Перадумова выніковасці — сістэмная праца

У Віцебску прайшоў двухдзённы семінар для спецыялістаў, якія забяспечваюць арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, структурных падраздзяленняў абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі абласных інстытутаў развіцця адукацыі, абласных і рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, супрацоўнікі ўстаноў адукацыі рэспубліканскага падпарадкавання абмеркавалі сучасныя падыходы да рэалізацыі Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2016—2020 гады. Адкрыццё семінара-практыкуму адбылося ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

Фота да матэрыяла: Перадумова выніковасці — сістэмная праца.— Выхаваўчы патэнцыял сістэмы адукацыі краіны накіраваны на актыўнае садзейнічанне асобаснаму станаўленню грамадзяніна і патрыёта, прафесіянала-працаўніка, адказнага сем’яніна, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Тамільчык. — У рамках семінара мы павінны на прыкладзе Віцебскай вобласці не толькі прааналізаваць выкананне Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2016—2020 гады з улікам рэгіянальных асаблівасцей, але і разгледзець новыя падыходы да арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў цэлым. На наступным этапе рэалізацыі праграмы важна забяспечыць далейшае ажыццяўленне яе мерапрыемстваў, накіраваных на сістэматычнае аднаўленне, удасканальванне зместу ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў кожнай установе адукацыі з улікам сучасных дасягненняў навукі і практыкі, запытаў моладзі і грамадства, арыентаванасці на прымяненне ведаў, уменняў і навыкаў у рэальных жыццёвых умовах.

Э.В.Тамільчык асобна акцэнтаваў увагу на тым, што праграма бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі ўключае ў сябе шырокі спектр інавацыйных форм і напрамкаў работы, доўгатэрміновых акцый і сумесных мерапрыемстваў з усімі зацікаўленымі суб’ектамі, у першую чаргу з БРСМ і БРПА, ГА “Белая Русь”, прафсаюзнымі і ветэранскімі арганізацыямі. У мэтах далейшага ўдасканальвання навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы выхавання праводзіцца шэраг фундаментальных і прыкладных даследаванняў. З улікам сучасных рэалій адноўлены крытэрыі і паказчыкі ацэнкі якасці выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, распрацоўваецца адпаведны метадычны інструментарый для класнага кіраўніка, куратара. Немалаважным у рэалізацыі праграмы з’яўляецца забеспячэнне высокага ўзроўню кадравага патэнцыялу. Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, развіццё гатоўнасці да вырашэння праблем і сучасных задач выхавання ажыццяўляецца праз работу пастаянна дзеючых ва ўсіх рэгіёнах вучэбна-метадычных аб’яднанняў.

Найважнейшы складнік выхаваўчай і ідэалагічнай работы — фарміраванне інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Прыярытэтнай задачай устаноў адукацыі на найбліжэйшую перспектыву з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання. Планаванне гэтай работы прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў навучэнцаў любові да малой радзімы, каштоўнасных адносін да гісторыі і культуры роднага краю, пачуцця прыналежнасці да яго мінулага і сучаснасці, адказнасці за будучыню. Ва ўстановах адукацыі сталіцы і рэгіёнах актывізавана работа школьных музеяў па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў, папаўненні музейных фондаў, правядзенні на базе музеяў тэматычных мерапрыемстваў, выстаў, экскурсій. Адным з вядучых напрамкаў выхавання з’яўляецца турыстычна-экскурсійная работа. Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства складзены і размешчаны на сайце даведнік музеяў устаноў адукацыі краіны ўсіх узроўняў, Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму падрыхтаваны прапановы па наведванні навучэнцамі найбольш значных, вядомых і папулярных экскурсійных аб’ектаў Беларусі.

Сярод найважнейшых мерапрыемстваў Года малой радзімы Эдуард Тамільчык назваў XVIII Рэспубліканскую выставу навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Установам адукацыі трэба актывізаваць дзейнасць па ажыццяўленні комплексу мерапрыемстваў, звязаных са знакавымі для краіны юбілейнымі датамі, рэалізацыі маладзёжных грамадска значных ініцыятыў і праектаў, вучнёўскага самакіравання, а таксама па выхаванні паважлівых адносін да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь (у тым ліку правесці агляды-конкурсы на лепшы куток дзяржсімволікі), вывучэнні айчыннага выбарчага заканадаўства, найноўшых дасягненняў у сацыяльна-эканамічнай, навуковай, спартыўнай, культурнай сферах, правядзенні сацыяльна значных культурных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый.

У выступленні была дадзена прынцыповая ацэнка рабоце айчыннай сістэмы адукацыі па рэалізацыі праграмы. Эдуард Валянцінавіч прывёў прыклад станоўчага вопыту рэгіёнаў і разам з тым падкрэсліў: ідэалогія і выхаванне ва ўстановах адукацыі патрабуюць укаранення новых форм і больш эфектыўных метадаў. Работа павінна ажыццяўляцца ў строгай адпаведнасці з праграмна-плануючай дакументацыяй, метадычнымі рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі. Пры планаванні мерапрыемстваў на шосты школьны дзень неабходна ўлічваць меркаванні і прапановы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Для выканання пастаўленых задач варта больш шырока задзейнічаць магчымасці ІТ, сайтаў устаноў адукацыі, выкарыстоўваць больш разнастайныя формы правядзення інфармацыйных гадзін, у рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” запрашаць на сустрэчы з навучэнцамі вядомых і аўтарытэтных у сваёй сферы дзейнасці людзей, удасканальваць узаемадзеянне з бацькамі, актывізаваць работу па прафілактыцы негатыўных з’яў і дэвіянтных паводзін, стварэнні спрыяльнага мікраклімату, развіцці культуры педагагічных зносін, дыялогу, фарміраванні іміджу сучаснага педагога як носьбіта этычных каштоўнасцей.

Больш падрабязна з рэгіянальнымі асаблівасцямі рэалізацыі Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2016—2020 гады ў Паўночным рэгіёне ўдзельнікаў семінара азнаёміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. Праграма семінара прадугледжвала наведванне і вывучэнне вопыту работы педагагічных калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі абласнога цэнтра. Практычны складнік мерапрыемства ўключаў цікавыя майстар-класы, прэзентацыі і выставы, азнаямленне з адукацыйнымі і творчымі праектамі ўстаноў адукацыі. Вынікі работы былі падведзены ў фармаце адкрытага мікрафона. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі меркаваннямі і найбольш яркімі ўражаннямі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Тамільчык:

— У нас ёсць мноства методык, ёсць добрая база, але нельга не пагадзіцца са словамі класіка: усё найперш залежыць ад асобы. Калі мы бачым кіраўніцтва адукацыі рэгіёна, дырэктара школы і гімназіі як асобу, бачым педагагічную каманду і тое, што яна накіравана на перамогу, тады мы дакладна пераможам. Колькі ні глядзеў у вочы настаўнікам сёння і ўчора, не сустрэў апатыі і абыякавасці. Педагогі жывуць сваёй справай, гараць жаданнем працаваць, несці дабро, ствараць — і вядуць за сабой дзяцей, а кіраўнікі ўстаноў адукацыі — свае калектывы.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч:
— Сёння мы працуем адзінай камандай. На ўзроўні Міністэрства адукацыі выбудавана стратэгія, якая дазваляе нам працаваць і развівацца на ўсіх адукацыйных узроўнях менавіта ў сістэме. Безумоўна, любую справу робяць людзі, і мы нашых педагогаў цэнім, паважаем, падтрымліваем і стымулюем. Рэгіянальная адукацыйная мадэль мае значны патэнцыял і дазваляе дасягнуць высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні навучэнцаў, арганізацыі даследчай дзейнасці, алімпіяднага руху.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Папова:

— Асабіста мяне проста пакарыла гімназія № 4 Віцебска: тыя пятнаццаць напрамкаў, якія яны захавалі ў сваім эстэтычным выхаванні, — з’ява ўнікальная і дарагога вартая.

Начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ірына Драбышэўская:

— Хачу адзначыць цікавы вопыт рэгіёна па арганізацыі маладзёжнага валанцёрскага руху. У цэлым па кожным напрамку ёсць чаму павучыцца.

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Янаўна Даўгун:

— У гарадскім Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі нам паказалі батлеечны міні-спектакль пра тое, як людзі цэняць і паважаюць адно аднаго. Гэтая каштоўнасць кожнага чалавека бачна ў рабоце з дзецьмі. Вельмі хацелася б наладзіць больш цесныя кантакты паміж нашымі ўстановамі адукацыі, абменьвацца вопытам.

Намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алена Клімянкова:

— Незабыўнае ўражанне ў мяне пакінула знаёмства з гімназіяй № 2 Віцебска і яе дырэктарам Канстанцінам Кісялёвым — яны проста супер па ўсіх напрамках! За гэты час мы ўсе сталі сябрамі.

Намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая:

— Хацела б адзначыць работу гімназій №№ 8 і 4 Віцебска: выдатныя педагагічныя калектывы, якія вынікова дзейнічаюць у адной камандзе. І, карыстаючыся выпадкам, хачу пажадаць, каб творчы патэнцыял гімназіі № 4 неўзабаве знайшоў адлюстраванне ў экспазіцыі новага музея або выставачнага комплексу. На Віцебшчыне варта развіваць педагагічны турызм, як мы гэта робім у Мінску. Мне вельмі спадабаўся праект узаемадзеяння сістэмы адукацыі з турыстычным агенцтвам. Мудра, моцна, запатрабавана. Пашырайце і паказвайце вашу дзейнасць.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Васільчанка:

— Сёння для таго, каб прывабіць дзяцей, неабходна сучасная вучэбна-матэрыяльная база, і я вельмі рада, што ўстановы дадатковай адукацыі рэгіёна атрымліваюць новае жыццё дзякуючы маштабнай фінансавай падтрымцы мясцовай улады. Момант не новы: лепшае папярэджанне асацыяльных з’яў — карысная і цікавая занятасць дзяцей і падлеткаў. Калі здолеем яе забяспечыць, можам быць упэўнены ў нашай будучыні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.