Педагогіка ў спадчыну

- 12:20Людзі адукацыі

Памятаеце Караткевічаў сказ “Бацька мой быў ляснічы. І дзед быў ляснічы…”, у якім мелася на ўвазе сямейная дынастыя? Гэта якраз пра Алену МЯЦЕЛЬСКУЮ. У свой час дачка прызналася ёй па телефоне: “Нешта пабойваюся здаваць педагогіку”. Маці падбадзёрыла: “Ідзі смела, ты па нашай лініі трэцяя, восьмая ў родзе. У цябе генетычна не можа быць адзнакі ніжэй за “9”. Сёння шчыруюць у суседніх школах: Алена Вадзімаўна выкладае гісторыю і мастацтва, Кацярына Андрэеўна — англійскую мову.

— Нарадзілася я ў Оршы, у сям’і настаўнікаў, вучылася ў сярэдняй школе № 12 і працую ў ёй усё жыццё, — расказвае мая суразмоўніца. — Тут жа працавала маці Таццяна Навумаўна Караткевіч,  дарэчы, таксама настаўніца гісторыі. Бацька — настаўнік чарчэння, малявання і працоўнага навучання. З маленства марыла с­таць настаўніцай, іншых варыянтаў у мяне не было. Доўгі час хацела выкладаць у пачатковых класах, як мая першая настаўніца Лія Уладзіміраўна Саковіч. Яна была для мяне ідэалам, шмат чаго я ў яе пераняла. Потым пашчасціла вучыцца ў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ніны Сяргееўны Панчанка. Цікавасць паціху змясцілася ў бок прыгожага пісьмен­ства, хаця лёгка даваліся ўсе прадметы. Літаратурны свет заварожваў, але паразважала і выбрала гісторыю, у якой ёсць усё: паэзія, як у літаратуры, дакладнасць, як у матэматыцы, прычынна-выніковая сувязь, як у фізіцы. Ёсць зоркі, як у астра­номіі, развіццё, як у біялогіі, творчасць і палёт думкі, як у мастацтве.

Тут варта ўдакладніць: у школу Алене Вадзімаўне давялося літаральна прабівацца. Збіралася ў педагагічны інстытут, аднак паслухалася маці і падала дакументы ў Мінскі кааператыўны тэхнікум Белкаапсаюза. Выпускніцу з пяцібальным атэстатам залічылі без экзаменаў, па першай спецыяльнасці яна таваразнавец кнігі. Паспяхова вучылася, вярнулася на радзіму, уладкавалася ў кніжны магазін. У многіх аршанцаў дагэтуль захоўваюцца шыкоўныя бібліятэкі, сабраныя дзякуючы Алене Мяцельскай. Вось толькі настаўніцкая мара не адпускала. І малады перспектыўны таваразнавец паставіла кіраўніцтва перад фактам: “Паступаю на гістарычны факультэт БДУ”.

У той год, калі заканчвала ўніверсітэт, у роднай школе вызва­лілася месца піянерважатай. А з райспажыўсаюза мяне не адпускаюць: “Адумайся, што ты робіш?!” Я — заяву аб звальненні, мне — рэзалюцыю: “Праз два месяцы”. Некаторы час разрывалася на два лагеры: адпрацоўвала астатнія тыдні ў гандлі і адначасова з пачатку восені выконвала абавязкі піянерважатай, на добраахвотных пачатках рыхтавала лінейкі, мерапрыемствы. Дырэктар, настаўнікі, хто мяне вучыў, падтрымлівалі: “Пачакаем”. Афіцыйна змаглі пры­няць на работу 22 кастрычніка. Хутка споўніцца 33 гады, як я ў школе.   

На пытанне, ці не расчаравала доўгачаканая педагагічная справа, наша гераіня прыво­дзіць цэлы шэраг яркіх эпізодаў, колькі новага адкрыла для сябе ў школе, зносінах з калегамі. Асабліва вылучае, як дапамог у пачатку працы курс Валерыя Трафімавіча Кабуша па выхаваўчай рабоце. І коратка падсумоўвае: “Я гэтым жыву”. Сёння партрэт Алены Мяцельскай упрыгожвае Дошку гонару ўпраўлення па адукацыі райвыканкама. У вобласці і краіне яе ведаюць як таленавітага, творчага педагога, дасведчанага краязнаўца, вопытнага экскурсавода. І, безумоўна, як кіраўніка аднаго з самых адметных школьных музеяў Аршаншчыны з запамінальнай назвай “Героі і подзвігі”.

— Музей павінен быць сучасным, — упэўнена Алена Ва­дзімаўна. — Што зусім не выключае традыцыйныя формы работы — экскурсіі, класныя гадзіны. Наш напрамак — гі­сторыя вайсковых часцей, якія вызвалялі Оршу і Беларусь ад гітлераўцаў. Напачатку прыярытэтам быў пошук. Мы знайшлі больш за 2 тысячы вызваленцаў Оршы і працягваем гэтую работу, але цяпер на першым плане — аповед пра падзеі і лёсы. Прычым у такой форме, калі аб’ядноўваюцца канкрэтная інфармацыя і асабістае перажыванне. З часам ва ўспамінах чалавека сціраюцца месцы і акалічнасці, а яркі эмацыянальны пасыл застанецца надоўга і будзе жывіць памяць.Мы падключаем усе нашы рэсурсы, збіраем у адным кантэксце музыку, песні, вершы, успаміны, фота-, кіна- і відэаматэрыялы, каб выклікаць суперажыванне. З 1 класа право­джу з дзецьмі музейныя ўрокі. Даволі складана сфарміраваць у малодшых школьнікаў прасторавае і часавае ўспрыманне паслядоўнасці гістарычных падзей, нават само разуменне, якой страшнай бядой была вайна. У раёне існуе традыцыя: на год адзін з музеяў становіцца рэсурсным цэнтрам. Па просьбе калег мы захоўвалі такі статус два гады — прыемна, што наш вопыт ацанілі.

У мінулым годзе ў музеі запусцілі новы праект для старшакласнікаў “Галасы герояў”. Навучэнцы чытаюць уголас лісты з фронту і на фронт, па мужчынскіх і жаночых ролях, пры свечках, нібы ў зямлянцы. У завяршэнне падаецца даведачная інфармацыя пра героя і подзвіг. Уражанні незабыўныя, да слёз на вачах. А на чарзе — новыя ідэі і справы. Беларусь ідзе ад 75-годдзя вызвалення Беларусі да 75-годдзя Вялікай Перамогі, і адзін з новых праектаў называецца сімвалічна: “75 гадоў, 75 абліччаў, 75 лёсаў”.

— Усё ў музеі павінна быць цікава, — падкрэслівае настаўніца. — Як і на ўроку павінна быць цікава, хаця апошнім часам здараецца, што пазнавальную цікавасць падмяняюць цікавасцю да шоу. Аднак сутнасць урока менавіта ў тым, каб знайсці, адкрыць штосьці новае для сябе: не ведаў — даведаўся, не ўмеў — навучыўся, не разумеў — зразумеў. І толькі з гэтага пункту погляду яго мае сэнс выбудоўваць. На фарміраванне асобы, безумоўна, уплываюць час і ўмовы. Важны фактар — самавыхаванне і самаразвіццё, асобасны рост, найважнейшы — людзі. Кожнаму трэба сустрэць свайго настаўніка. Не істотна дзе і калі — у школе, гуртку, секцыі, тэхнікуме, вучылішчы, інстытуце, але чалавек павінен знайсці таго, за кім яму хочацца ісці наперад. Добра, калі такіх сустрэч на шляху многа, мне вось пашанцавала. Разумею, што не па правілах, але лепшы адказ, калі выяўляюцца кемлівасць і самастойнасць мыслення, уменне знайсці, супаставіць з пазапрадметнымі ведамі, абгрунтаваць думку, я магу ацаніць і ў 20 балаў. У журнал, зразумела, стаўлю дзве “дзясяткі”. Заўсёды раю ў падрыхтоўцы звяртацца па дапамогу да родных, знаёмых. Калі дзіця губляецца ў гістарычных фактах, відавочных для старэйшага пакалення, магу прапанаваць: “Давай патэлефануем і запытаемся ў бабулі (дзядулі)?” І адразу чуем правільны адказ, прычым часта разгорнуты. Калі вучань прыносіць вельмі добрую дамашнюю работу і я бачу, што ён не адзін яе выконваў, — пахвалю. Рабіў з мамай? А чаму не? Дарослы патлумачыць, падзеліцца асабістым вопытам, дапаможа расставіць акцэнты і сістэматызаваць. Тут разам пераемнасць і сямейнае выхаванне, пашырэнне ведаў і матывацыя да вывучэння прадмета, міжпрадметныя сувязі. Я таксама многа адкрываю для сябе на ўроках, пры падрыхтоўцы да іх. Для настаўніка і вучняў работа на ўроку — гэта заўсёды развіццё. Гэта рух уверх, і ён узаемны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.