Педчытанні — шлях да гарманізацыі ў сярэдняй спецыяльнай адукацыі

Педагагічныя чытанні з міжнародным удзелам “Сярэдняя спецыяльная адукацыя: традыцыі і інавацыі” адбыліся ў Мінску. Штогод мерапрыемства становіцца пляцоўкай для абмену вопытам і выпрацоўкі прапаноў па гарманізацыі сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У гэтым годзе ўпершыню ў рамках чытанняў працавала секцыя дырэктараў устаноў адукацыі педагагічнай накіраванасці.

Педагагічныя чытанні ініцыіраваны Мінскім гарадскім педагагічным кале­джам і традыцыйна збіраюць прадстаўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у якіх вядзецца падрыхтоўка па педагагічных спецыяльнасцях. Сёння ў Беларусі такіх устаноў 20. Педагагічную прафесію па 7 спецыяльнасцях у іх атрымліваюць 8,5 тысячы навучэнцаў, таму пытанні, які абмяркоўваюцца на чытаннях, закранаюць шырокае кола людзей.

З самых першых чытанняў, а ў гэтым го­дзе мерапрыемства праводзіцца трэці раз, у іх бяруць удзел калегі з Расіі. Так, на трэція чытанні ў Мінск прыехалі спецыялісты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Лебядзяні, Белгарада, Гатчыны. Усяго ўдзельнікаў чытанняў было звыш ста.

Актыўнае ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі, а таксама спецыялістамі з іншых краін, якое ладзіцца не толькі ў рамках чытанняў, дае плён. Гэтую работу вырашана пашыраць, таму зараз вядзецца работа па стварэнні асацыяцыі педагагічных каледжаў. Гэты калегіяльны орган дапаможа выяўляць і аператыўна вырашаць агульныя праблемы.

Савет дырэктараў

Да работы запрашалі чатыры секцыі чытанняў. Адна з іх сабрала разам кіраўнікоў устаноў адукацыі. Яна прыцягнула асаблівую ўвагу таму, што праходзіла ўпершыню, і таму, што тут абмяркоўвалі самыя праблемныя і злабадзённыя пытанні. Работа секцыі ператварылася ў актыўную размову, да якой далучыліся не толькі дырэктары педкале­джаў, але і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і РІПА.

М.Э.Суворава, начальнік упраўлення ПТА і ССА галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, назвала такія сустрэчы з практыкамі бясцэннымі. Марына Эдуардаўна адзначыла, што аб’яднанне дырэктараў устаноў пэўнай накіраванасці дазваляе працаваць больш прадукцыйна, бо спецыфіка навучання патрабуе і спецыфічных падыходаў у кіраванні.

“Міністэрства адукацыі ўдзяляе асаблівую ўвагу якасці педагагічнай адукацыі і падрыхтоўцы педагагічных кадраў, бо з’яўляецца асноўным заказчыкам гэтых кадраў. У верасні, згодна з загадам міністра, быў створаны сектаральны савет кваліфікацый пры Міністэрстве адукацыі, які будзе распрацоўваць Нацыянальную рамку кваліфікацый, удзельнічаць у распрацоўцы прафесійных стандартаў і на іх аснове — адукацыйных стандартаў. Меркаванні, выказаныя на сустрэчы дырэктараў у рамках чытанняў, будуць улічвацца пры рабоце сектаральнага савета”, — адзначыла М.Э.Суворава.

Не проста конкурс

Конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills за апошнія некалькі гадоў стаў адной з найбольш значных падзей у сферы прафесійнай адукацыі. Не абмінулі яго ўвагай і на педагагічных чытаннях. Адна з секцый была прысвечана тэме “Стандарты WorldSkills як інструмент павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў”. Гаварылі пра конкурс у рамках сваёй секцыі і дырэктары ўстаноў адукацыі. Галоўная ідэя, якую раздзяляюць усе кіраўнікі: конкурс нельга ўспрымаць толькі як спаборніцтва. Зразумела, удзел у конкурсе — гэта прэстыж для ўстаноў сістэмы прафесійнай адукацыі і наогул краіны, гэта магчымасць для навучэнцаў і майстроў рэалізаваць свае таленты і здаровыя амбіцыі. Але самае галоўнае, WorldSkills — гэта магчымасць вучыцца, атрымліваць вопыт, раўняцца на сусветныя стандарты. І гэты вопыт неабходна распаўсюджваць і ўкараняць у навучанне.

— У 2018 годзе мы правялі першыя рэгіянальныя чэмпіянаты па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, узялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе. Пасля правялі 2 міні-чэмпіянаты па розных модулях. Наша ўстанова выступае правайдарам гэтай кампетэнцыі і актыўна яе развівае, — расказвае дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Для нас відавочны патэнцыял гэтага конкурсу, таму мы заняліся распрацоўкай метадычных рэкамендацый па выніковай падрыхтоўцы да конкурсу па некалькіх модулях. Заклікаем да гэтага і калег. Калі лідары не будуць дзяліцца сваім вопытам, то ўсе конкурсныя мерапрыемствы не маюць сэнсу.

Таксама актыўна развіваецца рух JuniorSkills. У Расіі гэтыя спаборніцтвы праводзяць і па педагагічных кампетэнцыях. У Беларусі такога вопыту пакуль няма. Прагучала прапанова разгледзець магчымасць правядзення аналагічнага конкурсу і ў нашай краіне. Удзельнікамі маглі б стаць вучні педкласаў або тыя, хто збіраецца ў іх вучыцца. Прайшоўшы праз конкурс, навучэнцы сталі б матываванымі і падрыхтаванымі абітурыентамі педкаледжаў ці УВА.

Яшчэ больш пра расійскі вопыт у гэтым кірунку расказала Марына Юнусаўна Варанцова, дырэктар Гатчынскага педагагічнага каледжа. Установа ахоплівае прафесійнымі спаборніцтвамі ўдзельнікаў практычна любога ўзросту. Акрамя традыцыйных JuniorSkills і WorldSkills, ладзіцца конкурс BabySkills для дзяцей 6—7 гадоў. Яго арганізацыя і правя­дзенне — цудоўная практыка для навучэнцаў каледжа. Для катэгорыі ва ўзросце 50+ каледж праводзіць чэмпіянат “Навыкі мудрых”, які становіцца пляцоўкай перадачы вопыту ад сталых педагогаў будучым.

У рамках секцыі, прысвечанай руху WorldSkills, педагогі дзяліліся вопытам выкарыстання інавацый WorldSkills для ўдасканалення падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў.

Хутчэй, але не горш

Яшчэ адна тэма выклікала актыўнае абмеркаванне ў спецыялістаў — падрыхтоўка кадраў ва ўмовах скарачэння тэрміну навучання. З 2018 года ў педкаледжах па дзвюх спецыяльнасцях — “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” — навучанне доўжыцца на год менш, чым раней. Пры гэтым установы па-ранейшаму павінны забяспечваць высокую якасць адукацыі. З такой думкай згадзіліся ўсе ўдзельнікі педчытанняў. У сувязі з гэтым паўстае пытанне перагляду зместу навучання, бо бяздумнае скарачэнне гадзін недапушчальнае. Для пошуку аптымальнага вырашэння гэтай задачы ў Гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пачалі працаваць над эксперыментальным праектам “Апрабацыя мадэлі фарміравання сучаснага прафесіяналізму ў працэсе рэалізацыі адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, які быў прадстаўлены на мера­прыемстве.

У працэсе рэалізацыі праекта праве­дзена карэкціроўка вучэбнага плана па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Пры правядзенні дапраектнага даследавання вучэбнай праграмнай дакументацыі было выяўлена, што шэраг дысцыплін прафесійнага кампанента па сваім змесце можа быць аб’яднаны ў рамках адзінай дысцыпліны, як, напрыклад, “Анатомія, фізіялогія і гігіена” і “Асновы медыцынскіх ведаў”. Вызваленыя “гадзіны” можна выкарыстоўваць на павелічэнне часу для вывучэння прыватных методык, такіх неабходных для падрыхтоўкі прафесіянала. Далейшы маніторынг вучэбных праграм выявіў шэраг тэм, якія дубліруюцца ў галіне метадалогіі даследавання і гісторыі адукацыі. Аптымізацыя дазволіла вы­дзеліць час на вывучэнне новай дысцыпліны, якая ўжо на другім курсе вучыць працаваць з дакументамі.

Сучасныя ўмовы патрабуюць ад супрацоўнікаў дашкольных устаноў адукацыі новых уменняў. Так, сёння ўсё часцей дзіцячыя сады прапануюць паслугі па раннім развіцці дзяцей. Таксама ва ўмовах стварэння інклюзіўнага грамадства запатрабаваны спецыялісты, якія ўмеюць працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Інавацыйны праект прапануе два вырыятыўныя модулі, якія дазваляюць набываць навыкі па гэтых кірунках.

На чытаннях было вырашана стварыць адзіную базу матэрыялаў па рабоце над аднаўленнем зместу сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыі.  

Перад установамі адукацыі, якія рыхтуюць педагогаў, стаяць няпростыя задачы. Умовы жыцця хутка мяняюцца, а разам з імі мяняюцца патрабаванні да выпускнікоў педкаледжаў. Сёння, каб быць канкурэнта­здольным спецыялістам, трэба валодаць інфармацыйна-камунікацыйнымі і праектнымі кампетэнцыямі, умець працаваць з рознымі катэгорыямі дзяцей і арганізоўваць сацыяльна значныя ініцыятывы, быць гатовым да духоўна-маральнага выхавання і папулярызацыі здаровага ладу жыцця і інш. І ад таго, наколькі кваліфікаванага, падрыхтаванага спецыяліста выпускаюць педкаледжы, УВА, залежыць у далейшым стан усёй сістэмы адукацыі, бо менавіта гэтыя людзі  — аснова сістэмы. Сучасныя ўстановы адукацыі, усведамляючы значнасць гэтых задач, вырашаць іх гатовы. А рабіць гэта лягчэй разам, аб’яднаўшыся ў прафесійную супольнасць, таму зразумела цікавасць спецыялістаў да педчытанняў. Няма сумненняў, што і ў далейшым мерапрыемства будзе важным інструментам удасканалення сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.