Пераехаць у Беларусь, каб траціць менш

- 11:40Інфармацыйная гадзіна

Фінансава-кансультацыйны партал GOBankingRates апублікаваў топ-50 краін, у якіх расходы на жыццё самыя нізкія і куды варта пераехаць, каб траціць менш. Беларусь у рэйтынгу заняла 27-ю пазіцыю.

“У Беларусі, на фоне чароўнай прыроды, сярод палацаў і крэпасцей, вы адчуеце сябе як у казцы. Кошт жыцця тут на 66 працэнтаў ніжэйшы, чым у Нью-Ёрку”, — гаворыцца ў каментарыі gobankingrates.com. Згодна з інфармацыяй аўтараў даследавання, цэны на прадукты ў Беларусі складаюць толькі 28 працэнтаў ад нью-ёркскіх, а арэнда жылля абыдзецца на 89 працэнтаў танней.

Год назад у гэтым рэйтынгу Беларусь займала 50-е месца.

Самай таннай для жыцця краінай у свежым рэйтынгу названа Індыя. Далей у рэйтынгу размясціліся Саудаўская Аравія і Пакістан. З краін СНД у топ увайшлі Украіна (6-е месца), Малдова (19), Казахстан (31), Арменія (34), Азербайджан (35). Кітай займае 37-ы радок рэйтынга.

Адзначаецца, што былі прааналізаваны даныя па 115 краінах свету, кошт расходаў параўноўваўся з цэнамі ў Нью-Ёрку.

Краіны ацэньваліся па пяці асноўных паказчыках: індэкс пакупной здольнасці (вымярае адносную пакупную здольнасць у краіне ў параўнанні з Нью-Ёркам), індэкс арэнднай платы за жыллё, індэкс харчовых тавараў, індэкс кошту жыцця (што ўключае расходы на мясцовыя тавары і паслугі, такія як транспарт і камунальныя паслугі) і індэкс цэн у рэстаранах, які параўноўвае цэны на стравы і напіткі ў рэстаранах і барах.