Перадавыя напрацоўкі акумулююцца ў БДПУ

- 13:31Абитуриент

Правесці канікулярны час з карысцю змаглі адзінаццацікласнікі многіх школ і гімназій краіны. Універсітэты праводзілі дні адкрытых дзвярэй. Тыдзень адкрытых дзвярэй у анлайн­фармаце прайшоў і ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў, выкладчыкі і студэнты расказвалі пра асаблівасці паступлення і навучання, умовы засялення ў інтэрнаты, насычанае навуковае, культурнае і спартыўнае жыццё ўніверсітэта.

Напрыклад, на прыродазнаўчым факультэце патэнцыяльным абітурыентам і іх бацькам расказвалі пра спецыяльнасці факультэта, умовы прыёму на 2022 год. Асобна гаварылі пра катэгорыі абітурыентаў, якія карыстаюцца перавагай пры залічэнні. Гэта выпускнікі педагагічных класаў, абітурыенты, які маюць мэтавае накіраванне, і медалісты (на спецыяльнасць “Біялогія і геаграфія”). Будучыя абітурыенты азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі і навуковай дзейнасцю студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый на кафедрах факультэта, маладзёжнай валанцёрскай структурай зялёнага кірунку Green office BGPU, з дзейнасцю STEAM-цэнтра.

Удзельнікамі дня адкрытых дзвярэй гістарычнага факультэта сталі навучэнцы гімназій №№ 174, 20, 40 Мінска, у якіх актыўна дзейнічаюць філіялы факультэцкіх кафедр. Тут будучыя абітурыенты цікавіліся не столькі нюансамі паступлення, колькі нюансамі навучання. А ўмовы навучання ў вядучым педагагічным універсітэце краіны ўвесь час удасканальваюцца.

Універсітэт актыўна ўкараняе новыя тэхналогіі, сучасныя метады, формы і сродкі навучання, якія абапіраюцца на цесную інтэграцыю адукацыі, навукі і практыкі. Інтэрактыўныя кабінеты са спецыяльным абсталяваннем, аўдыторыі-трансформеры, электронныя падручнікі, віртуальныя лабараторныя практыкумы — усё для больш эфектыўнага засваення матэрыялу, фарміравання ўмення працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі. На базе БДПУ дзейнічаюць разнапрофільныя рэсурсныя цэнтры — сацыяльна-педагагічных тэхналогій, інклюзіўнай адукацыі, адукацыйнай робататэхнікі, псіхалагічнай дапамогі. Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што ва ўніверсітэце акумулююцца перадавыя педагагічныя напрацоўкі.

Пра гэта падчас завяршаючай ты­дзень адкрытых дзвярэй анлайн-канферэнцыі з прыёмнай камісіяй гаварыў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі Віталь Ёцюс. Віталь Альгімантавіч паведаміў самую актуальную інфармацыю аб правілах і тэрмінах прыёму, прахадных балах мінулага года, ільготах пры паступленні ў БДПУ.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тое, што на факультэце фізічнага выхавання ў прыёмную кампанію 2022 года будзе ажыццяўляцца набор на тры спецыяльнасці, а не на пяць, як было раней. Гэта “Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турыстычна-рэкрэацыйная дзейнасць”, “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)”, “Спартыўна-турыстычная дзейнасць (менеджмент у турызме)”.

Будучыя абітурыенты цікавіліся, як можна засяліцца ў інтэрнат (у БДПУ, дарэчы, засяляюць усіх), якія ўмовы пры паступленні існуюць для льготнікаў, што прапануецца сіротам. Пыталіся пра тое, чым адрозніваюцца спецыяльнасці “Псіхалогія” і “Практычная псіхалогія” і што стаіць за паняццем “агульны конкурс”. Усяго падчас тыдня адкрытых дзвярэй было зафіксавана больш за 170 падключэнняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.