Пераемнасць пакаленняў: пра вопыт работы з маладымі педагогамі расказвае Ніна Аляшкевіч

- 9:00Главная, Образование

Дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Ніна Аляшкевіч згуртавала вакол сябе каманду сапраўдных прафесіяналаў. Сёння пад яе кіраўніцтвам працуюць чатыры маладыя педагогі, двое з якіх — яе намеснікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Заўважыць таленты

У далёкім 1983 годзе выпускніца хімічнага факультэта БДУ Ніна Аляшкевіч вярнулася ў родную Старасвержанскую школу, якую калісьці скончыла сама, і працягнула высакародную справу сваіх настаўнікаў — пачала вучыць дзяцей.

— У маёй сям’і педагогаў не было, усе працавалі ў сферы сельскай гаспадаркі, — расказвае пра сябе Ніна Іванаўна. — Але дзякуючы таму, што ў мяне былі цудоўныя школьныя настаўнікі, з выбарам прафесіі доўга не вагалася. Мне хацелася вучыць дзяцей так, як вучылі нас. Хацелася захо­дзіць у клас і лавіць на сабе цікаўныя позіркі, даносіць дзецям самае важнае і неабходнае — веды, якія заўтра ім абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Ніна Іванаўна з цеплынёй і павагай успамінае сваіх школьных педагогаў, адзначаючы, што ў кожнага з іх было чаму павучыцца.

— Маім класным кіраўніком быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Мікалаевіч Стома, а беларускую мову я палюбіла дзякуючы Фаіне Іосіфаўне Галынскай, — прыгадвае сваіх настаўнікаў дырэктар. — Матэматыцы мяне вучыла Ірына Міхайлаўна Гайко, дарэчы, ёй у жніўні мінулага года споўнілася 90 гадоў. І сувязь мы падтрымліваем дагэтуль.

Прафесійны шлях Ніны Іванаўны Аляшкевіч пачынаўся з пасады педагога-арганізатара. Так, гэта цікавая роля, але маладой настаўніцы хацелася вучыць, менавіта ў гэтым яна бачыла сваё прызванне і настойліва ішла да яго.

— Помню, як прыйшла да дырэктара Казіміра Казіміравіча Сідаровіча і сказала яму пра гэта, — дзеліцца ўспамінамі кіраўнік школы. — Нам якраз быў патрэбен настаўнік пачатковых класаў, і я з задавальненнем пайшла на гэтую пасаду. Праз некалькі гадоў стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай, а затым — па вучэбнай рабоце.

Кіраўніцкі вопыт Ніны Іванаўны — 25 гадоў, амаль 20 з якіх яна працуе дырэктарам Старасвержанскай сярэдняй школы.

— На гэтую пасаду мяне прызначыла былы кіраўнік абласнога ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таіса Іванаўна Данілевіч, — дадае педагог. — Вёска Стары Свержань стала першым аграгарадком Стаўбцоўскага раёна, а значыць, наша школа на той момант была адзінай установай адукацыі, якая размяшчалася ў вёсцы новага тыпу. Прымаць школу пасля капітальнага рамонту прыязджалі былы губернатар Мікалай Іванавіч Дамашкевіч і Таіса Іванаўна Данілевіч — ім я прэзентавала нашу работу.

Разважаючы пра тое, якімі якасцямі павінен валодаць дырэктар школы, Н.І.Аляш­кевіч заўважае, што сучасны кіраўнік — вялікі прафесіянал, які дасканала валодае нарматыўнай і заканадаўчай базай. Адказнасць і патрбавальнасць да самога сябе таксама важныя якасці.

— Свае функцыі дырэктар павінен выконваць так, каб усе разумелі, з каго варта браць прыклад, — падкрэслівае педагог. — Разам з патрабавальнасцю кіраўнік павінен быць чулым і ўважлівым да кожнага работніка ўстановы адукацыі. Я ўпэўнена, што дырэктар павінен прыходзіць у школу з усмешкай і добрым настроем, каб ствараць у калектыве спрыяльную рабочую атмасферу.

Падказваць і дапамагаць калегам у планаванні ўрокаў, вучыць іх не баяцца дзяліцца сваім вопытам і ўмець заўва­жаць у школьніках таленты — у гэтым Ніна Іванаўна таксама дапамагае сваім настаўнікам.

— Я ганаруся сваімі калегамі, — прызнаецца Н.І.Аляшкевіч. — Дзякуючы даўняй дзейнасці па ўсебаковым развіцці нашых вучняў, мы вызначылі асноўныя кірункі работы з імі. Многа гадоў супрацоўнічаем з Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ. Вучні пад кіраўніцтвам Людмілы Валянцінаўны Вайдзілевіч пішуць даследчыя і творчыя работы, а за мінулы год атрымалі 14 дыпломаў за супрацоўніц­тва з інстытутам. У нашай школе працуе цудоўная настаўніца музыкі Надзея Іванаўна Зубовіч, якая кіруе ўзорным калектывам народнай песні “Першацвет”. Не так даўно яе вучні прымалі ўдзел у рэспубліканскім гала-канцэрце “Прывітанне, свет!”, дзе паказалі доб­рыя вынікі.

Народнай аматарскай студыяй “Чароўная саломка” Старасвержанскай сярэдняй школы кіруе народны майстар Аліна Антонаўна Халявінская. Дзякуючы ёй дзеці зай­маюцца ткацтвам, выцінанкай, саломапляценнем, дранкай. Сярод дасягненняў школьнікаў за мінулы год — 20 дыпломаў раённага фестывалю-конкурсу “Ганаруся Стаўбцоўскім краем”.

— Узнагароды вучні атрымалі дзякуючы настаўнікам пачатковых класаў, якія рыхтавалі іх да фестывалю, — дадае кіраўнік школы. — Лічу, што, акрамя іншага, задача педагогаў — прывіваць любоў да роднага краю, да малой радзімы. А нам ёсць чым і кім ганарыцца: мы жывём на радзіме знакамітага народнага песняра Якуба Коласа.

Знайсці сваё прызванне

Не толькі вопытнымі педагогамі ганарыцца дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы. Сёння Н.І.Аляшкевіч дапамагае ў прафесійным станаўленні маладым настаўнікам. Як калісьці ў яе, выпускніцу БДУ, паверыў дырэктар школы, так сёння і Ніна Іванаўна вядзе за руку сваіх пачынаючых калег.

— Цяпер у мяне працуюць чатыры маладыя настаўнікі, два з якіх — намеснікі па выхаваўчай і вучэбнай рабоце, — працягвае знаёміць з калектывам дырэктар. — Назначаючы іх, я звяртала ўвагу на такія якасці, як творчасць, крэатыўнасць, гіб­касць. Мае намеснікі старанныя, добрасумленныя і адказныя.

Стварыць камфортныя, спрыяльныя ўмовы для работы — гэта толькі пачатак. Іншае пытанне: як утрымаць спецыялістаў на сваім першым месцы работы пасля адпрацоўкі, ды яшчэ і ў вясковай школе?

— Чатыры гады назад да нас пасля заканчэння Салігорскага дзяржаўнага кале­джа прыйшоў настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Гайкевіч, які пасля адпрацоўкі застаўся ва ўстанове адукацыі, — зазначае Ніна Іванаўна. — Яму вельмі падабаецца ў нашым калектыве, падабаецца праца­ваць з вясковымі дзецьмі. Аляксандр Ігаравіч умее знаходзіць з вучнямі агульную мову і далучае іх да ўдзелу ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню.

За час работы Н.І.Аляшкевіч вырасціла не адно пакаленне настаўнікаў. Сённяшнія педагогі, безумоўна, адрозніваюцца ад сваіх старэйшых калег, але гэтыя змяненні прадыктаваны часам.

— Назіраючы за сучаснымі дзецьмі і маладымі спецыялістамі, бачу, што маё пакаленне было больш патрабавальным да сябе, — падкрэслівае педагог. — Мы ў першую чаргу сваёй працай паказвалі (і цяпер паказваем) прыклад іншым, бо разумелі, што ад нашага старання залежыць не толькі тое, якой будзе наша школа. Ад нашай работы залежала паспяховасць усяго Стаўбцоўскага раёна і нават Міншчыны. Але час змяніўся — маладое пакаленне паводзіць сябе крыху іначай.

Тры гады назад у Старасвержанскую сярэднюю школу прыйшла працаваць выпускніца БДПУ імя Максіма Танка Вольга Рушанян. Сёння Вольга Міхайлаўна выкладае хімію і біялогію і займае пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Дзякуючы Ніне Іванаўне адаптацыя на першым рабочым месцы прайшла непрыметна, — прызнаецца настаўніца. — Безумоўна, падчас першых урокаў я вельмі хвалявалася і звярталася па параду да старэйшых калег і дырэктара. Сёння магу сказаць, што з установай адукацыі і калектывам мне вельмі пашанцавала. А яшчэ я люблю выкла­даць свае прадметы. Мне вельмі падабаецца, калі заўважаю, што змагла зацікавіць дзяцей тэмай.

Пасля таго як настаўніцу прызначылі на пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, абавязкаў і адказнасці ў яе стала больш. Але Вольга Міхайлаўна ведае: з якімі б цяжкасцямі яна ні сутыкнулася, ёй ёсць да каго звярнуцца па дапамогу.

— Дзверы Ніны Іванаўны заўсёды для нас адчынены, — прызнаецца В.Рушанян. — Я малады намеснік, многае для мяне з’яўляецца новым, таму не саромеюся прыходзіць да кіраўніка і задаваць пытанні. У адказ заўсёды чую словы падтрымкі, што надае ўпэўненасці ў сваіх сілах, хочацца яшчэ больш працаваць, каб адпавядаць узроўню старэйшых калег.

Яно і нядзіўна: у настаўнікаў перад вачыма — цудоўны прыклад. Нягледзячы на загружанасць адміністрацыйнай работай, Н.І.Аляшкевіч дагэтуль выкладае.

— Люблю настаўніцтва за тое, што пастаянна знаходжуся побач з дзецьмі, — падсумоўвае дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы. — З імі адчуваеш сябе лёгка і свабодна. Дзеці ва ўсе часы былі шчырымі, адкрытымі, справядлівымі і прынцыповымі і застаюцца такімі ж. Мне дагэтуль цікава працаваць з імі, вучыць таму, што ўмею сама. Калі гляджу на іх, хочацца, каб яны правільна вызначыліся з будучай прафесіяй і знайшлі сваё прызванне.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА