Перад законам усе роўныя

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці парушэнняў закона прадстаўнікамі судзейскага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы прапанаваў абмеркаваць праблемы, якія, магчыма, існуюць у рабоце судовай галіны ўлады. Падрабязна гэтая тэма таксама будзе абмяркоўвацца падчас адкрыцця новага будынка Вярхоўнага Суда. “Вы мне павінны сказаць, калі мы адкрыем наш будынак Вярхоўнага Суда, запросім суддзяў. Да гэтага рабочага моманту трэба прымерка­ваць і мерапрыемства прэзідэнта з судзейскім корпусам”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці парушэнняў закона прадстаўнікамі су­дзейскага корпуса. “Я вас вельмі прасіў бы паглядзець уважліва на судзейскі корпус. Мы апошнім часам фіксуем вельмі шмат парушэнняў закона самімі суддзямі. Я разумею, што ў сям’і не без вырадка, розныя людзі бы­ваюць. Але калі атрымліваеш інфармацыю пра супраць­праўную дзей­насць саміх суддзяў, гэта ні ў якія вароты не лезе, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму трэба нейкім чынам акуратна папярэдзіць яшчэ раз, ім напомніць, што перад законам усе роўныя. І судзейскі корпус, выканаўчая ўлада, заканадаўцы. Тут адступленняў быць не можа”.

Прэзідэнт адзначыў, што часта гаворыць пра важнасць справядлівасці, і менавіта судзейскаму корпусу трэба рэалізоўваць гэтую ўстаноўку, адказваць на адпаведнае запатрабаванне насельніцт­ва. “Людзі ў нас вельмі адчувальныя да гэтага. Я заўсёды спасылаюся на Расію. Там людзі звыклыя да ўсякага. Тым не менш попыт на справядлівасць у Расіі ўвесь час расце. Я ўжо не кажу пра беларусаў. У нас гэта яшчэ больш”, — канстатаваў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, судзейскі корпус — своеасаблівая лакмусавая паперка. “Прашу звярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама папрасіў Валянціна Сукалу напярэдадні нарады з праваахоўным блокам даць сваю ацэнку функцыянаванню гэтай сістэмы, асабліва Следчага камітэта. “У вас, як у люстэрку, гэта ўсё адлюстроўваецца. Вы бачыце тэндэнцыі. І я прасіў бы вас, каб вы падрыхтаваліся сур’ёзна да выступлення на гэтай нарадзе і выказалі пазіцыю су­дзейскага корпуса ў цэлым”, — дадаў ён.

Акрамя таго, на сустрэчы абмеркаваны шэраг пытанняў, якія знаходзяцца на кантролі ў прэзідэнта, гучныя крымінальныя справы. “Мне хацелася б ведаць вашу пазіцыю па гэтых справах. Вы бачыце ўсё, ацэнь­ваеце”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Валянцін Сукала адзначыў, што работа судовай сістэмы Беларусі ў мінулым годзе вывучалася спецыяльнай камісіяй, створанай па распараджэнні прэзідэнта. “Агульныя вынікі ёсць. У цэлым пасля рэфармавання аб’яднаная судовая сістэма здольна выконваць задачы, якія стаяць перад ёй, а некаторая аптымізацыя судовых нагрузак і аб’ёмаў правасуддзя дае магчымасць рухацца наперад — паляпшаць якасць і эфектыўнасць правасуддзя. Такія задачы мы сёння ставім перад судзейскім корпусам і судовай сістэмай у цэлым”, — заявіў ён.

Пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы старшыня Вярхоўнага Суда расказаў журналістам, што прэзідэнт даў даручэнне распрацаваць законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Бе­ларусі. “Апошняя амністыя ў нас была чатыры гады назад. Улічваючы, што гэта юбілейная дата, амністыя можа быць шырэйшай, чым яна праходзіла звычайна. Можа закрануць асоб, якія адбываюць пакаранне, у плане скарачэння тэрмінаў пазбаўлення волі. Мы з МУС пачнём распрацоўку такога праекта закона”, — сказаў Валянцін Сукала.