Пераадольваем дысграфію

Карэкцыйная работа па пераадоленні дысграфіі на аснове парушэння моўнага аналізу і сінтэзу даволі складаны і працяглы працэс.  Адным з кірункаў карэкцыйнай работы па вырашэнні гэтай праблемы з’яўляецца развіццё фанематычнага ўспрымання, фанематычнага аналізу і сінтэзу.

Вучням з дысграфіяй складана вызначыць першы і апошні гук у слове,  назваць яго месца (пачатак, сярэдзіна, канец слова). Самым складаным з’яўляецца вызначэнне паслядоўнасці гукаў у слове, іх колькасці, месца ў адносінах да іншых гукаў (пасля якога гука, перад якім гукам). Гэта форма гукавога аналізу з’яўляецца толькі ў працэсе спецыяльнага навучання.

Лягчэй за ўсё вылучаюцца націскныя галосныя ў пачатку слова (вулей, бусел). Фрыкатыўныя гукі, як больш працяглыя, вызначаюцца лепш, чым выбухныя, як і галосныя, якія лягчэй вылучаюцца ў пачатку слова. Вылучэнне ж выбухных гукаў ажыццяўляецца больш паспяхова, калі яны знаходзяцца ў канцы слова.

У карэкцыйнай рабоце шырока выкарыстоўваю наступныя заданні, гульні, практыкаванні, якія могуць право­дзіцца на любым этапе карэкцыйных заняткаў.

“Здагадайся”. Дзеці вучацца вызначаць колькасць гукаў у слове, прыдумваць словы з зададзенай колькасцю гукаў. Вучню даецца картка з напісанай на ёй лічбай. Ён, не паказваючы картку таварышам, прыдумвае слова з колькасцю гукаў, адпаведнай паказанай лічбе. Астатнія павінны адгадаць, якая лічба напісана на картцы. Або вучань вымаўляе слова і просіць таварышаў вызначыць колькасць гукаў.

“Даведайся, хто ты”. Складанне слова з першых гукаў дадзеных слоў.

Муха, апельсін, лужына, адзенне, карова, ордэн (малако).

“Апошні гук — і слова тут”. Вызначыць апошні гук у слове, запісаць, скласці слова. Сом, сані, камар (мір); сам, рама, кот, кенгуру, стул, гульня (матуля).

“Увага, на старт!” Настаўнік паказвае малюнак. Трэба вызначыць першы гук у яго назве, затым ­падабраць выявы прадметаў (малюнкі ляжаць на парце), якія пачынаюцца з гэтага ж гука (можна вусна). Вызначыць, колькі гукаў у кожным слове, колькі складоў у слове.

“Хто далей”. На дошцы або на аркушы паперы дзве дарожкі, падзеленыя на клетачкі. Удзельнічаюць два вучні — яны шафёры. У кожнага машынка, ракета або лодка. Даецца па тры хады. Трэба падабраць як мага даўжэйшыя словы (кожнае дзяленне — склад ці гук).

“Хто хутчэй”.  На працягу дзвюх хвілін: а) скласці як мага больш слоў на пэўны гук; б) скласці сказ з большай колькасцю слоў; в) скласці словы з 1, 2, 3 і больш складоў. На працягу трох хвілін скласці 3 словы і 3 сказы і г.д.

“Гук і літара”. На працягу пэўнага адрэзку часу неабходна:

  • напісаць 2 літары і 3 гукі. Запі­саць літары, якія не абазначаюць гука. Назваць слова з зададзеным гукам і скласці з гэтым словам сказ і г.д.;
  • падабраць і запісаць у сшытках і на дошцы слова: у якім 4 літары і 4 гукі; у якім колькасць літар роўна колькасці гукаў, больш ці менш;
  • падабраць слова, якое пачынаецца з пятай літары алфавіту. Скласці з ім сказ. Зрабіць гука-літарны аналіз слова;
  • назваць словы з двума галоснымі. Вызначыць колькасць гукаў, літар, складоў;
  • запісаць у сшыткі першыя літары слоў, якія дыктуе дэфектолаг.

Гульня “Кубік”.  Дзеці кідаюць кубік і прыдумваюць слова, якое складаецца з такой колькасці гукаў, колькі выпала на кубіку.

“Слова-загадка”. На дошцы пішацца першая літара слова, замест астатніх літар ставяцца кропкі. Калі слова не адгадана, запісваецца другая літара і г.д.

“Ланцужок слоў”. На дошцы запісана слова, кожнае наступнае павінна пачынацца з апошняй літары папярэдняга слова. (Дом — мак — кот і г.д.)

“Складзі словы”.  Дзецям прапануецца слова, напрыклад, рамонак. За пэўны адрэзак часу трэба скласці як мага больш слоў, якія складаюцца з дадзеных літар: рама, Рома, ранак, рака, нара, кара, мора, рак, рана, корм, камар.

У працэсе выканання практыкаванняў дзеці вучацца вызначаць наяў­насць і месца зададзенага гука ў слове, вылучаць са слоў першы і апошні гук, вызначаць паслядоўнасць і колькасць гукаў у слове. Акрамя таго, яны папаўняюць свой актыўны слоўнікавы запас.

Жанна КОЗЕЛ,
настаўнік-дэфектолаг Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.