Педсавет у форме анлайн­-кейс-­сесіі

- 19:33Портфолио

Праблема развіцця паспяховай асобы вучня шляхам інтэграцыі ў адукацыйны працэс 4К-кампетэнцый была ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў педагагічнага савета гімназіі № 4 Мінска.

Паняцце “лічбавая трансфармацыя працэсаў у сістэме адукацыі” ўсё часцей сустракаецца ў нарматыўнай прававой дакументацыі. 

І кіраўніцтва кожнай установы адукацыі разумее, што ажыццяўленне ўзае­мадзеяння вучняў, педагагічных работнікаў і нават законных прадстаўнікоў з дапамогай сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (далей — ІКТ) — гэта не часовая навамодная з’ява, а лагічная і непазбежная рэаль­насць адукацыйнага працэсу. Таму кіраўніцтва гімназіі № 4 Мінска працягвае арганізоў­ваць педагагічнае ўзаема­дзеянне з дапамогай ІКТ для фарміравання тэхнічнай кампетэнтнасці і інфармацыйнай культуры педагогаў. 

У мінулым навучальным годзе адбылася чарговая спроба правядзення пасяджэння педагагічнага савета ва ўмовах дыстанцыявання з выкарыстаннем платформы Zoom. Формай правядзення пасяджэння была выбрана анлайн-кейс-сесія. 

У працэсе падрыхтоўкі і ў правядзенні педсавета можна вылучыць некалькі этапаў. 

  1. Вывучэнне сутнасці праблемы шляхам педагагічнай асветы. Намі быў праведзены метадычны семінар, выдадзены метадычны бюлетэнь. Да педаго­гаў была данесена сутнасць кожнай з фарміруемых 4К-кампетэнцый, сумесна былі вызначаны асноўныя элементы заняткаў і характарыстыкі заданняў, накіраваных на фарміраванне крытычнага мыслення, крэатыўнасці, камунікацыі і кааперацыі. 
  2. Адпрацоўка педага­гічных тэхнік, якія настаўнікі могуць выка­рыстоўваць падчас пра­вядзення такіх заняткаў. Гэта адбывалася на пасяджэннях творчых груп і метадычных аб’яднанняў. Дастаткова вялікі пералік такіх прыёмаў можна знайсці з дапамогай рэсурсу https://vbudushee.ru/library/pedagogicheskie-tekhniki-dlya-proektirovaniya-urokov/.   
  3. Адпрацоўка навыкаў мадэлявання і правядзення такіх заняткаў. Гэта адбывалася ў новай для нас форме ўрокаў-дуэтаў. Вопытным настаўнікам было прапанавана распраца­ваць і правесці такія заняткі сумесна з маладымі калегамі (настаўнікамі 1-га і 2-га года работы). Пры гэтым намі чарговы раз вырашалася задача трансляцыі ў педагагічным калектыве перспектыўнага вопыту.
  4. Распрацоўка кейсаў. У адпаведнасці з заяўленай тэматыкай і формай правя­дзення пасяджэння педсавета на адным з пасяджэнняў творчай групы былі распрацаваны кейсы. Кейсы разглядаліся як магчымыя сітуацыі з педагагічнай практыкі, якія дэманстру­юць неабходнасць фарміравання ў вучняў 4К-кампетэнцый. Заданні пасля кожнага кейса павінны былі ўключаць дыскусійнае пытанне для аналізу сфарміраванасці ў вучняў крытычнага мыслення, крэатыўнасці, камунікацыі і кааперацыі. Шляхі вырашэння прапанаванай сітуацыі неабходна было прадэманстраваць з дапамогай аднаго з прыёмаў, што адпавядаюць фарміраванню 4К-кампетэнцый. Колькасць кейсаў павінна адпавядаць колькасці груп на пасяджэнні. 
  5. Дакладнае размеркаванне часу на тэарэтычную і практычную частку пасяджэння. Мы выбралі наступны варыянт: падчас першай  канферэнцыі праходзілі выступленні згодна з парадкам дня, затым былі абвешчаны правілы работы ў групах, вызначаны час на падрыхтоўку выступленняў груп (10 мінут); другая канферэнцыя пачалася пасля 10 мінут перапынку выступленнем груп, потым падводзіліся вынікі работы педсавета, прайшло галасаванне па прапанаваных рашэннях. 
  6. Арганізацыя сумеснага абмеркавання пытанняў ва ўмовах дыстанцыявання. На гэтым пасяджэнні мы ўпершыню спрабавалі выкарыстаць інтэрактыўную платформу wooclap.com. Яе перавагамі з’яўляюцца наяўнасць рускай мовы ў інтэрфейсе платформы, вялікі пералік бясплатных інструментаў для арганізацыі ўзаемадзеяння. Важна стварыць інтэрактыўную сцяну для паведамленняў ці для галасавання, загрузіць сваю прэзентацыю на платформу… і застанецца толькі ў неабходны момант адправіць удзельнікам код для адкрыцця сэрвісу. Імгненна на агульным экране з’явяцца адказы ўдзельнікаў пасяджэння ў выгля­дзе воблака слоў, рэйтынгу выбару і інш. (напрыклад, было прапанавана заданне адлюстраваць 3 найбольш важныя ўменні, якімі павінен валодаць сённяшні выпускнік установы агульнай сярэдняй адукацыі).

Для таго каб забяспе­чыць уважлівасць настаўнікаў падчас выступленняў кожнай групы, загадзя было паведамлена, што па выніках усіх выступленняў неабходна будзе прагаласаваць з дапамогай Google-форм за лепшыя групы ў адпаведнасці з прапанаванымі крытэрыямі. Напрыклад, “групы, чые адказы былі самымі змястоўнымі і метадычна правільнымі”, “групы, якія лепш за ўсіх прадэманстравалі ўменне выкарыстоўваць прапанаваныя прыёмы”, “групы, якія працавалі актыўна, з творчым падыходам, калектыўна”. Каб аблегчыць працэс галасавання, друкаваныя варыянты анкеты былі ўключаны ў маршрутныя карткі кожнай групы. 

  1. Афармленне стэндаў у настаўніцкай. Гэта паслужыць натхняльным прыкладам, чарговым заахвочваннем да далейшага ўзаемадзеяння і “кампліментам” калегам за актыўную і творчую працу падчас педсавета. У нас стэнды — гэта не толькі сама інфармацыя пра правядзенне педсавета з загадамі, праграмай падрыхтоўкі, планам правядзення, але і выстава метадычных знаходак на ўроках-дуэтах і падчас рашэння кейсаў. 

У чытачоў можа ўзнік­нуць пытанне, навошта так шмат увагі ўдзяляць метадычнай рабоце з педагогамі? Мы шчыра ўпэўнены, што, сістэмна наладжваючы актыўнае, творчае ўзаема­дзеянне настаўнікаў (у тым ліку з дапамогай электронных рэсурсаў), мы ствараем умовы для ўкаранення сучасных ІКТ у прафесійную дзейнасць кожнага з іх. А гэта не толькі дазволіць нашым калегам забяспе­чыць якасную адукацыю, будзе павышаць матывацыю вучняў да вывучэння прадметаў, але і сфарміруе вобраз сучаснага беларускага настаўніка як прыклад прафесійнай самарэалізацыі і пастаяннага асобаснага развіцця. Кожная сустрэча з такім настаўнікам абавязкова будзе важнай падзеяй у жыцці нашых вучняў!  

Сістэмна наладжваючы актыўнае, творчае ўзаемадзеянне настаўнікаў (у тым ліку з дапамогай электронных рэсурсаў), мы ствараем умовы для ўкаранення сучасных ІКТ у прафесійную дзейнасць кожнага з іх.

Развіваем 4К­кампе­тэнцыі

Прапануем для разгляду на педагагічным савеце прыклады кейсаў.

Варыянт 1.

Аляксандр Пятровіч — малады, але апантаны педагагічнай дзейнасцю настаўнік біялогіі. Пасля чарговых заняткаў ён у роспачы скардзіўся старэйшым калегам, што рыхтаваўся цэлы вечар да ўрока, які, на яго погляд, не ўдаўся:

вучні спрачаліся з Аляксанд­рам Пятровічам, адкрыта выказ­валі сваю думку;

адзін з вучняў нават прынёс у слоіку жывую жабу і прапанаваў правесці яе анатаміраванне для вывучэння ўнутраных органаў;

напрыканцы ўрока настаўнік зразумеў: вучні так добра адказ­валі дамашняе заданне, таму што загадзя дамовіліся аб тым, хто які параграф вучыць і на якое пытанне будзе падымаць руку.

Як бы вы ацанілі ўзровень правядзення такога ўрока? Як гэта ўзаемазвязана з неабходнасцю развіцця 4К-кампетэнцый? З дапамогай тэхнікі “фіш-боўн” пра­аналізуйце паводзіны вучняў і дайце парады маладому калегу, як неабходна далей развіваць здольнасці вучняў. 

Варыянт 2. 

Другі ўрок фізікі дзеці вывучалі з’яву тэрмарэгуляцыі: будавалі графікі, разглядалі малюнкі, рашалі задачы. Віцю заўсёды цяжка было засвойваць змест вучэбнай праграмы па фізіцы. Аднак ён вылучаўся тым, што часта рашаў вучэбныя задачы нестандартным спосабам. І вось на заняткі па тэрмарэгуляцыі ён прынёс тэрмас. Адкрыў яго і прадэманстраваў усяму класу, што на працягу пяці гадзін там змог захавацца лёд.  Настаўніца працягнула аповед Віці, запытала, якія фізічныя законы дапамаглі захаваць лёд у тэрмасе …

Якое ўменне на ўроку прадэманстраваў Віця? Чаму неабходна развіваць у нашых навучэнцаў гэтую кампетэнцыю? З дапамогай прыёму “Летуценнік. Рэаліст. Крытык” выкажыце свае адносіны да неабходнасці развіцця ў навучэнцаў 4К-кампетэнцый. 

Варыянт 3. 

Напярэдадні свята 8 Сакавіка хлопчыкі 6 класа вырашылі пад­рыхтаваць творчы падарунак дзяўчынкам — віншавальную газету. Паміж усімі вучнямі былі размеркаваны даручэнні. Пеця павінен быў прынесці кардон, Ваня — нажніцы, каляровую паперу; Сцяпан — напісаць віншавальныя словы. Калі хлопчыкі сабраліся разам, стала відавочна, што Пеця і Ваня не выканалі сваіх даручэнняў. 

Якая кампетэнцыя не была сфарміравана ў навучэнцаў у дастатковай ступені, што не дазволіла выканаць ім калектыўны праект? Што ўваходзіць у структуру гэтай кампетэнцыі? Прапануйце педагагічныя тэхнікі, пры дапамозе якіх можна развіваць гэтую кампетэнцыю. Вынікі прадэманструйце з дапамогай прыёму “Батарэйка”.  

Варыянт 4 (павінен быць апошнім, будзе лагічным завяршэннем выступлення груп). 

Давайце падвядзём вынікі работы нашых груп. Выкарыстоўваючы прыём “Рамонак Блума”, сфармулюйце кожнай групе па адным пытанні адносна зместу і арганізацыі педсавета. 

  1. Што… ?
  2. Чаму… ?
  3. Што будзе…, калі… ?
  4. Як вам могуць спатрэбіцца… ?
  5. Што вам спадабалася… ?
  6. Дайце параду… .
  7. Ацаніце… . 

(Колькасць пытанняў павінна адпавядаць колькасці груп.) 

Вольга ЛУК’ЯНЧУК, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Мінска.