтра Настасся Чабакова, асноўная ідэя праекта ў тым, што ўсе павінны падтрымліваць парадак у нашым агульным доме пад назвай “Беларусь”: “Мы ведаем, што самі па сабе традыцыйныя каштоўнасці характарызуюцца ўстойлівасцю ў часе, аднак дзяцей неабходна навучыць захоўваць нашы культурныя і гістарычныя каштоўнасці. Урок у музеі — гэта рэдкая магчымасць пабываць у атмасферы побыту і культуры мінулых стагоддзяў. Але асабліва каштоўным ён становіцца тады, калі дзеці самі ўдзельнічаюць у зборы экспанатаў і правя­дзенні майстар-класаў. А тое, што афарбавана эмацыянальна, запамінаецца на ўсё жыццё. Штомесяц на працягу навучальнага года адбываюцца музейныя мерапрыемст­вы на базе школы. Усяго 9 заняткаў, прысвечаных розным датам і святам: музычная гасцёўня “Беларуская шкатулка” да Сусветнага дня турызму, майстар-клас “Саламяны павучок” да Сусветнага дня абароны жывёл, майстар-клас па вырабе ўласнай арыгінальнай свечкі да Міжнароднага дня энергазберажэння, экамайстэрня “Падары цяпло сэрца” да Міжнароднага дня валанцёраў, квест-гульня “Беларускія рабінзоны” да Сусветнага дня запаведнікаў, інтэрактыўны спектакль пра Дамавіка ў дзень яго нараджэння, майстар-клас па выцінанцы “Птушка шчасця” да Міжнароднага дня птушак, майстар-клас па вырабе лялькі-скруткі “Берагіня-крупенічка” да Міжнароднага дня зямлі і майстар-клас па вышыванні крыжыкам “Святло сонца” ў Дзень сонца. Кожнае з гэтых мерапрыемстваў дапамагае зазірнуць у мінулае, звярнуцца да гісторыі і этнічнай культуры, адчуць сваё адзінства з прыродай”.

У Гомельскай вобласці юных беларусаў далучаюць да народных традыцый у першую чаргу праз гульню. Бо яна спрыяе фарміраванню дзіцячай фантазіі, мыслення, уяўлення і цікавасці да народнай творчасці. Гульні адлюстроўваюць адносіны чалавека і прыроды, штодзённыя заняткі нашых продкаў, развіваюць знаходлівасць, спрытнасць, каардынацыю і сілу. “Выкарыстоўваючы патэнцыял народных гульняў на працягу некалькіх гадоў, я сабрала сваю скарбонку гульняў, сярод якіх — “Проса”, “Рыбкі”, “Пасей бульбу”, “Агароднік”, “Млын”, “Страла”, “Мядзведзь” і іншыя. Калі хочаце спазнаць душу народа, прыгледзьцеся, як і ў што гуляюць яго дзеці, — гаворыць выхавальніца гімназіі № 8 імя В.І.Казлова Жлобіна Жанна Гаўрыленка. — Асаб­лівую ўвагу ўдзяляю знаёмству з мясцовымі гульнямі і забавамі, якія развіваюць ініцыятыўнасць, таварыскасць, лідарства і ўзаемадзеянне ў калектыве аднагодкаў. Многія вучні потым пачынаюць гуляць у народныя гульні са сваімі бацькамі і сябрамі”.

Настаўніца гісторыі і сусветнай мастацкай культуры, педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 33 Брэста Вольга Пешка прапаноўвае далучаць дзяцей да народнай культуры праз тэатральную дзейнасць: беларускі народны тэатр — батлейку, японскі народны папяровы тэатр — камішыбай — і краязнаўчы тэатр. “Камішыбай — традыцыйнае японскае мастацтва, у якім гісторыя апавядаецца пры дапамозе маляўнічых малюнкаў, выкананых на кардоне. У нас пакуль камішыбай — з’ява рэдкая. Я выкарыстоўваю такі тэатр на многіх сваіх уроках. Для стварэння папяровага тэатра мы распрацавалі праект “Камішыбай па-беларуску”. Да яго з задавальненнем далучаюцца і бацькі, якія потым становяцца асноўнымі нашымі гледачамі”.


Вось такія ідэі захавання і развіцця традыцыйнай беларускай культуры прапаноўваюць сучасныя педагогі. “У народнай творчасці, у фальклоры закладзены вялізны выхаваўчы патэнцыял. Менавіта паданні, прыказкі, прымаўкі, танцы, песні, тэатральнае мастацтва, напоўненыя фальклорам, нясуць той багаж ведаў, які нам сёння так неабходны”, — пераканана кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прафесар, загадчык кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Людміла Казлоўская.

Вольга АНТОНЕНКАВА.