Пераемнасць дзіцячага саду і школы

- 10:38Нам пішуць

Ні для кога не сакрэт, што ў дашкольным узросце неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу фарміраванню і развіццю ўспрымання, уяўлення, мастацка-творчай дзейнасці. У нашай установе адукацыі пераемнасць паміж школай і дзіцячым садам заключаецца не толькі ў навучанні, але і ў выхаванні.

Сталі традыцыйнымі сустрэчы школьнікаў з дашкольнікамі. Дзеці робяць сваімі рукамі цацкі, кніжкі і прыносяць іх малым. Піянеры і акцябраты развучваюць і паказваюць казкі і музычныя п’есы, агітбрыгады “Шануй законы дарог”, “Запалкі не цацка”, “Вітамінавы карагод” і іншыя. Школьнікі дапамагаюць выхавальнікам у правядзенні ранішнікаў, свят. Дашкаляты з задавальненнем сустракаюць старэйшых таварышаў. Сумесны ўдзел малодшых школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага сада ў святах і спаборніцтвах спрыяе развіццю таварыскасці і камунікабельнасці малых, а старэйшыя назапашваюць вопыт зносін з маленькімі.

Быць гатовым да школы — не значыць умець чытаць, пісаць, лічыць. Быць гатовым да школы — значыць быць гатовым усяму гэтаму навучыцца.

Тамара МАЦКЕВІЧ,
педагог-арганізатар Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.